Лік — граматычная катэгорыя, якая служыць для выражэння колькасці.
Поруч з паказчыкамі ліку сродкамі выражэння колькасці ў мове могуць быць лічэбнікі (адзін, пяць), некаторыя назоўнікі, прыметнікі і прыслоўі (пара, сотня, адзіны, некалькі, многа і інш.).
Мовы, у якіх ёсць лексічныя сродкі выражэння колькасці, але адсутнічаюць граматычныя сродкі (граматычныя катэгорыі ліку) сустракаюцца вельмі рэдка (напрыклад, в’етнамская, лаоская мовы і інш.). Мовы без граматычнай катэгорыі ліку — з’ява яшчэ больш рэдкая, чым мовы без катэгорыі роду, склону і пэўнасці/няпэўнасці.
Адрозніваюць: семантычную граматычную катэгорыю ліку назоўнікаў і асабовых займеннікаў (субстантыўны лік), сінтаксічную (дапасавальную) граматычную катэгорыю ліку прыметнікаў і дзеясловаў.
У беларускай мове У сучаснай беларускай мове адрозніваюцца дзве формы ліку: адзіночны і множны, якія размяжоўваюць прадметы паводле іх колькасных суадносін (стол — сталы) ці значэння (выбар — выбары). Асноўныя сродкі іх выражэння — канчаткі (дом — дамы), словаўтваральныя афіксы (неба — нябёсы), суплетывізм асноў (я — мы). У нескланяльных назоўнікаў форма ліку выражаецца сінтаксічна па форме дапасаванага азначэння: легкавое таксі — легкавыя таксі.
Адналікавыя і парналікавыя назоўнікі Большасць назоўнікаў мае суадносныя формы адзіночнага і множнага лікаў (парналікавыя). Пэўная частка назоўнікаў не ўтварае адпаведных пар і выступае ў пастаяннай форме толькі адзіночнага ліку (адзіночналікавыя, або singularia tantum) ці толькі множнага (множналікавыя, або pluralia tantum).
Да адзіночналікавых назоўнікаў адносяцца: рэчыўныя: вугаль, капуста, малако; зборныя: смецце, сялянства, галлё; большасць абстрактных, якія абазначаюць дзеянне, працэс, псіхічны стан, прыметы і іншае: дабро, блакіт, смех; назвы формаў дзяржаўнага і грамадскага ладу, плыняў мастацтва, галін навукі: кансерватызм, рэалізм, лінгвістыка; назвы напрамкаў свету: поўдзень, поўнач, захад, усход; назвы месяцаў: студзень, красавік, ліпень; уласныя назвы: Беларусь, Еўропа, Іван.
Многія з пералічаных адзіночналікавых назоўнікаў у асобных кантэкстах могуць мець і форму множнага ліку, але пры гэтым яны набываюць не граматычнае значэнне множнасці, а новае лексічнае значэнне.
Да множналікавых адносяцца назоўнікі, якія абазначаюць: канкрэтныя прадметы, што складаюцца з дзвюх або некалькіх аднолькавых частак: акуляры, дзверы, сані; рэчывы, прадукты, адыходы вытворчасці: дрожджы, зёлкі, памыі; гульні, звычаі, абрады, святы: каляды, шахматы, імяніны; прамежкі часу ці прасторавыя паняцці, прыродныя з’явы: замаразкі, суткі, канікулы; сукупнасць чаго-небудзь як мноства: грошы, нетры, фінансы; ад’ектыўныя назоўнікі, якія з’яўляюцца батанічнымі і заалагічнымі тэрмінамі, некаторыя сельскагаспадарчыя тэрміны : млекакормячыя, цытрусавыя, азімыя; некаторыя ўласныя назвы: Альпы, Філіпіны, Пухавічы.
Множналікавыя назоўнікі, што абазначаюць прадметы, якія можна пералічыць (вароты, граблі, сані), а таксама прамежкі часу (суткі, канікулы) не пазбаўлены супрацьпастаўлення «адзінкавасць — множнасць». Значэнне ліку ў іх выражаецца сінтаксічна: адзіночнага — спалучэннем са словам адны ў яго лічбавым сэнсе (адны сані, адны вароты, адны суткі), множнага — спалучэннем са зборнымі ці колькаснымі лічэбнікамі (двое варотаў, трое саней, пяць сутак, некалькі сутак). Усе астатнія множналікавыя назоўнікі з лічэбнікамі не спалучаюцца і не здольныя выражаць супрацьпастаўленне «адзінкавасць — множнасць».
Лік у розных часцінах мовы Супрацьпастаўленне адзіночнага ліку множнаму ў граматычнай сістэме ажыццяўляецца шляхам супрацьпастаўлення дзвюх парадыгмаў: у назоўніку — усіх шасці склонаў адзіночнага ліку шасці адпаведным склонам множнага, у дзеяслове — усіх трох асоб адзіночнага ліку адпаведным тром асобам множнага і г. д. Такім чынам, граматычнае значэнне ліку выражаецца сістэмай склонавых канчаткаў у скланяльных і асабовых канчаткаў у спрагальных часцін мовы.
Лік як граматычная катэгорыя ўласцівы назоўнікам, прыметнікам, асабовым займеннікам, дзеяслову. Аднак калі ў назоўніках і асабовых займенніках лік — гэта намінатыўная граматычная катэгорыя, якая адлюстроўвае аб’ектыўную рэальнасць, то ў астатніх часцінах мовы катэгорыя ліку, як правіла, не самастойная, не намінатыўная.
Прыметнікі (а таксама тыя займеннікі, якія скланяюцца як прыметнікі: мой, твой, такі, гэты, які, каторы, чый, свой, увесь, усякі, сам, самы, ніякі і пад.) дапасуюцца да назоўнікаў і прымаюць форму таго ліку, што і назоўнік. У тых выпадках, калі назоўнік нязменны, прыметнік сам паказвае на лік назоўніка: маё новае паліто — мае новыя паліто. Тое ж самае тычыцца і дзеепрыметнікаў.
Асобныя займеннікі (сябе, хто, нехта, нешта, ніхто, нішто і інш.) наогул не маюць катэгорыі ліку. Не ўласціва гэта граматычная катэгорыя і лічэбнікам, за выключэннем слова адзін, якое мае форму ліку пры спалучэнні з множналікавымі назоўнікамі: адзін стол, але — адны сані.
Лік у дзеясловах — таксама катэгорыя сінтаксічная, словазменная. Яна выражае аднесенасць дзеяння да аднаго суб’екта або да некалькіх суб’ектаў шляхам каардынацыі дзеяслова з адпаведнай формай назоўніка ці займенніка (самалёт ляціць — самалёты ляцяць, я іду — мы ідзём). Толькі ў аднасастаўных сказах лік дзеяслова мае самастойнае значэнне: Стаю ля варот і чакаю. Форма множнага ліку ў некаторых аднасастаўных сказах можа ўказваць на тое, што дзеянне выконваецца невядомай ці знарок не названай асобай (Вас выклікаюць; Яму паведамілі тэлеграмай; Калі будзеце патрэбныя, вас паклічуць).
Парны лік Побач з формамі адзіночнага і множнага лікаў у некаторых беларускіх гаворках захаваліся рэшткі былога парнага ліку (дзве руцэ), якія для сучаснай беларускай літаратурнай мовы не характэрныя.
Крыніцы
Літаратура І. Я. Лепешаў. «Сучасная беларуская мова: спрэчныя пытанні». Гр., 2002