Сігізму́нд (Зы́гмунт) Ка́рлавіч Свянці́цкі (; 20 кастрычніка 1836, Красцінава, цяпер Брэсцкая вобласць — 21 траўня 1910, Мінск) — беларускі лекар, адзін з заснавальнікаў унутрыполасцевай хірургіі на Беларусі. Доктар медыцыны (1864). Малодшы брат медыка Мечыслава Свянціцкага.

Біяграфія Нарадзіўся ў сям’і небагатага шляхціцаСвенцицкий Сигизмунд Карлович . Сярэднюю адукацыю атрымаў у Пінскім дваранскім вучылішчы і Мінскай гімназіі, якую скончыў са срэбным медалём. Яшчэ не дасягнуўшы 16 гадоў паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, але праз актыўны удзел у студэнцкім руху прыцягнуў да сябе ўвагу царскага ахоўнага аддзялення і быў вымушаны кінуць вучобу, пайсці на вайсковую службу і вярнуцца на радзіму20 кастрычніка 2016 года — 180 гадоў з дня нараджэння Сігізмунда Карлавіча Свянціцкага (1836—1910), урача, які ўнёс значны ўклад у станаўленне беларускай медыцыны, грамадскага дзеяча.

Паводле парады старэйшага брата працягнуў вучыцца ў Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, якую скончыў у 1861 годзе з залатым медалём. Імя Свянціцкага як найлепшага выпускніка было занесена на мармуровую дошку канферэнц-залы акадэміі, а сам ён быў пакінуты для падрыхтоўкі да навуковай і педагагічнай дзейнасці. Праз тры гады Сігізмунд Свянціцкі абараніў доктарскую дысертацыю, але перспектывы будучай навуковай кар’еры ўскладніліся сацыяльным напружаннем пасля паўстання 1863—1864 гадоў, праз што назаўсёды пакінуў сцены Акадэміі.

З 1870 года прызначаны старшым лекарам вайсковага шпіталя ў Мінску.

11 снежня 1879 года ў Мінску паводле ініцыятывы доктара медыцыны Сігізмунда Карлавіча Свянціцкага Мінскае таварыства ўрачоў на свае сродкі адкрыла бясплатную «лякарню для прыходных бедных хворых» — першую мінскую «паліклініку». Узначальваў лякарню Сігізмунд Свянціцкі, а яго памочнікам быў Іван Стржалка. Прыём вялі каля пятнаццаці ўрачоў і дзесяці фельчараў. Гэта ўстанова была закрыта праз недахоп фінансавання ў 1881 годзеМедицина в эпоху позднего феодализма (конец XVIII в. — первая половина XIX в.) .

Пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску.

Прыватнае жыццё

У 1860 годзе пазнаёміўся з дзевятнаццацігадовай Элізай Ажэшка, у часе студэнцкіх канікул. Эліза была ўжо замужняй жанчынай, але шлюб быў нешчаслівым. Сігізмунд, які ведаў сем моў, і Эліза, якая ведала чатыры, адчулі прыязнь адзін да аднаго, але ў хуткім часе сяброўства перарвалася доўгай навуковай камандзіроўкай Сігізмунда Свянціцкага ў Берлін і Вену. У часе разлукі Эліза Ажэшка прыняла актыўны ўдзел у паўстанні 1863 года, у выніку чаго яе муж, хоць і не прымаў у паўстанні актыўнага ўдзелу, быў арыштаваны і сасланы ў Пермскую губерню, а яго маёнтак канфіскаваны.

Сама Эліза пераехала ў раскіданы бацькоўскі маёнтак Мількаўшчына на Гарадзеншчыне. У гэты цяжкі перыяд жыцця Сігізмунд адшукаў яе. Адзінай перашкодай для іх шлюбу заставалася замужжа Элізы. Яна пачала шлюбаразводны працэс, які запатрабаваў ўмяшання кансісторыі і зацягнуўся на некалькі гадоў. Муж Элізы ў гэты час вярнуўся з ссылкі і жыў у Варшаве, зарабляючы ўрокамі музыкі. У гэты час нешта здарылася паміж закаханымі, і шлюб не адбыўся.

Эліза Ажэшка ніколі не апавядала і не пісала пра адносіны са Свянціцкім, але існуе меркаванне, што ён з’яўляецца прататыпам галоўнага героя ў яе рамане «Апошняе каханне». Эліза Ажэшка і Сігізмунд Свянціцкі памерлі ў адзін год і адзін месяц з розніцай у тры дні. 22 мая 1910 года віленская газета «Kurier Litewski» змясціла на сваёй першай старонцы два некралогі. Адзін з іх паведамляў аб смерці Элізы Ажэшка, якая наступіла 18 мая 1910 года, другі — пра смерць Сігізмунда Свянціцкага, якая наступіла 21 мая таго ж года.

Жонкай Свянціцкага стала пляменніца Адама Міцкевіча Марыя Аляксандраўна Міцкевіч.

На вуліцы Леніна ў Мінску захаваўся дом № 13, які належаў Сігізмунду Свянціцкаму (узведзены ў пачатку ХХ ст. архітэктарам Генрыхам Гаем у стылі мадэрн), цяпер гэта гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння.

Навуковая дзейнасць

Аўтар навуковых прац па пытаннях хірургіі. Дысертацыя — «Анатамічныя вышукі пра цягліцу, што сціскае мочаспускальны канал у мужчын» (1864). У 1874 годзе упершыню правёў аперацыю на плечавым суставе з прыдуманым ім «ушчамлявальным прыборам».

Акрамя хірургіі, ён займаўся пытаннямі эпідэміялогіі, тэрапіі, дэрматалогіі, курорталогіі, арганізацыі аховы здароўя, жыва адгукаўся на розныя вострыя сацыяльныя і медыцынскія праблемы. У першы год свайго знаходжання ў Мінску прааналізаваў распаўсюджванне халеры ў горадзе, зразумеў, што немалаважную ролю ў гэтым адыгрываюць рэкі Свіслач і Няміга. Ён таксама заўважыў неўспрымальнасць некаторых асоб да захворвання, засяродзіў увагу на з’яве імунітэту, папярэдзіўшы тым самым з’яўленне імуналогіі.

23 лютага 1884 года Сігізмунд Свянціцкі далажыў Таварыству мінскіх урачоў аб паспяхова праведзенай (у снежні 1883) разам з Іванам Стржалкам аперацыі ліквідацыі пузырна-похвавага свіршча, які з’явіўся пасля працяглых і цяжкіх трэціх родаўИ. К. Стржалко .

Грамадская дзейнасць

Сябра Таварыства мінскіх ўрачоў (у 1873–1879 і ў 1883–1885 гадах яго прэзідэнт). У Мінску ў 1884 годзе паводле яго ініцыятывы арганізавана санітарная камісія змагання з халерай.

Гл. таксама Дом Свянціцкага

Літаратура

Кульпанович О. А. История медицины Беларуси в биографиях ее врачей XVII-1 пол. XX вв.: 2000 биографий врачей. Минск: Медисонт, 2011. — 462 с. — ISBN 978-985-6982-30-2

Спасылкі

Катэгорыя:Хірургі Беларусі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Драгічынскім раёне Катэгорыя:Эпідэміёлагі Беларусі Катэгорыя:Дэрматолагі Беларусі Катэгорыя:Постаці беларускай аховы здароўя Катэгорыя:Імунолагі Беларусі