Іосіф Васілевіч Воўк-Левановіч () — беларускі мовазнавец.
Біяграфія Нарадзіўся 25 кастрычніка (6 лістапада) 1891 года на хутары Лявонаўка Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер — Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці).
У 1911 годзе скончыў Бабруйскую гімназію і паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. З пачаткам Першай сусветнай вайны пайшоў добраахвотнікам у войска. Быў паранены. У лютым 1918 года дэмабілізаваўся, вярнуўся на Радзіму. Тут перажыў нямецкую і польскую акупацыі. Выкладаў у Бабруйскай і Клецкай гімназіях рускую і лацінскую мовы. У жніўні 1920 года мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Дэмабілізаваўся ў 1922 годзе. У 1923 годзе кончыў Петраградскі ўніверсітэт. Прыехаў у Мінск, дзе выкладаў беларускую мову ў польскім і яўрэйскім педтэхнікумах. З лютага 1924 года — у БДУ на кафедры гісторыі беларускай мовы. Адначасова з 1927 года - навуковы сакратар Камісіі па ўкладанні гістарычнага слоўніка беларускай мовы Інбелкульта. У 1929—1930 гадах працаваў у Інстытуце мовазнаўства БелАН. Асноўныя сферы навуковых інтарэсаў — гісторыя беларускай мовы і беларуская дыялекталогія. У верасні 1930 года вымушаны выехаць з Беларусі. Працаваў у Саратаве ва ўніверсітэце, з 1931 года — у педінстытуце.
У 1934 годзе быў арыштаваны мясцовым прадстаўніцтвам ДПУ, знаходзіўся пад вартай на працягу трох месяцаў, але адпушчаны без прад’яўлення абвінавачванняў. Хутка пераехаў у Арэнбург, жыў па адрасе: вул. Савецкая, 21. З верасня 1934 года прыступіў да працы ў Арэнбургскім педагагічным інстытуце на пасадзе загадчыка кафедры рускай мовы і літаратуры.
17 верасня 1937 года арыштаваны органамі НКУС па Арэнбургскай вобласці, беспадстаўна абвінавачаны ва ўдзеле ў «контрэвалюцыйнай, тэрарыстычнай і дыверсійна-шкодніцкай арганізацыі». Уключаны ў спіс асоб, якія падлягаюць рэпрэсіям па першай катэгорыіРГАСПИ, ф.17, оп.171, дело 413, лист 304. Список от 22 декабря 1937 г. (Оренбургская область) — 1-я категория.. 2 лютага 1938 года Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР прыгавораны да расстрэлу, які неадкладна быў выкананы.
Творы Лекцыі па гісторыі беларускай мовы. Уступ і фанетыка. Мн., 1927 (факсімільнае выданне, 1994); Гістарычнае вывучэнне беларускай мовы ў славянскай філалогіі: Гісторыка-метадалагічны нарыс // Працы БДУ. 1925, № 6-7. С. 98—127; Мова выданняў Францішка Скарыны // Чатырохсотлецце беларускага друку. Мн., 1926. С. 262—283; Форма «прошлага ў будучым» (буду-лъ) у мове дакументаў «Літоўскай метрыкі» // Працы БДУ. 1927. Т. 16; Ещё к вопросу о «ляшских» чертах в белорусской фонетике // Slavia (Praha). 1930. R. 9. S. 500—523.
Памяць 21 снежня 2021 года ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбыўся круглы стол «І. В. Воўк-Левановіч і беларуская гістарычная лексікаграфія 20-х гг. ХХ ст.», прымеркаваны да 130-годдзя нараджэння вучонага і да 100-годдзя Iнстытута беларускай культуры.
Крыніцы
Літаратура Германовіч І. К. Беларускія мовазнаўцы: Нарысы жыцця і навуковай дзейнасці. Мн., 1985. С. 115—126.
Спасылкі
Лингвистическая дискуссия с расстрелом. Фрагменты биографии Осипа Волк-Левановича // СБ, 28.08.2009 ВОЛК-ЛЕВАНОВИЧ Иосиф Васильевич //
Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Мовазнаўцы Беларусі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Асіповіцкім раёне Катэгорыя:Выпускнікі Бабруйскай гімназіі