Алякса́ндр Станісла́вавіч Шымкавя́к (,  — , ) — беларускі баскетбольны трэнер. Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь.

Біяграфія Бацька — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, пасля якой працаваў старшым інспектарам суднаходства. Школьнікам стаў чэмпіёнам Бабруйска па скачках у вышыню. У школе захапляўся не толькі скачкамі і баскетболам, але і грэка-рымскай барацьбой.

Пасля заканчэння бабруйскай школы паступіў у Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут. У інстытуце ажаніўся са студэнткай Любоўю. Быў накіраваны па размеркаванні ў Калінінград, але з-за смерці бацькі вярнуўся з жонкай у Бабруйск, дзе стаў выкладаць у аўтатранспартным тэхнікуме. Быў сакратаром камсамольскай арганізацыі навучальнай установы, вёў у тэхнікуме секцыю па жаночым баскетболе.

Неўзабаве перайшоў працаваць трэнерам па баскетболе ў дзіцяча-юнацкую спартыўную школу № 2 Бабруйска, дзе стварыў першы ў Беларусі прафесійны жаночы баскетбольны клуб «Гермес». Гэта каманда заваявала срэбраныя медалі беларускага чэмпіянату.

У 1998 годзе пераехаў у Гродна. Праз два гады пад яго кіраўніцтвам баскетбольны клуб «Алімпія» заваяваў золата рэспубліканскага чэмпіянату. У наступныя гады «Алімпія» агулам 8 разоў заваёўвала залатыя ўзнагароды на першынстве краіны. У 2013 годзе «Алімпія» выйграла розыгрыш Балтыйскай лігі. Стварыў у Гродне добрую сістэму падрыхтоўкі баскетбалістак, ад юнацкай школы да прафесійнай каманды, якая з’яўлялася кузняй для нацыянальнай зборнай.

З 1998 па 2017 гады ўзначальваў моладзевыя зборныя Беларусі. У 2013 годзе пад яго кіраўніцтвам жаночая моладзевая зборная заняла чацвёртае месца на Чэмпіянаце Еўропы.

У 2015 годзе перанёс аперацыю на сэрцы, але вярнуўся да трэнерскай дзейнасці.

Раніцай 21 лютага 2018 года правёў трэніроўку, а ўвечары яго не стала.

Асабістае жыццё Першая жонка Любоў захварэла пасля Чарнобыля і памерла ад анкалогіі, пакінуўшы сына Вячаслава. Баскетбалістка Вікторыя Дацун, капітан каманды «Гермес», дапамагала трэнеру даглядаць за паралізаванай жонкай, глядзець за маленькім сынам. Доўгі час Шымкавяк і Дацун жылі ў грамадзянскім шлюбе. Калі яго ў 1998 годзе запрасілі працаваць трэнерам у Гродна, пара распісалася. Ад гэтага шлюбу нарадзілася дачка Аляксандра.

Дасягненні Чэмпіён Беларусі (7): 2000/2001, 2003/2004, 2004/2005, 2005/2006, 2006/2007, 2008/2009, 2012/2013. Сярэбраны прызёр чэмпіянату Беларусі (3): 1994/1995, 2007/2008, 2011/2012. Бронзавы прызёр чэмпіянату Беларусі (8): 2001/2002, 2002/2003, 2009/2010, 2010/2011, 2013/2014, 2014/2015, 2015/2016, 2016/2017. Уладальнік Кубка Беларусі (8): 2000, 2002, 2004, 2005, 2006, 2007, 2009, 2014. Чэмпіён Балтыйскай лігі (1): 2012/2013. Бронзавы прызёр Балтыйскай лігі (3): 2011/2012, 2013/2014, 2014/2015.

Узнагароды 2011 — Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь 2016 — Лаўрэат спецыяльнай прэміі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Беларускі спартыўны Алімп».

Сямейная пара Шымкавяк і Дацун — трэнеры-выкладчыкі па баскетболе вышэйшай катэгорыі Гродзенскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву.

Катэгорыя:Баскетбольныя трэнеры Беларусі Катэгорыя:Трэнеры ВАР Гродна Катэгорыя:Трэнеры «Алімпіі» Гродна Катэгорыя:Трэнеры «Вікторыі» Гродна Катэгорыя:Трэнеры «Гермеса» Бабруйск Катэгорыя:Трэнеры жаночай зборнай Беларусі па баскетболе U-20