«Нелюбо́ў» — драматычны фільм рэжысёра Андрэя Звягінцава. Сусветная прэм’ера адбылася ў асноўнай конкурснай праграме 70-га Канскага кінафестывалю, дзе фільм атрымаў Прыз журы.

Каманда, якая складаецца з рэжысёра Андрэя Звягінцава, прадзюсараў Аляксандра Раднянскага і Сяргея Мелькумава, сцэнарыста Алега Негіна і аператара Міхаіла Крычмана, раней працавала над фільмамі «Алена» (2011) і «Левіяфан» (2014), якія таксама мелі поспех на Канскім кінафестывалі.

Фільм апавядае гісторыю пра сучасную маскоўскую сям’ю, у якой сужэнцы (Мар’яна Співак і Аляксей Розін) збіраюцца развесціся, але не могуць вырашыць, з кім пакінуць сына Алёшу (Мацвей Новікаў). У шэрагу канфліктаў і бясконцых узаемных прэтэнзій яны адкрыта грэбуюць ім, і Алёша, адчуваючы сваю абсалютную непатрэбнасць, пасля іх чарговай сваркі раптоўна знікае.

У Беларусі прэм’ера фільма адбылася 1 чэрвеня 2017 года.

Сюжэт Падзеі фільма адбываюцца ў кастрычніку 2012 года. У стасунках адміністратара салона прыгажосці Жэні (Мар’яна Співак) і менеджара па продажы Барыса (Аляксей Розін) даўно наступіў разлад, і яны наважваюць падаць на развод. Застаючыся пакуль што афіцыйна жанатымі, яны абое ўжо маюць стасункі на баку: Барыс жыве з цяжарнаю ад яго дзяўчынай Машай (Марына Васільева), а ў Жэні ёсць забяспечаны палюбоўнік Антон (Андрыс Кейш). Застаецца толькі прадаць агульную кватэру і вырашыць, з кім будзе жыць іх 12-гадовы сын Алёша (Мацвей Новікаў).

Алёша вяртаецца са школы і сядае рабіць урокі, назіраючы праз акно за асеннім дажджом. Чуецца званок — маці кажа яму, што прыйшлі патэнцыяльныя пакупнікі, каб паглядзець кватэру, і што ён мусіць прыбрацца ў сваім пакоі. Заходзяць пакупнікі: мужчына (Максім Стаянаў) са сваёй цяжарнай дзяўчынай (Любоў Сакалінская). Алёша не рады ні іх прыходу, ні таму, што бацькі прадаюць кватэру, і зачыняе дзверы ў свой пакой. У канцы агляду пакупнікі заходзяць у дзіцячы пакой. Маці ўшчувае хлопчыка, бо той не павітаўся з людзьмі, і дае яму кухталя. У адказ Алёша вітаецца скрозь зубы, а пасля, пакрыўджаны на маці, выбягае з пакоя.

Той жа ноччу Алёша падслухоўвае зваду бацькоў і разумее, што ні тата, ні мама не маюць ніякага жадання гадаваць яго (лічачы, што ён стане перашкодай іх новым раманам) і стараюцца спіхнуць сына адно на аднаго. Тата лічыць, што для дзіцяці важней жыць з маткай, аднак матка не мае намеру саступаць і кажа, што таксама хоча пажыць сваім жыццём. Яго наступную прапанову — аддаць дзіця бабулі (Наталля Патапава), жанчына таксама адкідае, бо яе маці зусім не любіць унука. У запале сваркі яны нават згадваюць варыянт аддаць сына ў дзетдом, але разумеюць, што дзіцячая ювенальная юстыцыя не дазволіць ім гэтага зрабіць. На наступны дзень пасля снедання, падчас чаго маці называе сына «кволым», Алёша выбягае з дому быццам бы ў школу і больш не вяртаецца.

Жэня пра гэта не ведае, бо начуе ў Антона. Яна прызнаецца, што ён — яе першае каханне і што яна ніколі нікога не любіла, акрамя маці — і тое ў дзяцінстве. Маці, паводле слоў Жэні, паводзілася з ёй як «злая, самотная сцерва». Яна таксама гаворыць, што да мужа ў яе нікога не было і «заляцела» яна па дурасці, таму ёй і прыйшлося пабрацца шлюбам з нялюбым Барысам. Раніцай Жэня вяртаецца дадому і кладзецца спаць, не ведаючы, што сын дома не начаваў.

Праз колькі часу ёй тэлефануюць са школы і паведамляюць, што Алёшы не было на ўроках ні ўчора, ні сёння. Не зважаючы на пярэчанні Барыса, што хлопчык хутка сам вернецца, Жэня звяртаецца ў паліцыю. Оперупаўнаважаны (Сяргей Барысаў) у размове з Жэняй выказвае меркаванне, што хлопчык пайшоў гуляць з сябрамі або бадзяецца па гандлёвым цэнтры, гаворачы, што пераважная большасць «бегункоў» вяртаецца дамоў праз 7—10 дзён. Адзінае, што ён можа параіць, гэта звярнуцца да валанцёраў з недзяржаўнай пошукавай арганізацыі, а не спадзявацца на праваахоўныя органы, якія патопяць справу ў бюракратычных працэдурах.

Жэня прыслухоўваецца да парады і тэлефануе валанцёрам. Каардынатар пошукава-выратавальнага атрада (Аляксей Фацееў), апісваючы Жэні і Барысу план пошуку, выказвае думку, што хлопчык можа знаходзіцца ў бабулі, якая жыве на лецішчы за тры гадзіны язды ад Масквы. Жэня сумняецца, бо Алёша не ведае туды дарогі, і вельмі неахвотна згаджаецца паехаць з Барысам да маці, бо ў яе з ёй вельмі напружаныя стасункі. Жэніна маці прынцыпова не выходзіць на сувязь з дачкой, а калі сужэнцы прыязджаюць у суправаджэнні валанцёра, не адразу пускае іх у дом. Яна не дае веры, што хлопчык прапаў, і лічыць, што яе дачка з мужам ўсё выдумалі, каб разжаліць яе і, у выніку, «павесіць» на яе хлопчыка. Пасля эмацыянальнага скандалу з маці Жэня і Барыс едуць назад у Маскву. Па дарозе дадому Жэня прызнаецца Барысу, што выйшла за яго замуж і нарадзіла Алёшу толькі таму, што больш не магла жыць з маці, але гэта было памылкай, і ёй трэба было зрабіць аборт. Сужэнцы зноў лаюцца і Барыс высаджвае Жэню з машыны сярод дарогі.

Вярнуўшыся ў Маскву, яны даведваюцца, што пошукі не далі выніку. Каардынатар валанцёрскага атрада накіроўваецца ў школу і праводзіць гутарку з аднакласнікам і адзіным сябрам Алёшы (Арцём Жыгулін). Ён угаворвае хлопчыка раскрыць месцазнаходжанне так называнай «базы» — закінутага ў лясным гушчары будынка, дзе збіраюцца хлапчукі са школы. Валанцёры і Алёшаў бацька выпраўляюцца туды, але знаходзяць толькі Алёшаву куртку. У адну з лякарань дастаўляюць хлопчыка, знойдзенага на вуліцы і падобнага з апісання; да яго прыходзіць Жэня, але гэта аказваецца не Алёша.

Праз колькі часу Барыс, Жэня, Антон і каардынатар валанцёраў едуць у морг для апазнавання трупа невядомага хлопчыка. Пасля таго, як патолагаанатам падымае покрыўку са знявечанага трупа, у Жэні пачынаецца істэрыка, яна сцвярджае, што гэта не Алёша, бо на яго целе мае быць радзімка. Барыс згаджаецца з жонкай, аднак каардынатар рэкамендуе ім правесці параўнальны аналіз ДНК, мяркуючы, што бацькі могуць знаходзіцца ў стане адмаўлення. Жэніна істэрыка працягваецца, яна накідваецца на вонкава спакойнага Барыса з крыкам, што ніколі б не аддала хлопчыка ў дзіцячы дом. Яна выходзіць у калідор, дзе яе супакайвае Антон. Пасля яе cыходу Барыс сядае на падлогу і больш не можа стрымаць слёз. Такім чынам, пытанне пра лёс хлопчыка застаецца адкрытым.

Праз два годы Алёша лічыцца зніклым без вестак, сужэнцы жывуць раздзельна, а ў іх прададзенай кватэры цяпер ідзе рамонт. Барыс жыве ў Машынай кватэры разам з цешчай, у іх нарадзіўся сын, да якога Барыс гэтаксама нічога не адчувае. Жэня жыве ў раскошных апартаментах Антона, але і яна не пачуваецца шчаслівай. У апошніх сцэнах фільма дэманструюцца пейзажы Сходненскага каўша, а таксама загараджальная стужка, якую Алёша аднойчы закінуў на дрэва па дарозе са школы.

Акцёрскі склад

Стваральнікі фільма Рэжысёр: Андрэй Звягінцаў Сцэнарысты: Алег Негін, Андрэй Звягінцаў Аператар: Міхаіл Крычман Мастак-пастаноўшчык: Андрэй Панкратаў Мастак па касцюмах: Ганна Бартулі Мастак па грыму: Галіна Панамарова Гукарэжысёр: Андрэй Дзергачоў Мантаж: Ганна Мас Кампазітар: Яўген Гальперын, Саша Гальперын Прадзюсары: Аляксандр Раднянскі, Сяргей Мелькумаў Супрадзюсар: Глеб Фецісаў Выканаўчыя прадзюсары: Вінсэнт Маравал, Паскаль Кашэтэ, Грэгуар Сарлат Лінейны прадзюсар: Кацярына Маракуліна

Стварэнне Задума і напісанне сцэнарыя Задума кінафільма ўзнікла летам 2015 года, і спрыяла таму даўняя прыхільнасць Андрэя Звягінцава да фільма Інгмара Бергмана «Сцэны з сямейнага жыцця». Ён са сваім пастаянным сцэнарыстам Алегам Негіным разглядалі магчымасць зазірнуць у крызіс сямейнага жыцця, калі мінула 10-12 гадоў шлюбу і жыць разам далей немагчыма. У інтэрв’ю РІА Навіны прадзюсар Аляксандр Раднянскі паведаміў, што працэс пошуку і абмеркавання з рэжысёрам матэрыялу для новага фільма цягнуўся некалькі гадоў.

Праект быў запушчаны ў працу на фундаменце кароткага трытмента, выкладзенага на некалькіх старонках. Далей рэжысёр дадаў сваё бачанне развіцця сюжэта. У лістападзе 2015 года Алег Негін скончыў літаратурны сцэнарый. Да гэтага часу частка аб’ектаў для здымкаў была ўжо знойдзена. У прыватнасці, прагулка Алёшы ў яры (Сходненскі коўш) з’явілася ў рэжысёрскім сцэнарыі менавіта дзякуючы таму, што ўжо восенню 2015 года быў зацверджаны галоўны натурны аб’ект: месца пражывання сям’і Сляпцовых. Да гэтага часу ўжо былі гатовы першыя эскізы галоўных інтэр’ераў фільма: кватэра Сляпцовых, кватэра Машы і апартаменты Антона.

Падбор акцёраў Кастынг акцёраў пачаўся ў снежні 2015 года. Аляксей Розін ужо здымаўся ў фільмах «Алена» (2011) і «Левіяфан» (2014), але для Мар’яны Співак гэта была першая роля ў праектах Звягінцава і Раднянскага. Яна была першай актрысай, якая прыйшла на кінапробы, і хадзіла на іх на працягу паўгода.

Падрыхтоўчая праца і здымкі 12 лістапада 2015 года Андрэй Звягінцаў абвясціў пра пачатак працы над новым фільмам. «Гэта гісторыя мужа і жонкі, якія расстаюцца. Гісторыя вельмі сумная, пранізлівая», — сказал ён, дадаўшы, што гледачам «прыйдзецца праліць слёзы». Рэжысёр адзначыў, што назва карціны ўжо прыдумана, аднак пакуль яна будзе трымацца ў сакрэце.

У маі 2016 года была абвешчана назва фільма — «Нелюбоў», а таксама некаторыя дэталі сюжэта.

Здымкі пачаліся 5 верасня 2016 года і павінны былі скончыцца ў канцы лістапада — пачатку снежня. Але так як дзеянне фільма адбываецца ў цёплы час года, а ў сярэдзіне кастрычніка выпаў снег, які так і не растаў, здымкі ў лістападзе былі прыпынены.

Даздымкі адбываліся ўвесну, у перыяд з 25 сакавіка па 9 красавіка 2017 года. У агульнай складанасці аб’ём вясенняга блока склаў 12 здымачных дзён, 15 хвілін карыснага хранаметражу і крыху больш за 50 планаў.

Месцы здымкаў

Месцам дзеяння кінакарціны быў абраны раён Паўднёвае Тушына на паўночным усходзе Масквы. Там здымаліся: школа (экстэр’ер і інтэр’ер), дом Сляпцовых, паркоўка перад домам, прылеглыя да яе вуліцы, прадуктовая крама, аўтобусны прыпынак, а таксама помнік прыроды — Сходненскі коўш, той самы яр, у нізоўі якога хлопчык пасля заканчэння ўрокаў прагульваецца уздоўж берагоў ракі. Рака завецца Сходня.

Усе тры жылыя памяшканні — кватэра Сляпцовых, Машы і Антона — былі выбудаваны ў павільёне па праекце мастака-пастаноўшчыка карціны Андрэя Панкратава. У дэкарацыі «кватэра Сляпцовых» акрамя жылых памяшканняў была пабудавана лесвічная пляцоўка і кабіна ліфта. Усе дэкарацыі кватэр знаходзіліся на вышыні 2,5 — 3 метраў адносна падлогі павільёна, што дазваляла камеры, аказаўшыся дастаткова блізка ад вокнаў, «не бачыць» падлогі. За вокнамі дэкарацыі былі ўсталяваны ствалы і галіны дрэў. У час здымак галіны прыводзіліся ў рух пры дапамозе спецыяльнай сістэмы тросаў супрацоўнікамі мастацкага дэпартамента. Дзякуючы гэтаму, дрэвы «калышуцца ад ветру», што прыдае дэкарацыі рэалістычнасці.

Дэкарацыяй, пабудаванай у павільёне, з’яўляецца і ліфт, у якім Барыс, разам з іншымі офіснымі супрацоўнікамі, падымаецца з падземнай паркоўкі. Закрыццё дзвярэй у ліфце імітавалася спецыяльнымі «сцягамі» з чорнай тканіны, якія перакрывалі святло ад асвятляльных прыбораў. Эфект руху ствараўся пры дапамозе кручэння асвятляльных прыбораў за сценамі ліфта.

Эпізод у моргу здымаўся ў пабудаванай дэкарацыі на тэрыторыі завода «Крышталь».

Мантаж Мантаж пачаўся ў снежні 2016 года, а завяршыўся ў красавіку 2017 года. Гэта першая карціна, якую Андрэй Звягінцаў і мантажор Ганна Мас былі вымушаны пачаць манціраваць яшчэ да заканчэння здымачнага перыяду, у час прыпынення здымак, і не ў храналагічнай паслядоўнасці. У працэсе мантажу ў карціне ўтвараліся лакуны ці пустоты, якія нельга было запоўніць матэрыялам. З-за гэтага рытм апавядання перарываўся, што было дастаткова некамфортным момантам творчага працэсу. Пра гэта казаў сам рэжысёр ужо ўвесну, у час даздымак карціны.

Рэліз У маі 2016 года на кінарынку Marché du Film у Канах кампанія Pyramide Distribution набыла правы на фільм для дыстрыбуцыі ў Францыі, а Wild Bunch — на ўсіх тэрыторыях за межамі Францыі і СНД.

У сакавіку 2017 года стала вядома, што правы на фільм набылі ўсе еўрапейскія краіны і чакаецца некалькі пагадненняў з кампаніямі з Азіі і Лацінскай Амерыкі.