Свіра́ны С. 233., таксама Свіро́ніс (, ) — вёска (былая калонія і фальварак) ў Віленскім раёне Віленскага павета Літвы. Уваходзіць у склад Рукойненскай сянюніі. Размешчана за 3 км на паўночны ўсход ад мястэчка Рукойні. Сучасная вёска таксама ўключае ў сябе тэрыторыю былога засценка Доля ().

Гісторыя Вялікае Княства Літоўскае Упершыню згадваюцца ў 1501 годзе. На 1561 год уладанне І. Зарэцкага і іншых, цэнтр маёнтка. Напісанне ў тагачасных дакументах старабеларускай мовай: Свираны, Свиряны. Пасля адміністрацыйнай рэформы 1567 года вёска знаходзілася ў Віленскім павеце Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Пазней паселішча з'яўлялася ўласнасцю віленскага базыльянскага манастыра.

Пад уладай Расійскай імперыі У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Свіраны апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Віленскім павеце. У перыяд расійскага панавання былыя манастырскія ўладанні былі канфіскаваны ў дзяржаўную казну. У XIX стагоддзі гэта была дзяржаўная ўласнасць і фальварак пры тракце з Вільні да Мінска. Фальварак з'яўляўся цэнтрам дзяржаўных маёнткаў, якія ў 1865 годзе ахоплівалі 43 вёскі, 6 прысёлкаў і 7 засценкаў з агульным насельніцтвам 1135 «рэвізскіх душ».

У 1840 годзе ў Свіранах, у сям'і, якая арандавала фальварак, нарадзіўся выдатны беларускі паэт Францішак Багушэвіч. Сюды, да сваіх бацькоў, прыязджала маці Багушэвіча Канстанцыя (у дзявоцтве Галаўня). Пасля 1861 года паселішча ўваходзіла ў Рукойненскую воласць Віленскага павета.

У часы Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Свіраны занялі войскі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай паселішча абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі С. 18.. У пачатку 1919 года тэрыторыя занята Чырвонай Арміяй С. 20.. З 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР, у канцы сакавіка занята польскімі войскамі.

Найноўшы час У 1920 годзе Свіраны апынуліся ў складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 года — у складзе Польшчы, у Віленска-Троцкім павеце Віленскага ваяводства. Да 1 красавіка 1927 года паселішча ўваходзіла ў склад гміны Рукойні, пасля чаго было перададзена ў склад гміны Шумск. У беларускай гістарыяграфіі гэтыя землі вядомыя як Заходняя Беларусь. Паводле перапісу 1931 года ў фальварку пражывала 14 чалавек у адным будынку.

З пачаткам Другой сусветнай вайны ў верасні 1939 года Свіраны былі заняты савецкімі войскамі. 10 кастрычніка 1939 года паводле дагавора з СССР тэрыторыя Віленскай вобласці была перададзена Літве. З 1940 года вёска знаходзілася ў Літоўскай ССР. У чэрвені 1941 — ліпені 1944 гадоў тэрыторыя знаходзілася пад акупацыяй Германіі. З 1990 года Свіраны ўваходзяць у склад адноўленай незалежнай Літвы.

Насельніцтва Дынаміка колькасці насельніцтва Свіранаў паказвае на ваганні ў другой палове XX стагоддзя з наступным паступовым зніжэннем у пачатку XXI стагоддзя.

Моўная сітуацыя і этнаграфія Разам з іншымі паселішчамі на паўднёвы ўсход ад Вільні вёска знаходзіцца ў арэале гістарычнага бытавання беларускіх гаворак, якія сфарміраваліся на беларуска-літоўскім моўным памежжы. У 1966 і 1977 гадах Свіраны (разам з суседнімі Рукойнямі) сталі адным з пунктаў маштабнай дыялекталагічнай экспедыцыі, матэрыялы якой увайшлі ў пяцітомны «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча».

Паводле даследаванняў польскага славіста Міраслава Янковяка (2008—2025 гг.), сёння мясцовая беларуская гаворка (якую жыхары называюць «простай мовай») паступова саступае месца польскай, а таксама рускай і літоўскай мовам. Яна захоўваецца пераважна толькі сярод жыхароў старэйшага пакалення. У перыяд з 2008 года даследчыкам былі зроблены аўдыязапісы мясцовай беларускай гаворкі ад ураджэнцаў Свіранаў.

У ліпені 2010 года Свіраны таксама сталі адным з пунктаў этнаграфічнай экспедыцыі студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам беларускага этнолага Юрыя Іосіфавіча Внуковіча. Даследчыкі збіралі звесткі па народнай культуры, каляндарнай і сямейнай абраднасці, вуснай гісторыі мясцовых жыхароў-каталікоў, якія захавалі беларускую гаворку і памяць пра свайго знакамітага земляка Францішка Багушэвіча. Цікава, што ў суседняй вёсцы Кулі навукоўцамі быў запісаны верш «Задумаў бацька жаніць сына», аўтарства якога народная традыцыя таксама прыпісвае Францішку Багушэвічу.

Вядомыя асобы Францішак Багушэвіч (1840—1900) — выдатны беларускі грамадскі і культурны дзеяч, паэт, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Рукойненская сянюнія Катэгорыя:Населеныя пункты Віленскага раёна Катэгорыя:Беларускія гаворкі ў Літве