Дынабургскі езуіцкі калегіум — навучальная ўстанова Таварыства Ісуса, якая дзейнічала ў Дынабургу (Дзвінску).

Езуіты ў Дынабургу да 1761 г. Першыя езуіты (пераважна з Рыгі і Тарту) сталі час ад часу з’яўляцца ў Дынабургу яшчэ з канца XVI ст. У 1630 г. на сродкі ваяводы смаленскага Аляксандра Гасеўскага і дынабургскага старасты Альфонса Ляцкага ў гарадзе былі заснаваныя езуіцкія рэзідэнцыя і касцёлGrzebień, L. (Ed.), Encyklopedia Wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1996..

Пачатковая школа пры рэзідэнцыі езуітаў у Дынабургу была адкрыта ў 1638 г. У 1695 г. у ёй ужо пачалося выкладанне рыторыкі, а ў 1752 г. з’явіўся курс філасофіі. Пасля знішчальнага пажару 1749 г., які пакінуў ад рэзідэнцыі толькі пашкоджаны мураваны касцёл, у 1753 г. пачынаецца ўзвядзенне новых мураваных карпусоў.

Дзейнасць калегіума Пераўтварэнне рэзідэнцыі ў калегіум спрыяла далейшаму развіццю дынабургскай пляцоўкі езуітаў. Пры гэтым, некаторыя іх будынкі і памяшканні ўрад забраў пад свае патрэбыZałęski, S. Jezuici w Polsce. T. 5, Jezuici w Polsce porozbiorowej 1773—1905. Cz. 1 : 1773—1820. — Kraków: W.L. Anczyc i sp, 1907. — s. 354.. У 1767—1769 гг. у калегіуме выкладаўся курс маральнай тэалогіі для езуіцкіх і дыяцэзіяльных семінарыстаў. З канца XVIII ст. у калегіуме сталі вывучаць матэматыку, а таксама нямецкую, французскую і рускую мовы.

Колькасць вучняў у езуіцкай школе звычайна была адносна невялікай (у 1802 г. — 92 чалавекі). Зусім небагата было вучняў, якія пражывалі ў канвікце (пансіёне): у 1802 г. — 3, а ў 1803 — 2. Дынабургскія езуіты ўтрымлівалі музычную бурсу, у якой у 1796 г. займалася 9, а ў 1807 г. — 14 хлопцаў. У 1784—1803 гг. пры калегіуме размяшчаўся (з невялікімі перапынкамі) дом Трэцяй прабацыі. (Трэцяя прабацыя прызначалася для ўсіх членаў Таварыства Ісуса, якія ўжо былі высвечаныя на ксяндзоў і скончылі курс тэалогіі. Пад кіраўніцтвам дасведчанага айца-езуіта, інструктара, удзельнікі Трэцяй прабацыі на працягу года штудыявалі ордэнскае права і, вывучаючы лісты Ігнація Лаёлы, заснавальніка Таварыства Ісуса, і ладзячы штомесячныя сходы, якія праходзілі ў поўным маўчанні, паглыблялі знаёмства з ордэнскай духоўнасцю.)

Рашэннем ад 19 ліпеня 1803 г. з Полацку у Дынабург быў пераведзены навіцыят. У сваю чаргу полацкай пляцоўцы езуітаў перадавалася дом Трэцяй прабацыіZałęski, S. Jezuici w Polsce. T. 5, Jezuici w Polsce porozbiorowej 1773—1905. Cz. 1 : 1773—1820. — Kraków: W.L. Anczyc i sp, 1907. — s. 314.. За нядоўгі час выпрабаванні ў Дынабургу прашлі многія дзясяткі навіцыяў. У 1804 г. іх было 23, у 1805 г. — і 34, у 1806 г. — 61, у 1807 г. — 34, у 1808 г. — 28, у 1809 г. — 21, у 1810 — 24, а ў 1811 — 34 чалавекіCatalogs SJ 1774—1829. Russiae. . Сярод іх было нямала ў будучым слынных дзеячаў Таварыства Ісуса, у тым ліку генерал ордэна Ян РотанCatalogus sociorum et officiorum Societatis Jesu in Imperio Rossiaco. Ex Anno 1805, in Annum 1806. — Polociae: Typis Academicis Societatis Jesu, 1806. — p. 12. .

Амаль да самага закрыцця калегіума працягвалася яго разбудова. Ёй кіравалі архітэктары Андрэй Жаброўскі (1780—1786), Фрыдрых Морлік (1787—1793), Тадэвуш Складоўскі (1788—1796) і Войцех Абрампальскі (1796—1800). Так, у 1806 г. драўляным пабудовам для заняткаў, якія неаднаразова знішчаліся пажарамі, на змену прыйшоў мураваны вучэбны будынак.

Не пазней за 1743 г. пры рэзідэнцыі пачала працаваць аптэка, якая карысталася добрай рэпутацыяй у горадзе і яго ваколіцах. У 1763 г. для яе лабараторыі быў збудаваны асобны мураваны будынак. Цікава, што з 1779 г. езуіты здавалі аптэку ў арэнду лютэраніну з Рыгі.

У 1811 г. ў сувязі з пачаткам будаўніцтва ў Дынабургу крэпасці (рыхтуючыся да вайны з Напалеонам, Расійская імперыя ўмацоўвала свае заходнія межы) езуіты былі вымушаны пакінуць горад. Навіцыят быў перанесены ў Пушу, а школа — у КраславуGiżycki, J.M. Materyały do dziejów Akademii Połockiej i szkół odniej zależnych / J.M. Giżycki. — Kraków : Druk. W. Anczyca i spółki, 1905. — s. 165—166.

Бібліятэка Калегіум меў невялікую бібліятэку, якая доўгі час прырастала прыватнымі ахвяраваннямі. У 1781 г. было закуплена шмат кніжак у Вільні. Даволі багатыя кніжныя зборы засталіся калегіуму ад памерлых айцоў-езуітаў: Андрэя Янкоўскага, Яна Краснадэмбскага і Людвіка Візгінца. Спрыялі папаўненню бібліятэкі кніжныя ахвяраванні заходнееўрапейскіх езуітаў, якія прыязджалі на Беларусь пасля скасавання Таварыства Ісуса папам Кліментам XIV (1773). У 1785 г. бібліятэка заняла другі паверх новага мураванага будынку (на першым, як і ў Полацкім калегіуме, знаходзілася сталовая). У 1803 г. ёй быў перададзены кнігазбор Полацкага навіцыяту. Пасля закрыцця калегіума частка бібліятэчных фондаў была адпраўлена ў палац Плятэр-Зыберкаў у Ліксну, а потым — у Пушу, куды ўласна і перавялі навіцыят.

Значныя постаці калегіума

Рэктары Мацей Канановіч (1761—1765, 1772—1778; у 1758—1761 — суперыёр рэзідэнцыі) Адам Шалкоўскі (1765—1768) Андрэй Кавецкі (1768—1771) Віктар Шчуцкі (1771—1772) Станіслаў Кляноўскі (1778—1784) Францішак Любавіцкі (1784—1792) Якуб Лінкенхейер (1792—1795) Пётр Эстка (1795—1799) Казімір Астроўскі (1799—1803) Якуб Рагалінскі (1803—1810)

Выкладчыкі Войцех Абрампальскі, архітэктар і матэматык; рэктар Мсціслаўскага езуіцкага калегіума Антоній Корсак, рэктар Магілёўскага езуіцкага калегіума Алаіз Ландэс, правінцыял Беларускай правінцыі Таварыства Ісуса, рэктар Полацкай езуіцкай акадэміі Клеменс Пятроўскі, прафесар і сакратар Полацкай езуіцкай акадэміі Ян Ротан, 21-шы генерал Таварыства Ісуса Станіслаў Свентахоўскі, правінцыял Беларускай правінцыі Таварыства Ісуса, правінцыял Галіцкай правінцыі Таварыства Ісуса

Пакінуўшы ўніверсітэцкую Вільню, апошнія паўтары гады свайго жыцця ў дынабургскіх езуітаў правёў знакаміты астраном і асветнік Марцін Пачобут-Адляніцкі.Załęski, S. Jezuici w Polsce. T. 5, Jezuici w Polsce porozbiorowej 1773—1905. Cz. 1 : 1773—1820. — Kraków: W.L. Anczyc i sp, 1907. — s. 352—353Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — С. 118.

Літаратура Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — 427 с. Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy 1564—1995 / oprac. L. Grzebień. — Kraków : Wyd-wo WAM, 1996. — 882 s. Giżycki, J.M. Materyały do dziejów Akademii Połockiej i szkół odniej zależnych / J.M. Giżycki. — Kraków : Druk. W. Anczyca i spółki, 1905. — 288 s. Załęski, S. Jezuici w Polsce. T. 5, Jezuici w Polsce porozbiorowej 1773—1905. Cz. 1 : 1773—1820. — Kraków: W.L. Anczyc i sp, 1907. — 517 s.

Катэгорыя:1761 год у Еўропе Катэгорыя:XVIII стагоддзе ў Латвіі Катэгорыя:Зніклі ў 1811 годзе Катэгорыя:Езуіцкія калегіумы

Катэгорыя:Гісторыя Даўгаўпілса