Сярэднебелару́скія гаво́ркі — міждыялектная група мясцовых гаворак на сумежжы паўднёва-заходняга і паўночна-ўсходняга дыялектаў беларускай дыялектнай мовы. У ёй судакранаюцца, а таксама і ўзаемазаходзяць ізаглосы розных асаблівасцей паўднёва-заходняга і паўднёва-ўсходняга дыялектаў. Сярэднебеларускія гаворкі (перш за ўсё ваколіц Мінска) ляжаць у аснове сучаснай літаратурнай беларускай мовыКондрашов Н. А. Белорусский язык // Славянские языки. М., 1986. С. 96—106. .

Зона распаўсюджвання Паўночная мяжа сярэднебеларускіх гаворак умоўна праходзіць па лініі Свір — Бягомль — Магілёў — Касцюковічы — Сураж, а паўднёвая — каля лініі Ліда — рака Нёман — Рэчыца — Лоеў.

Асаблівасці Сярэднебеларускія гаворкі з’яўляюцца паласой стыку і змешвання гаворак рознай дыялектнай прыналежнасці. У сувязі з узаемадзеяннем тоесных рознадыялектных асаблівасцей у асобных выпадках тут склаліся і некаторыя спецыфічныя рэгіянальныя сярэднебеларускія моўныя рысы гібрыднага або гіперычнага характару.

Для гэтай групы гаворак характэрны наступныя рысы: ужыванне галоснага [о] у становішчы перад [ў] на месцы галоснага [а]: [забро́ў], [пакло́ў], [доў], [споў], [насто́ўн’ік], [крычо́ў], [укро́ў], [спужо́ўс’а] і інш. (дадзеная яркая асаблівасць маўлення характэрна жыхарам заходняй і цэнтральнай частак тэрыторыі сярэднебеларускіх гаворак); поўнае (моцнае) недысімілятыўнае аканне (галосныя [о], [э], [а] не пад націскам заўсёды супадаюць у гуку [а]): [вада́], [трава́], [даро́γа], [дал’о́ка], [чаро́т], [маразы́], [старана́], [малако́] і інш. Як вядома, для гаворак паўднёва-заходняга дыялекту характэрна няпоўнае недысімілятыўнае аканне, а паўночна-ўсходнія гаворкі адрозніваюцца дысімілятыўным аканнем; поўнае (моцнае) недысімілятыўнае яканне (галосныя [о], [э], [а] не пад націскам заўсёды супадаюць у гуку [а]): [б’ада́], [кл’апа́ц’], [сп’ава́ц’], [с’ало́], [б’аро́за], [л’ац’э́ў], [б’аγу́], [н’асу́], [с’л’апы́], [б’ары́], [с’в’ац’і́] і інш.; аднак у другім і наступных пераднаціскных складах, а таксама ў складах пасля націску для значнай часткі гаворак характэрна вымаўленне пасля мяккіх зычных гука, блізкага да галоснага [э] (у транскрыпцыі [аэ], [эа], [ӓ] і інш.): [б’аэγан’і́на], [б’эалару́с], [хло́п’аэц] і інш. У некаторых катэгорыях слоў не пад націскам пасля мяккіх зычных вымаўляецца [і]: [н’і⁀в’э́дайу], [н’і⁀бу́ду], [н’іма́], [н’іха́й], [м’ін’э́], [ц’іб’э́], [ц’іп’э́р], [н’ів’э́стка], [в’ідро́] і інш. Як вядома, для гаворак паўднёва-заходняга дыялекту характэрна няпоўнае недысімілятыўнае яканне, а паўночна-ўсходнія гаворкі адрозніваюцца дысімілятыўным яканнем; наяўнасць падаўжэння мяккіх зычных гукаў і няпарных цвёрдых [ж], [ч], [ш]: [γал’:о́], [кам’э́н’:а], [трэ́ц’:і], [γра́з’:у], [збо́ж:а], [кло́ч:а], [застрэ́ш:а], але адзначаюцца выпадкі вымаўлення непадоўжанага зычнага [кам’э́н’а], [γал’о́] або захаванне старажытнага спалучэння мяккага (няпарнага цвёрдага) зычнага з [й]: [кам’э́н’йа], [γал’йо́], [збо́жйа] і інш.; адсутнасць асіміляцыі спалучэнняў гукаў [дн], [дн’]: [в’і́дна], [ро́дны], [прашлаγо́дн’і] і інш.; ужыванне формы назоўнікаў жаночага роду ў творным склоне адзіночнага ліку на -ой (-ай): [с’астро́й], [ха́тай], [в’і́шн’ай] і інш.; канчатак -ы (-і) у назоўным склоне множнага ліку назоўнікаў усіх лексічна-граматычных груп: [со́лы], [во́кны], [аз’о́ры], [сыны́], [браты́], [ху́стк’і], [кавал’і́], [нажы́] і інш.; канчатак творнага склону множнага ліку назоўнікаў, прыметнікаў і займеннікаў з цвёрдым зычным [м]: [дама́мы], [з⁀малады́мы], [майі́мы], [з⁀ус’і́мы]; у формах інфінітыва і прошлага часу дзеясловаў пасля шыпячых ужыванне суфіксальнага [э]: [крыч’э́ц’] — [крыч’э́ла], [п’ішч’э́ц’] — [п’ішч’э́ла] і інш.; націскны канчатак [-э́ц’], [-і́ц’] ([-ы́ц’]) з фінальным зычным [ц’] і ненаціскны канчатак [-э] ([-а]) у трэцяй асобе дзеяслова першага і другога спражэнняў адзіночнага ліку цяперашняга часу абвеснага ладу ([іz’э́ц’], [н’ас’э́ц’], [крычы́ц’], [γрым’і́ц’], але [хо́z’а], [но́с’а], [γул’а́йэ], [рэ́жа], гібрыд паўночна-ўсходняга [-эц’], [-іц’], [-ыц’] і паўднёва-заходняга [-э] ([-а]) і [-іц’] ([-ыц’])] у залежнасці ад спражэння (класа дзеяслова); канчатак [-о] ў назоўным склоне адзіночнага ліку назоўнікаў ніякага роду, якія абазначаюць маладых жывёл і птушак ([ц’ал’о́], [птушан’о́], гібрыд паўночна-ўсходняга [-о́нак] і паўднёва-заходняга [-а́]); формы адзіночнага ліку жаночага роду прошлага часу з націскам на аснове ў дзеясловаў першага спражэння з націскам на асабовым канчатку: [н’э́сла], [в’э́зла], [п’э́кла].

Літаратура

Катэгорыя:Сярэднебеларускія гаворкі