Але́сь Пу́шкін (6 жніўня 1965, в. Бобр, Крупскі раён, Мінская вобласць — 11 ліпеня 2023, Гродна, Турма № 1) — беларускі мастак, жывапісец-нонканфарміст, тэатральны мастак, перформер, акцыяніст, арт-куратар, рэстаўратар, палітвязень. Загінуў у зняволенні.

Біяграфія

Раннія гады Нарадзіўся 6 жніўня 1965 года ў вёсцы Бобр Крупскага раёна Мінскай вобласці. Бацька — Мікалай Іванавіч Пушкін. Маці — Ганна Іпалітаўна Пушкіна (дзявочае проз­вішча — Сільмановіч). Прыкладна з шасці гадоў пачаў маляваць. Вучыўся ў мясцовай школе.

У 1978 годзе паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Івана Ахрэмчыка. Вучыўся ў Пятра Шарыпы да 1983 года, затым паступіў на курс манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута.

Паводле поглядаў пацыфіст. У 1984 годзе прызваны ў Савецкую Армію, служыў у Афганістане. У войску вёў дзённік на беларускай мове, апісваючы праўду, пакуль яго не прачытаў і не выдаў саслужбовец-беларус. Дзённік Пушкіна быў прызнаны антысавецкім. У 1986 годзе дэмабілізаваўся і працягнуў вучобу.

Грамадская дзейнасць Акрамя актыўнай выставачнай дзейнасці, распачатай у часы перабудовы, Алесь Пушкін браў актыўны ўдзел у руху беларускага нацыянальнага адраджэння. Гэта быў час узнікнення ў Беларусі такіх моладзевых гісторыка-культурных арганізацый, як «Талака», якая займалася рэстаўрацыяй помнікаў, асветніцкай дзейнасцю, якая тычыцца адраджэння беларускай мовы і нацыянальнай сімволікі. У 1988 годзе, на 4-м курсе інстытута, Алесь Пушкін арганізаваў першы гурток Беларускага Народнага Фронту.

У 1988 годзе ўдзельнічаў у студэнцкім руху. У прыватнасці, браў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы мітынгу памінання продкаў «Дзяды» ў Мінску 30 кастрычніка 1988 года, з-за чаго 28 кастрычніка быў арыштаваны на пяць сутак, але неўзабаве прыгавор быў змененыНацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 968. — Воп. 1. — Спр. 2327. — Арк. 22-23. 25 сакавіка 1989 года, падчас святкавання 71-й гадавіны з дня абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, Алесь Пушкін ажыццявіў першы ў Беларусі маніфест сац-арту: напісаныя ім 12 плакатаў, супярэчных дзяржаўнай ідэалогіі, планавалася пранесці па галоўным праспекце Мінска да плошчы перад Домам урада. На адным з плакатаў быў намаляваны дзяржаўны сцяг БССР узору 1951 года і надпіс «Хопіць сацыялістычнай, адродзім народную Беларусь!». Калоне ўдалося прайсці толькі ад Тэатральнага інстытута да Дома друку, дзе мастак быў арыштаваны ў ліку астатніх 130 чалавек. Пушкіна асудзілі на 2 гады зняволення ўмоўна з пяцігадовым выпрабавальным тэрмінам.

Перыяд незалежнасці Беларусі

Па заканчэнні інстытута атрымаў размеркаванне на працу ў віцебскім мастацкім камбінаце. Займаўся творчасцю, займеў уласную майстэрню, у 1993 годзе адкрыў прыватную галерэю «У Пушкіна». Займаўся рэстаўрацыяй і роспісам храмаў. З 1997 года жыў на радзіме ў вёсцы Бобр. Уваходзіў у партыю БНФ (1998—2005).

У 1999 годзе Алесь быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна за акцыю-перформанс «Падарунак прэзідэнту». 21 ліпеня 1999 года, калі скончыўся канстытуцыйны тэрмін праўлення першага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, Пушкін прыкаціў да пад’езду прэзідэнцкай адміністрацыі ў цэнтры Мінска пафарбаваную ў чырвоны колер тачку гною, на якім ляжалі дэнамінаваныя беларускія грошы і шыльда з падзякай Лукашэнку за працу. Быў адразу затрыманы, не назваў сваё імя, прадставіўся «чалавекам з народу», але праз некалькі гадзін супрацоўнікі міліцыі самі апазналі яго. Пушкіна выпусцілі з аддзялення міліцыі пад падпіску аб нявыездзе.

Штогод арганізоўваў святкаванне Купалля ў гарадскім пасёлку Бобр у ноч з 6 на 7 ліпеня. Там жа праводзіў штогадовыя акцыі 25 сакавіка ў дзень абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Сябра Беларускага саюза мастакоў.

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 года Алеся Пушкіна на 3 дні змясцілі ў СІЗА нібыта за тое, што ў тэлефоннай размове мастак кепска казаў пра тагачаснага старшыню КДБ Беларусі Сцяпана Сухарэнку — нібыта пра гэта данеслі невядомыя «рыбакі». Алеся аштрафавалі і адпусцілі. У тым жа годзе яго спрабавалі асудзіць па абвінавачванні ў абліванні чорнай фарбай помніка «смершаўцу», Герою Савецкага Саюза Васілю Чабатарову. Але справа была адпраўленая на дадатковае расследаванне і закрытая.

9 снежня 2010 года, за 10 дзён да разгону акцыі пратэсту ў Мінску, Пушкін быў затрыманы ў сябе дома і абвінавачаны ў хуліганстве. Пад вартай у Крупскім СІЗА абвясціў галадоўку і «маўчанку». Затрыманне аказалася прэвентыўным. Каб палітычна актыўны мастак не арганізаваў акцыю пратэсту, яму далі 13 сутак і пасля іх вызвалілі. У 2019 годзе Суд Крупскага раёна прызнаў Алеся Пушкіна вінаватым у правядзенні несанкцыяванай акцыі 6 чэрвеня на ганку крамы «Еўраопт». Сам мастак назваў свае дзеянні мастацкім перформансам. Суддзя аштрафаваў яго за несанкцыянаваную акцыю і за шкоду міліцыянеру.

Пераслед 2021 года. Гібель Удзельнічаў у акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. 26 сакавіка 2021 года Генеральная пракуратура Беларусі завяла крымінальную справу супраць Пушкіна праз тое, што на выстаўцы ў гродзенскім «Цэнтры гарадскога жыцця» дэманстраваўся партрэт антысавецкага падпольшчыка Аўгена Жыхара аўтарства мастака. Пракуроры ўбачылі ў гэтым «рэабілітацыю нацызму». Пушкін даведаўся пра крымінальную справу, але не адмяніў вылет з Украіны, дзе ў яго была выстаўка, і вечарам таго ж дня вярнуўся ў Беларусь. Уначы спецслужбы правялі вобшук у яго майстэрні. 29 сакавіка Пушкін быў звольнены з «Белрэстаўрацыі», дзе на той час працаваў. На наступны дзень ён быў затрыманы і зняволены. Пазней стала вядома, што ініцыятарамі крымінальнай справы супраць Пушкіна былі прарасійскія актывісты рэжыму Лукашэнкі і намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк.

6 красавіка 2021 года сумеснай заявай васьмі арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі ПЕН-цэнтр, быў прызнаны палітычным зняволеным. 30 красавіка 2021 года шэфства над палітвязнем узяла Каміла Хансен, дэпутатка Рыксдага.

У часе суда 10 сакавіка 2022 года Алесь Пушкін лёг на лаўку і адмовіўся з яе ўставаць, суд зрабілі закрытым. 25 сакавіка на пасяджэнні суда ён у знак пратэсту парэзаў сабе жывот. 30 сакавіка 2022 года Алесь Пушкін быў асуджаны да 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму паводле артыкулаў 130 часткі 3 (наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму, здзейсненыя групай асоб) і 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў). Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Справу разглядала суддзя Алена Шылько, дзяржаўнае абвінавачванне па справе Пушкіна падтрымаў пракурор Аляксандр Кароль. У часе абвяшчэння прысуду Алесь гучна гаварыў і распрануўся, каб былі бачныя парэзы на жываце ў выглядзе крыжа. За гэта яго на 13 сутак змясцілі ў карцар.

15 красавіка 2022 года Алесь Пушкін быў этапаваны з СІЗА-1 у папраўчую калонію № 22 (Воўчыя Норы, Івацэвіцкі раён, Брэсцкая вобласць). У жніўні 2022 года стала вядома, што Пушкін змешчаны на 5 месяцаў у памяшканне камернага тыпу. 11 лістапада 2022 года паводле рашэння суддзі Аляксандра Кірыловіча было пастаноўлена перавесці Алеся Пушкіна на турэмны рэжым тэрмінам на паўтара года, ён быў этапаваны ў турму № 1 (Гродна). Рада Беларускага саюза мастакоў выключыла Алеся Пушкіна з шэрагаў арганізацыі незадоўга да яго смерці.

11 ліпеня 2023 жонка Пушкіна паведаміла аб смерці мужа ў гродзенскім шпіталі, куды ён быў прывезены ў непрытомным стане пад канвоем з турмы. Пазней стала вядома, што ў турме ў Пушкіна развіўся перытаніт, перад смерцю быў септычны стан і паліорганная недастатковасць. Незалежныя крыніцы ў СМІ адзначаюць, што смерць наступіла праз неаказанне медыцынскай дапамогі ў турме, шанцаў на выжыванне ў шпіталі ўжо амаль не было.

Пахаваны 13 ліпеня ў родным гарадскім пасёлку Бобр, перад гэтым адбылося адпяванне ў Свята-Мікалаеўскай царкве.

Сям’я Жонка — Яніна Аляксандраўна. Двое дзяцей — Марыля і Мікола. Было дзве пазашлюбныя дачкі — Ганна і Дар’я.http://papa-news.ru/ales-pushkin-papa-moj-v-vojnu-sluzhil-v-policii/ Алесь Пушкин: «Папа мой в войну служил в полиции» Станам на 2020 год Алесь Пушкін жыў у вёсцы Бобр разам з жонкай.

Творчасць

Віцебскі перыяд Па заканчэнні інстытута атрымаў размеркаванне на працу ў віцебскім мастацкім камбінаце. З часам, знайшоўшы памяшканне пад уласную майстэрню, заняўся падрыхтоўкай выставы «Соц-арт. Дэкларатыўнае мастацтва». Выставе папярэднічалі перформансы «7 лістапада», «Віцебск за кратамі», «Вясна», «Вольнасць», «Каханне». Чарговы маніфест сац-арту быў прадэклараваным 25 сакавіка 1991 года, у Дзень Волі, калі Алесь Пушкін здзейсніў наступны перформанс: праехаў па Віцебску пад гукі духавога аркестра на асле, з голубам у руках. Далей голуб быў выпушчаны са словамі: «Ён прынясе нам свабоду!».

23 сакавіка 1993 года ў Віцебску мастак адкрыў адну з першых у Беларусі прыватных некамерцыйных галерэй сучаснага мастацтва «У Пушкіна», якая праіснавала да 1997 года. Галерэя займала плошчу каля 50 метраў і размяшчалася недалёка ад музея Марка Шагала. Пасля закрыцця галерэі ў 1997 годзе выехаў разам з карцінамі і зборам галерэі на радзіму, у мястэчка Бобр.

Таксама Алесь Пушкін афармляў сцэну і быў аўтарам эскізаў касцюмаў да 7 Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі, які праходзіў у Віцебску ў 1994 годзе. Займаўся сцэнаграфіяй у Беларускім драматычным тэатры імя Якуба Коласа. Аформіў такія спектаклі, як «Кароль Лір» Уільяма Шэкспіра (рэжысёр Валерый Маслюк, 1993—1994), «Фрокен Юлія» Юхана Аўгуста Стрындберга (рэжысёр А. Грышкевіч, 1997) і «Палкоўніку ніхто не піша» Габрыэля Гарсія Маркеса (2001).

Роспіс храмаў Паралельна дзейнасці ў Віцебску рабіў рэстаўрацыю і абнаўленне храмавых роспісаў у магілёўскім касцёле Святога Станіслава, але гэтыя работы вяліся з грубымі парушэннямі і прывялі да непапраўных страт. Там ім былі напісаны аўтарскія фрэскі: «Святая Цэцылія, патронка Музыкі і Спеваў», «Святы Арханёл Міхаіл, заступнік зямлі Беларускай», «Святы Антоній Падуанскі», «Святы апостал Іўда-Тадэвуш», «Глорыя Кардыналу Казіміру Свёнтаку», дзе ўпершыню на Беларусі былі напісаныя выявы беларускага кардынала, з яго блаславення, і Папы Рымскага Яна Паўла ІІАлесь Пушкін . Kamunikat.org. Героямі роспісу выступалі многія вядомыя беларускія палітычныя і царкоўныя дзеячы, у тым ліку Зянон Пазняк. Некаторыя фрэскі былі выдаленыя па палітычных матывах.

У 1996 годзе зрабіў манументальныя роспісы сцен праваслаўнай царквы ў роднай вёсцы Бобр, адноўленай пасля разбурэння ў 1936 годзе. У гэтай царкве ў жніўні 1997 года Алесь Пушкін вянчаўся са сваёй жонкай Янінай. Тэматыка роспісу ў эпізодзе Суднага дня зноў мела палітычную афарбоўку. Па правую руку Хрыста былі намаляваныя праведнікі, па левую — грэшнікі. Анёл трубіў у горн. Асобы грэшнікаў мелі падабенства з Аляксандрам Лукашэнкам і Мітрапалітам Філарэтам. Пасля таго, як фрэску паказалі ў тэлепраграме РТР «Весткі тыдня» ў 2005 годзе, царкоўныя ўлады накіравалі ў Бобр протаіерэя Мінскай епархіі Мікалая Коржыча, пад наглядам якога скандальная частка роспісу сцены была замазана. Гэта драўляная царква, пасля асвячэння яе патрыярхам Філарэтам, згарэла. Адбылося гэта 17 лютага 2011 года. Царква адноўленая з цэглы.

У партфоліа Алеся Пушкіна таксама работы ў касцёле Панны Марыі ў Вішневе (Валожынскі раён), у касцёле архангела Міхаіла ў Міхалішках (Астравецкі раён), вітражы ў касцёле святога Яна Хрысціцеля ў Серабранцы горада Мінска.

Іншае У 1990 годзе распісваў фае Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя Ахрэмчыка (дыпломная работа).

Аформіў кнігі паэзіі Міраславы Лукшы (Беласток, 1994), Людмілы Сіманёнак (Віцебск, 1997), Славаміра Адамовіча «Плавільшчыкі расы» (няздзейснена), А. Мельнікава «Выжывае падлейшы».

У дзяржаўнай арганізацыі «Белрэстаўрацыя» працаваў над роспісамі Бальнай залі палацу Пуслоўскіх у Косаве. Ягоная група мастакоў аднаўляла роспісы, зробленыя ў палацы напачатку XX стагоддзя Феліксам Журкам. Працаваў над узнаўленнем палаца Булгакаў у Жылічах Кіраўскага раёна.

Крытыка