«Пло́шча Ле́ніна» () — станцыя Мінскага метрапалітэна. Размешчаная на Маскоўскай лініі, паміж станцыямі «Кастрычніцкая» і «Інстытут культуры». Пабудавана па праекце архітэктараў Ю. Градава, Л. Левіна, А. Тылевіча, В. Барташэвіча, мастакоў В. Мігаля і А. Анікейчыка. Станцыя «Плошча Леніна» адкрыта 29 чэрвеня 1984 года ў складзе першай чаргі мінскага метро. Адна з самых загружаных станцый мінскага метро — у сярэднім ёй карыстаецца да 95,2 тысяч чалавек штодзень.
Назва У 1992—2003 гадах станцыя абвяшчалася як «Плошча Незалежнасці», аднак, затым пачатковую назву станцыі аднавілі. Па словах начальніка тэхнічнага аддзела Мінскага метрапалітэна, афіцыйнага рашэння пра перайменаванне станцыі «Плошча Леніна» на «Плошча Незалежнасці» не было, былі вусныя распараджэнні кіраўніцтва Мінгарвыканкама. З 2008 года станцыя абвяшчаецца як «станцыя Плошча Леніна, выхад да чыгуначнага вакзала і Плошчы Незалежнасці». 15 сакавіка 2010 года камісія Мінскага гарвыканкама па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых складовых частак горада ўнесла прапанову пра перайменаванні станцыі метро «Плошча Леніна» на «Плошча Незалежнасці».
Архітэктура Арыгінальнасць архітэктурна-мастацкага рашэння станцыі бачаць у невыкарыстанні канструкцыйных калон, прастаце і цэласнасці інтэр’ераў. Перонная зала перакрыта жалезабетонным скляпеннем лаканічнай формы. Свяцільні размешчаны за інфармацыйнымі карнізамі на пуцявых сценах. У цэнтры пероннай залы дэкаратыўна-мастацкі элемент «Светач» у выглядзе калоны, увянчанай сярпом і молатам. Пуцявыя сцены абліцаваны белым і чырвоным мармурам, падлога выкладзена светла-шэрым, цёмна-шэрым і чорным гранітам — З памылкай «С. Тылевіч», замест слушнага Аляксандра Вульфавіча Тылевіча..
Выхады Удалае размяшчэнне станцыі «Плошча Леніна» дазволіла аб’яднаць два асноўныя пасажыраўтваральныя вузлы горада — Чыгуначны вакзал і плошчу Незалежнасці. Адзін з выхадаў станцыі размешчаны на Прывакзальнай плошчы, прычым па падземным тунэлі, адкрытым у 2003 годзе, са станцыі можна трапіць проста ў новы будынак вакзала і на пасадачныя платформы. Таксама, на Прывакзальнай плошчы размешчаны аўтавакзал «Цэнтральны» і пасадкавыя платформы электрычак. Другі выхад, абсталяваны трыма стужкамі эскалатараў, вядзе на плошчу Незалежнасці, на якой размешчаны будынкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, Дома Урада, Мінгарвыканкама, цэнтральнага паштамта, а таксама Чырвоны касцёл.
Перагон паміж станцыямі «Плошча Леніна» і «Кастрычніцкая» — адзін з самых доўгіх у мінскім метро.
Галерэя
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Станцыі Мінскага метрапалітэна Катэгорыя:Маскоўская лінія метро (Мінск) Катэгорыя:З’явіліся ў 1984 годзе Катэгорыя:1984 год у Мінску Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Леаніда Левіна Катэгорыя:Аб’екты, названыя ў гонар Уладзіміра Леніна Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Аляксандра Тылевіча Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Юрыя Градава Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Віктара Барташэвіча Катэгорыя:Творы Анатоля Анікейчыка