Натавэй (саманазва: Cheroenhaka) — індзейскі народ, карэнныя жыхары ЗША. Жывуць пераважна ў садружнасці Вірджынія. Агульная колькасць — 272 чал.

Гісторыя Натавэй маюць агульнае паходжанне з тускарора. Археалагічныя раскопкі паселішча натавэй на паўднёвым захадзе Вірджыніі, якое датуецца 1580 г., паказалі, што яно магло існаваць ужо ў IX ст. н. э. Да прыходу еўрапейцаў натавэй насялялі ўзбярэжную раўніну Вірджыніі і Паўночнай Караліны. На поўдні межавалі з мехерын і продкамі тускарора, на поўначы і паўночным захадзе — з алганкінамі, на захадзе — з катоба. У 1650 г. агульная колькасць насельніцтва ацэньвалася ў некалькі сот чалавек. Саманазва Cheroenhaka можа перакладацца як «людзі тытуню» або «людзі на скрыжаванні ручая». Сучасная назва натавэй была запазычана англічанамі ў алганкінаў і значыла «атрутныя змеі».

Кантакты з англійскімі каланістамі пачаліся ў 1607 г. Яны мелі мірны характар. У 1647 г., 1677 г., 1713 г. і 1776 г. падпісваліся мірныя дагаворы з Садружнасцю Вірджынія. У 1705 г. была вызначана мяжа рэзервацыі. У 1776 г. натавэй разам з амерыканцамі ўдзельнічалі ў выгнанні індзейцаў-аканічы.

Развіццё ўзаемаадносінаў з амерыканскім грамадствам суправаджалася сталай асіміляцыяй. З пачатку XVIII ст. натавэй атрымалі магчымасць вучыцца ў англамоўных школах. Асобныя натавэй пакідалі рэзервацыю і пераязджалі ў гарады. У 1877 г. частка сямей вылучылася з рэзервацыі разам з зямлёю (575 акраў), якая перайшла ў іх прыватную маёмасць. У 2002 г. іх нашчадкі зноў былі фармальна прыняты ў супольнасць натавэй.

Мова Родная мова натавэй адносіцца да іракезскай моўнай сям'і. У 1820 г. заставалася толькі 3 старых чалавекі, якія ёй валодалі. Да нашых дзён захавалася 275 запісаных слоў. Яны паказваюць блізкасць мовы натавэй да мовы тускарора.

Спасылкі Nottoway Indian Tribe Official Site Nottoway Indian Tribe of Virginia ETHNO-HISTORICAL SNAP SHOT OF THE CHEROENHAKA (NOTTOWAY) INDIAN TRIBE Nottoway Reservation - The Circle and Square

Катэгорыя:Народы ЗША Катэгорыя:Індзейцы Паўночнай Амерыкі Катэгорыя:Іракезамоўныя народы