Ге́нрых II Кандэ́ (; ; 1 верасня 1588, Сен-Жан-д’Анжэлі, Францыя — 26 снежня 1646, Парыж, Францыя, поўнае імя — Ге́нрых II дэ Бурбо́н-Кандэ́) — французскі арыстакрат з дынастыі Бурбонаў, 3-і прынц Кандэ, 1-ы герцаг Манмарансі з 1633 года, герцаг Энгіенскі ў 1588—1621 гадах і герцаг Шатару.
Стаў прынцам Кандэ адразу пасля нараджэння, якое адбылося ўжо пасля смерці яго бацькі, прынца Генрыха I Кандэ.
У час рэгенцтва Марыі Медычы Генрых II змагаўся за палітычны ўплыў, але пацярпеў паражэнне. У 1616 годзе быў арыштаваны і на працягу трох гадоў знаходзіўся ў зняволенні — спачатку ў Бастыліі, а потым у Венсенскім замку. Будучы католікам, удзельнічаў у ваенных дзеяннях супраць гугенотаў на поўдні Францыі.
У 1609 годзе ажаніўся з Шарлотай Маргарытай дэ Манмарансі. Паколькі яго жонка стала аб’ектам заляцанняў Генрыха IV, Генрых II быў вымушаны часова выехаць разам з ёй з Францыі.
Меў трох дзяцей, якія сталі аднымі з галоўных удзельнікаў Фронды:
Ганна Жэнеўева дэ Бурбон-Кандэ (1619—1679), жонка Генрыха II Арлеанскага, герцага Лангвіля; Луі II Кандэ (1621—1686), вядомы як Вялікі Кандэ, спадчыннік бацькі і герцаг Энгіенскі ў 1621—1646 гадах; Арман дэ Бурбон (1629—1666), першы прынц Канці.
З ім звязаны гістарычны анекдот, які адлюстроўвае палітычнае становішча ў Францыі ў час кіравання Людовіка XIII. Нібыта прынц Кандэ распавядаў пра медаль, на аверсе якога быў выбіты профіль Людовіка XIII з надпісам «Rex Franc. et Nav.» («Кароль Францыі і Навары»), а на рэверсе — профіль кардынала Рышэльё, акружаны словамі «Nil sine consilio» («Нічога без парады»).
У «Мемуарах» Франсуа дэ Ларошфуко прынцу дадзена неадназначная характарыстыка: «Прынц Кандэ, вялікі палітык, выдатны прыдворны, але да асабістых спраў належаў больш, чым да дзяржаўных, усе свае дамаганні абмяжоўваў толькі адным — узбагачацца».
Літаратура
Bitsch, Caroline. Vie et carrière d’Henri II de Bourbon, prince de Condé (1588—1646). — Paris : Honoré Champion, 2008.
Катэгорыя:Прынцы Кандэ Катэгорыя:Бурбоны Катэгорыя:Французскія дзяржаўныя дзеячы XVII стагоддзя Катэгорыя:Французскія ваеначальнікі Катэгорыя:Удзельнікі рэлігійных войнаў у Францыі Катэгорыя:Пасмяротныя дзеці