Чэхель-сатун (перс. چهل ستون — «Палац сарака калонаў») — палац персідскага шаха Абаса II ў горадзе Ісфахан (Іран), выдатнае збудаванне персідскай архітэктуры XVII стагоддзя. У складзе аб’екта Персідскія сады ўваходзіць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА.

Павільён быў пабудаваны Абасам II у 1647 годзе ў якасці месца для адпачынку.

Французскі падарожнік Жан-Батыст Тавернье ў сваіх запісах шмат разоў згадвае ўрачыстыя прыёмы, якія адбываліся тут. У 1707 годзе палац перажыў пажар, у 1870 годзе быў рэканструяваны.

Цяпер тут размешчана экспазіцыя археалагічнага музея, у якой прадстаўлены старажытныя вырабы з керамікі і дываны.

Палац плошчай 58×37 метраў размешчаны ў цэнтры цяністага саду, велічыня якога першапачаткова складала 7 гектараў. Элегантны галоўны фасад палаца з’яўляецца галерэяй, дах якой абапіраецца на 20 тонкіх васьмівугольных калонаў (3 шэрагі па 6 калонаў ў кожным і яшчэ дзве калоны, якія падтрымліваюць скляпенне). Гэтыя калоны вышынёй 13 метраў выразаны з суцэльных кедравых ствалоў. Чатыры цэнтральныя калоны абапіраюцца на каменныя базы з выявамі ільвоў. Падчас аднаўлення пасля пажару 1707 года калоны былі ўпрыгожаны люстэркавай мазаікай.

Перад плацам размешчана вялікая прамавугольная сажалка. Дваццаць калонаў, адлюстраваныя і нібыта падвоеныя ў люстэрку сажалкі, і далі палацу яго паэтычную назву.

Залы палаца ўпрыгожаны фрэскамі з выявамі падзей з гісторыі дынастыі Сефевідаў, у якіх прасочваюцца еўрапейскі і індыйскі ўплывы. Невялікія фрэскі любоўна-эратычнага зместу ў эпоху Каджараў былі зафарбаваныя вапнай, што дазволіла ім дайсці да нашых дзён у выдатным стане.

Цэнтральную частку палаца займае зал прыёмаў Абаса II. Яго сцены і столь шчодра ўпрыгожаны ляпнінай і распісаныя арнаментам у сініх, пунсовых, ізумрудна-зялёных і залатых танах — усяго на аздабленне інтэр’ераў палаца было выдаткавана некалькі кілаграмаў золата.

У свой час палац таксама аздаблялі керамічныя пано на тэмы гістарычных падзей, але яны былі рассеяны па ўсяму свету; шмат якія з іх цяпер захоўваюцца ў еўрапейскіх музеях.

Роспісы Залу прыёмаў

Літаратура I. Luschey-Schmeisser, Čehel Sotūn, Encyclopædia Iranica, 1990. N. Wilber, Persian Gardens and Garden Pavilions, Tokio, 1962. K. Würfel, Isfahan, Zurich, 1974. A. U. Pope, Persian Architecture, Londres, 1965.

Катэгорыя:Павільёны Катэгорыя:Сусветная спадчына ў Іране Катэгорыя:Палацы Ісфахана Катэгорыя:Музеі Ісфахана Катэгорыя:Будынкі і збудаванні, пабудаваныя ў 1647 годзе Катэгорыя:Палацы, пабудаваныя ў XVII стагоддзі Катэгорыя:Сефевіды Катэгорыя:Персідскія сады