Гато () — архіпелаг на поўначы Усходне-Кітайскага мора. Уваходзіць у склад японскай прэфектуры Нагасакі. Агульная плошча — 690 км². Насельніцтва (2005 г.) — 76 311 чалавек.
Геаграфія Архіпелаг Гато выцягнуты з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад на 91 км. Нягледзячы на назву, якая азначае 5 астравоў, у яго склад уваходзяць 140 астравоў рознай плошчы. Найбольшы востраў Фукуэ займае 326,34 км².
Усе астравы маюць вулканічнае паходжанне. Адрозніваюцца разнастайнасцю ландшафтаў, уключаюць горы, прыморскія скалы і нізіны, пляжы. На астравах захаваліся горныя лясы, хаця большую частку незаселеных зямель займаюць горныя лугі. Шмат марскіх птушак. Для аховы прыроды арганізаваны нацыянальны парк Сайкай.
Гісторыя thumb| left|Касцёл на востраве Фукуэ Лічыцца, што першыя людзі з'явіліся на астравах Гато ўжо ў эпоху палеаліта. Археолагамі выяўлены рэшткі культур Дзёмон і Яёй. У пісьмовых крыніцах Гато ўзгадваюцца з VIII ст. як месца прыбыцця караблёў з імперыі Тан.
На працягу ўсяго сярэднявечча астравы адыгрывалі важную ролю ў міжнародным гандлі, што абумовіла сталую барацьбу за іх з боку розных феадальных родаў. У XVI ст. на астравах жыў знакаміты кітайскі пірат Вань Жы, які займаўся пасрэдніцкай дзейнасцю паміж японцамі і партугальцамі. У 1566 г. езуіты арганізавалі на востраве Фукуэ місію і здолелі прыцягнуць да хрысціянства значную колькасць астравіцян.
У 1587 г. Таётомі Хідэёсі выгнаў місіянераў і перадаў архіпелаг роду Гато, ад прозвішча якога паходзіць сучасная назва. Хаця пасля 1638 г. у Японіі было забаронена хрысціянства, Гато адносна лаяльна ставіліся да патаемных хрысціянскіх культаў, што забяспечыла прыток перасяленцаў з другіх частак краіны. Толькі ў 1798 г. пераехала 108 патаемных хрысціян. Перасяленцы займалі горныя раёны. Многія з іх займаліся прадпрымальніцкай дзейнасцю. У перыяд ізаляцыі Японіі архіпелаг заставаўся важным гандлёвым і рамесніцкім цэнтрам.
У 1865 г., калі ў Нагасакі былі ўзноўлены каталіцкія набажэнствы, вернікі з Гато звярнуліся з запытам даслаць да іх святароў. Аднак урад Мэйдзі адказаў рэпрэсіямі. У 1868 г. было арыштавана 200 хрысціян, 42 з якіх загінулі ў выніку катаванняў. Пакаранне хрысціян выклікала абурэнне з боку іншаземных дзяржаў. У 1873 г. японскія ўлады знялі абмежаванні ў распаўсюджванні хрысціянства. У нашы дні ад 10% да 15% астравіцян спавядаюць гэтую рэлігію.
У 1871 г. адгалінаванні рода Гато страцілі сваю ўладу над архіпелагам. Ён увайшоў у склад прэфектуры Нагасакі.
Эканоміка Асноўныя галіны эканомікі — рыбалоўства, земляробства і абслугоўванне турыстаў. Астравы злучаны паромнай пераправай з Нагасакі. На востраве Фукуэ працуе аэрапорт.
Спасылкі Goto Islands – Asian Studies Of hidden Christians and electric cars on the Goto Islands Saikai National Park Goto Islands Travel: Nakadori and Wakamatsu Islands
Катэгорыя:Астравы Ціхага акіяна Катэгорыя:Астравы Японіі