Царква Успення Прасвятой Багародзіцы — драўляны праваслаўны храм, пабудаваны ў 1642 годзе ў малдаўскім сяле Хірышэнь. У цяперашні час царква з'яўляецца экспанатам Музея сяла ў Кішынёве, Малдова.
Гісторыя Царква была ўзведзена ў 1642 годзе жыхарамі вёскі Хірышэнь, і першапачаткова размяшчалася не ў гэтым сяле, а ў манастыры вёскі Хыржаўка. У 1821 годзе манастыр пераехаў у іншае месца, а царкву разабралі і перанеслі ў Хірышэнь (цяпер Тэленешцкі раён), дзе яна працягвала дзейнічаць да 1928 года, пакуль там не быў пабудаваны каменны храм. Старую царкву працягвалі выкарыстоўваць як адпявальную пры могілках.
На пачатак 21 ст. будынак быў у вельмі дрэнным стане. У яго не было даху, драўляныя сцены былі пашкоджаныя дажджом і снегам. Этнаграфічны музей Кішынёва пачаў перагаворы з жыхарамі вёскі аб пераносе будынка ў сталіцу. У рэшце рэшт яны пагадзіліся, і ў 2009 годзе храм быў разабраны і перанесены ў Кішынёў, дзе пачаліся рэстаўрацыйныя работы. Рэстаўратары імкнуліся захаваць столькі арыгінальных элементаў, колькі было магчыма, таму яны выкарыстоўвалі арыгінальныя вырабы з дрэва і апрацоўвалі іх адмысловымі матэрыяламі для павышэння даўгавечнасці. Дах быў зроблены занава.
Царква была асвячона восенню 2011 года ў імя Успення Прасвятой Багародзіцы. Гэта найстаражытнейшы рэлігійны помнік Малдовы, а таксама самая вялікая драўляная царква ў краіне — 27 метраў у вышыню.
Варвара Бузілэ, сакратар этнаграфічнага музея, заявіла, што царква з'яўляецца адзінай у сваім родзе ў Рэспубліцы Малдова на дадзены момант (2011). Яна сказала: «Паўночны малдаўскі стыль гэтай царквы робіць яе падобнай з цэрквамі Букавіны. У цяперашні час у нас няма іншай царквы такога тыпу, у якой бы была такая вышыня і падобныя добрыя прапорцыі». Вядома аб існаванні яшчэ адной падобнай царквы ў Тэленешцкім раёне, але яна была знесена ў 1980-х гадах.
Галерэя
Знос старой царквы
Аднаўленне
Цырымонія асвячэння
Царква сёння
Зноскі
Спасылкі Старадаўняя драўляная царква Успення Прасвятой Багародзіцы (Кішынёў) // ortodox.md
Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Малдовы Катэгорыя:Драўляныя цэрквы Малдовы Катэгорыя:Храмы Успення Багародзіцы Катэгорыя:Славутасці Кішынёва Катэгорыя:З’явіліся ў 1642 годзе Катэгорыя:1642 год у Еўропе