«Куб» () — навукова-фантастычны псіхалагічны трылер 1997 года, першы поўнаметражны фільм канадскага рэжысёра Вінчэнца Наталі. У цэнтры сюжэта — шэсць чалавек, якія прачнуліся ў лабірынце з мноства пакояў у форме кубоў. Яны мусяць знайсці выйсце або загінуць ад голаду, смагі і смяротных пастак. Слоган кінастужкі — «Не шукай прычыну. Шукай шлях вонкі». Галоўныя ролі ў фільме выканалі Ніколь дэ Бур, Морыс Дзін Уінт, Дэвід Х’юлет.

Нягледзячы на малы бюджэт, фільм змог атрымаць высокія ацэнкі ад гледачоў і дабіцца прызнання з боку крытыкаў, атрымаўшы статус культавага. Высока былі ацэнены нечаканыя павароты сюжэта, напружанасць дзеяння і клаўстрафобны настрой фільма. Таксама высока была ацэнена акцёрская ігра выканаўцаў галоўных роляў. Карціна сабрала мноства прэстыжных узнагарод розных кінафестываляў, у тым ліку «Сярэбранага крумкача» , прэмію Канадскага таварыства кінааператараў, прыз глядацкіх сімпатый і гран-пры , а таксама прэмію за найлепшы фільм на фестывалях у , , і Таронта.

Поспех «Куба» паспрыяў стварэнню яшчэ некалькіх карцін у гэтым кінасусвеце: у 2002 годзе выйшаў сіквэл «Куб 2: Гіперкуб», а ў 2004 годзе — прыквэл «Куб Нуль». У 2021 годзе быў зняты японскі рымейк фільма.

Сюжэт Мужчына, апрануты ў робу з надпісам «Alderson», прачынаецца ў кубічным пакоі. Акурат у сярэдзіне кожнай з шасці граняў пакоя размешчаны люк. Мужчына адчыняе люк у адной са сцен памяшкання, зазірае ўнутр — і бачыць такі ж самы пакой, толькі іншага колеру. Ён правярае яшчэ некалькі люкаў — яны таксама вядуць у іншыя кубічныя пакоі. Урэшце ён вырашае перабрацца ў адно з суседніх памяшканняў. Як толькі ён выходзіць на сярэдзіну новага пакоя, яго разразае металічная сетка. Мужчына літаральна развальваецца на кавалкі.

У іншым пакоі сустракаюцца яшчэ некалькі людзей. У адной кампаніі аказваюцца Хелен Холаўэй, Квенцін, Джаан Левен і Дэвід Уорт. Ніхто не ведае, як яны патрапілі ў гэтае месца. Праз некаторы час у пакой праз люк трапляе мужчына па імені Рэн. Ён аказваецца крымінальнікам з вялікім вопытам уцёкаў з турмаў. Рэн кідае чаравік у адзін з суседніх пакояў, трымаючы яго за звязаныя між сабой шнуркі. У пакоі спрацоўвае агнямёт. Праверыўшы іншы пакой і прызнаўшы яго бяспечным, мужчына ўваходзіць туды і кліча за сабой астатніх. Рэн правярае яшчэ адзін пакой, кідаючы абутак — пакой бяспечны, але як толькі Рэн аказваецца ў пакоі, яму ў твар трапляе кіслата. Рэна ўцягваюць назад у бяспечны пакой, аднак яму ўжо не дапамагчы. Неўзабаве ён гіне.

Шукаючы паратунку, палонныя абменьваюцца звесткамі пра сябе. Хелен працуе лекарам, Квенцін — паліцэйскі, Джаан Левен — школьніца, якая захапляецца матэматыкай, Уорт — інжынер. Дарогай кампанія знаходзіць маладога чалавека па імені Казан. Хлопец выглядае псіхічна хворым, але здольны разумець навакольных. Холаўэй настойвае, каб яго ўзялі з сабой. Квенцін спрабуе захапіць пазіцыю лідара групы. Таксама ён часта робіць выпады ў бок Казана і Уорта. Усім астатнім з цяжкасцю ўдаецца яго супакойваць. Члены групы задаюцца шматлікімі пытаннямі: як яны патрапілі сюды, дзе знаходзіцца гэтае збудаванне, хто іх сюды пасадзіў. Аднак пошук адказу часта прыводзіць да спрэчак. У адной з іх Уорт прагаворваецца, што з’яўляецца праекціроўшчыкам каркаса Куба. Аднак Уорт настойвае на тым, што не ведаў, з якой мэтай вялася распрацоўка Куба.

Левен, на аснове інфармацыі пра каркас, атрыманай ад Уорта, пачынае разумець прыкладную будову Куба. Яна заўважае, што кожны пакой мае свой нумар — тры трохзначныя лікі. Левен прапануе гіпотэзу, паводле якой сумы лічбаў кожнага з трох лікаў — гэта каардынаты месцазнаходжання пакояў. Такім чынам, Куб складаецца з 17 576 памяшканняў: 26 пакояў у даўжыню, 26 — у шырыню і 26 — у вышыню. Яна прапануе вызначыцца з цяперашнім іх месцазнаходжаннем у Кубе і рухацца да найбліжэйшага краю. Таксама дзяўчына заключае, што пасткі знаходзяцца ў пакоях, у нумарах якіх ёсць простыя лікі. Аднак, у адным з патэнцыйна бяспечных пакояў Квенцін аказваецца паранены дротам, што часткова абвяргае першасную гіпотэзу. Рухаючыся далей, палонныя трапляюць у сітуацыю, дзе вымушаны прайсці пакой, сэнсары якога рэагуюць на гук. Гэта задача аказваецца вельмі складанай і напружанай, бо перабірацца трэба ўніз праз столь наступнага пакоя. Да таго ж, псіхічна хворы Казан можа загаварыць і падвергнуць смяротнай небяспецы іншых. Квенцін патрабуе пакінуць Казана, але не сустракае падтрымкі. У рэшце рэшт, усім удаецца перабрацца.

Адзін з пакояў аказваецца бакавым: з аднаго з бакоў люк вядзе не ў іншы пакой, а ў пустэчу. Знешні свет аказваецца закрытым дадатковым корпусам, размешчаным на значнай адлегласці ад пакояў Куба. Палонныя звязваюць свае робы, каб спусціць некага ўніз. Як адну з самых лёгкіх, выбіраюць Хелен. Аднак даўжыні імправізаванай вяроўкі не хапае, Хелен разгойдваецца, спрабуючы дастаць да знешняй абалонкі. У гэты момант з-за ўзварушэння пакояў усе губляюць раўнавагу і выпускаюць вяроўку. Квенціну ўдаецца злавіць Холаўэй, але праз нейкі момант ён адпускае яе руку, а іншым кажа, што Хелен сарвалася. Стома расце, даюць аб сабе знаць абязводжванне і голад, каманда патрабуе адпачынку. Квенцін, які захапіў лідарства, распараджаецца выдзеліць адну гадзіну на сон. Праз некаторы час ён будзіць Левен і прадпрымае спробу збегчы з ёй ад астатніх, але паліцэйскага спыняюць.

Цяпер палонныя імкнуцца спусціцца ўніз, аднак у адным з пакояў знянацку натыкаюцца на цела Рэна. Члены групы ўпадаюць у адчай, бо аказваецца, што яны хадзілі кругамі. Уорт жа не губляе здольнасці валодаць сабой і прыцягвае ўвагу астатніх да таго факту, што цяпер на месцы пакоя, дзе трапіў у пастку Рэн, пустэча. Левен заключае, што пакоі Куба могуць перамяшчацца. Між іншага гэтая здагадка тлумачыць шум, штуршкі і моцную вібрацыю, якую перыядычна адчувалі палонныя. Левен удакладняе сваю гіпотэзу наконт пастак: пра пасткі сведчаць не толькі простыя лікі, але і ступені простых лікаў. Аднак дзяўчына заяўляе, што падобныя вылічэнні валодаюць «астранамічнай складанасцю». У гэты момант Казан пачынае каментаваць разважанні дзяўчыны-матэматыка. Аказваецца, ён валодае здольнасцю фенаменальна хутка знаходзіць адказ у дадзенай задачы. Бачачы, што Квенцін чыніць усё больш гвалту, Левен з Уортам змаўляюцца ўцячы ад яго і робяць яму пастку, у выніку якой Квенціна ўдаецца скінуць у люк. Левен, Уорт і Казан збягаюць. Героі хутка набліжаюцца да выхаду.

Палонныя выяўляюць пакой-мост, які паводле гіпотэзы Левен можа перамясціцца за межы Куба. Пасля чарговага перамяшчэння ў люку замест чорнай пустэчы аказваецца яркае белае святло. Першым выходзіць Казан. Уорт жа ўпадае ў дэпрэсію і кажа, што не заслугоўвае свабоды. Левен угаворвае яго выйсці. У гэты момант з’яўляецца Квенцін і наскрозь пратыкае дзяўчыну фрагментам дзвярной ручкі. У наступнае імгненне паліцэйскі раніць інжынера, а сам спрабуе выйсці праз адкрыты люк. Але ў апошні момант Уорт хапае Квенціна за нагу. Пакой зрушваецца ўбок, пачынаючы свой чарговы шлях па лабірынце — і рассякае Квенціна. Паранены Уорт кладзецца на падлогу побач з Левен. Казан ідзе наперад і аказваецца заліты яркім белым святлом.

Акцёрскі склад

Вытворчасць Праца над сцэнарыем Ідэю фільма Наталі выношваў каля пяці гадоў. Асноўная задума была завязана на прагматычнай асаблівасці — вельмі абмежаваным бюджэце. З-за невялікай колькасці сродкаў Вінчэнца планаваў зняць прыгодніцкую карціну або фільм у жанры , у якім дзеянне адбываецца толькі ў адным пакоі. Акрамя Наталі над сцэнарыем працавалі Грэм Мэнсан і сябар дзяцінства рэжысёра Андрэ Біжэлік. Асноўная ідэя фільма досыць простая — шэсць чалавек, прачнуўшыся ў бясконцым лабірынце пакояў, павінны знайсці выхад, перш чым памруць ад голаду і смагі. Аднак перакладаючы ідэю на паперу, каманда «распрацоўвала кітайскую галаваломку з нуля». Скончыўшы сцэнарый, рэжысёр лічыў, што самая складаная частка працы засталася ў мінулым, аднак, прыступіўшы да здымак, ён зразумеў, што памыляўся. У раннім варыянце сюжэту персанажы павінны былі знайсці рэшткі іншапланетнай ежы. Потым ад гэтай ідэі адмовіліся, каб зрабіць паходжанне Куба больш таямнічым.

Здымкі «Куб» быў зняты за 20 дзён на складзе гуказапіснай студыі «Wallace Film» у Таронта. Для здымкаў быў пабудаваны ўсяго адзін пакой памерамі 14×14×14 футаў. Колер пакоя змяняўся пры дапамозе зменных панэляў. Фільм здымаўся паслядоўна для кожнага колеру, так як змена панэляў патрабавала часу. Першапачаткова пакоі планавалася зрабіць шасці колераў, але з-за недахопу бюджэту было выкарыстана толькі пяць. На здымках прысутнічалі толькі адны працуючыя дзверы. Улічваючы невялікі бюджэт, Наталі дакладна распланаваў кожную сцэну і распрацаваў раскадроўку, у выніку чаго былі ўлічаны наймалейшыя дэталі, што не пакідала месца для выпадковасці. Такім чынам, нават самы амбіцыйны эпізод, у якім чалавек літаральна распадаўся на кавалкі, быў зняты без неспадзяваных затрымак. Адной з найбольш складаных тэхнічных праблем нечакана аказалася вага дзвярэй паміж пакоямі куба. У першы ж здымачны дзень аказалася, што люк быў настолькі цяжкі, што яго не мог зварухнуць ні на цалю нават Морыс Дзін Уінт, самы моцны з акцёраў. Так як па ходу сцэнарыя дзверы мусілі пастаянна адчыняцца і зачыняцца, было вырашана здымаць вялікую дыялогавую сцэну. Тым часам мастак па спецэфектах Уільям Філіпс перарабіў канструкцыю дзвярэй літаральна з падручных матэрыялаў, купленых у гаспадарчай краме. Кампанія «C.O.R.E.» стварыла ўсе лічбавыя спецэфекты для фільма бясплатна.

Саўндтрэк Музыку да фільма напісаў Марк Корвен. Саўндтрэк, які складаецца з пяці кампазіцый агульнай працягласцю крыху больш за 20 хвілін, з’явіўся ў iTunes 1 студзеня 2008 года. Лэйбл «Radar Records» выдаў яго 18 сакавіка таго ж года.

Выхад і прызнанне Пракат і зборы Здымкі Наталі лічыў катастрофай і быў вельмі здзіўлены, калі кіно атрымала міжнароднае прызнанне. «Калі б на той момант мне сказалі, што „Куб“ выйдзе ў шырокі пракат і атрымае працяг, я б упаў з крэсла» — адзначае рэжысёр. Бюджэт фільма па розных ацэнках склаў 350—365 тысяч канадскіх долараў (каля 300 тысяч долараў ЗША). Прэм’ера фільма адбылася 9 верасня 1997 года ў межах Міжнароднага кінафестывалю ў Таронта. 18 верасня 1997 года фільм выйшаў у пракат у Таронта, Атаве і Манрэалі. У ЗША «Куб» стартаваў у абмежаваным пракаце 11 верасня 1998 года. Першы тыдзень прынёс усяго 57 тысяч долараў, усяго ў хатнім пракаце стужка сабрала крыху больш за 500 тысяч. У Францыі, аднак, каса фільма склала 10,3 млн. долараў. «Куб» стаў пятым мастацкім фільмам, выпушчаным у межах праекта Цэнтра канадскага кіно. На відэакасетах «Куб» выйшаў у 1999 годзе, а ў фармаце Blu-ray — у 2012 годзе. У Сінгапуры карціна была выпушчана ў крыху скарочаным выглядзе — мінімальныя змены закранулі восем сцэн.

Ацэнкі і крытыка

Паводле дадзеных агрэгатара крытычных аглядаў «Rotten Tomatoes» сярод 37 рэцэнзентаў 23 далі станоўчую ацэнку фільму, што складае 62%. Іншы папулярны агрэгатар крытычных аглядаў, «Metacritic», дае фільму ўсярэдненую ацэнку ў 61 бал са 100 магчымых на аснове 12 рэцэнзій. Карыстальнікі папулярнага рэсурсу «Internet Movie Database» адзначылі фільм ацэнкай у 7,3 бала па дзесяцібальнай шкале.

Рэцэнзенты адзначалі, што фільм пра футурыстычную турму стаў самай клаўстрафобнай канадскай карцінай усіх часоў. Яны таксама хвалілі інтрыгу, палітычныя алегорыі, неадназначнасць, раптоўныя павароты сюжэта, напружанасць дзеяння, мінімалістычнае музычнае суправаджэнне. Нярэдка карціну называлі культавай. Расійскі часопіс «» уключыў трылогію пра Куб у рэйтынг «Скарбніца кінематографа» ў жанры навуковай фантастыкі.

Шэраг рэцэнзентаў выдзеліў недахопы працы Наталі — так, «Los Angeles Times» не спадабалася матэматычная падаплёка карціны, а «The New York Times», «San Francisco Chronicle», «Variety» і «TV Guide» палічылі слабымі некаторыя дыялогі. У «Reel Film Reviews» адзначалася, што пасля гадзіны прагляду кіно адчувальна «выдыхаецца», аднак пазней выходзіць «на ўражвальную фінішную прамую».