Пацы () — магнацкі род, прадстаўнікі якога ў 16—18 стст. займалі дзяржаўныя пасады ў Вялікім княстве Літоўскім. Валодалі маёнткамі ў Лідскім і Гарадзенскім паветах, мястэчкамі Магільна, Астравец (у 16 ст.), Чартарыйск (у 17 ст.), Відзы і інш.

Гісторыя

Першым з роду Пацаў, які ўпамінаецца ў крыніцах з’яўляецца літоўскі баярын Даўкша, жыўшы ў 15 ст. Нічога значнага аб ім не вядома, але ўжо яго сын Юрый Пац быў адной з значных постацяў пры двары вялікага князя Казіміра Ягелончыка. З таго часу Пацы пачынаюць гуляць значную ролю ў палітычным і духоўным жыцці княства. У другой палове 17 ст. род дасягае піка сваёй магутнасці, прадстаўнікі роду займаюць высокія дзяржаўныя пасады, а менавіта:гетмана літоўскага, канцлера літоўскага, біскупаў віленскага і жмудскага. Але з цягам часу іх дамінацыя, у краіне знішчонай цяжкімі войнамі, пачала хіліцца, род быў адсунуты на другі план прадстаўнікамі Сапегаў. Апошні з вядомых Пацаў быў Людвіг Міхаіл Пац, удзельнік вайны напалеонаўскай і паўстання 1830—1831 гг. супраць расійскай улады, па заканчэнню паўстання быў вымушаны эміграваць дзе і памёр. Сямейны маёнтак Пацаў быў канфіскаваны расійскай уладай.

Найбольш вядомыя з роду: Юрый Пац (?-1505) — намеснік полацкі ў 1496—1501; Станіслаў Пац (?-1588) — ваявода віцебскі ў 1566; Павел Пац (?-1595) — кашталян віцебскі ў 1566, ваявода мсціслаўскі ў 1578, кашталян віленскі ў 1593; Ян Пац (?-1610) — ваявода менскі ў 1600; Стэфан Пац (1587—1640) — земскі падскарбі літоўскі з 1630, падканцлер літоўскі з 1635 Крыштаф Жыгімонт Пац (1621—1684 — падканцлер літоўскі з 1656, канцлер вялікі літоўскі з 1658; Міхал Казімір Пац (?-1682) — ваявода смаленскі і гетман польны літоўскі з 1663, кашталян віленскі і гетман вялікі літоўскі з 1667, ваявода віленскі з 1669; Міхал Ян Пац (1728—1787) — маршалак Барскай канфедэрацыі; Міхал Людвіг Пац (1780—1835) — генерал польскага войску ў арміі Напалеона, часовы галоўнакамандуючы паўстанцкімі войскамі ў час паўстання 1830—1831, апошні прадстаўнік Пацаў.