Януш Скумін Тышкевіч () — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч. Ваявода мсціслаўскі (1621—1626), троцкі (1626—1640), віленскі (з 1640), староста браслаўскі, юрборскі і навадворскі.

Біяграфія Прадстаўнік старэйшай лініі роду Тышкевічаў (Скумін-Тышкевічы) герба «Ляліва», сын Тэадора, ваяводы наваградскага, і Кацярыны з Ляцкіх.

Навучаўся ў Падуанскім універсітэце. Удзельнічаў у пасольствах у Прусію, перамовах са Швецыяй. Ваяваў супраць шведаў у Інфлянтах у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй (1600—1618), Дзмітрыядзе ІІ і інтэрвенцыі ў Маскоўскую дзяржаву 1609—1618 гадоў. Асабіста ўдзельнічаў на чале ўласнай роты ў бітве пад Клушынам (1610), быў паранены маскоўцамі ў баі 11 жніўня 1610 года і ваяваў супраць туркаў у Хоцінскай бітве 1621 года.

Браў удзел у рэлігійнай палеміцы падчас заключэння Берасцейскай уніі (1596), выдаў брашуру «Ліст да Барэцкага і Сматрыцкага супраць царквы ўсходняй». Аўтар дзённіка мірных перамоў са Швецыяй у 1625 годзе.

У 1618 годзе зрабіў ахвяраванне на кляштар бенедыкцінцаў у Гродна.

Першы раз ажаніўся з Барбарай, дачкой Станіслава Нарушэвіча, другі — з Соф’яй Замяхоўскай. У першым шлюбе меў дачку Кацярыну Яўгенію, якая стала жонкай Аляксандра Людвіка Радзівіла.

Крыніцы

Літаратура

Януш Катэгорыя:Сенатары Рэчы Паспалітай Катэгорыя:Ваяводы віленскія Катэгорыя:Ваяводы троцкія Катэгорыя:Ваяводы мсціслаўскія Катэгорыя:Пісары вялікія літоўскія Катэгорыя:Старосты браслаўскія Катэгорыя:Старосты навадворскія Катэгорыя:Старосты юрборскія