Айкані́міка (ад  — жыллё +  — імя) — раздзел тапанімікі, які вывучае айконімы — уласныя назвы паселішчаў (населеных пунктаў), С.37. Сукупнасць айконімаў пэўнай тэрыторыі называецца айканіміяй.

Паколькі назвы некаторых гарадскіх вуліц утвораны ад гістарычных назваў сёл, што існавалі на гэтым месцы, то ў айканімію часам уключаюць і назвы вуліц.

Топафармант (тапанімічны фармант) — частка айконіма (і тапоніма ўвогуле), якая звычайна складаецца з суфікса або сукупнасці суфікса і граматычнага канчатка.

Айконімы ўтвараюцца трыма асноўнымі шляхамі: ад апелятыўных асноў, ад антрапонімаў і ад гідронімаў.

Айконімы апелятыўнага паходжання Айконімы апелятыўнага паходжання па структуры могуць адпавядаць апелятыву: Барок, Яма, Гара, Мяжа. У аснову адапелятыўных найменняў часта пакладзены прыродныя прыкметы аб’ектаў (Асінаўка, Бярозкі, Глінніца, Глыбокае), найменні сацыяльных і эканамічных з’яў (Гута, Муляры, Дудары), назвы тыпаў паселішчаў (Слабада, Пагост, Гарадок), найменні перасяленцаў (Латышы, Ляхава, Мазуры, Маскавічы).

На тэрыторыі даўняга славянскага засялення самыя частыя — айконімы з асновай горад. На тэрыторыі Беларусі шмат айконімаў тыпу Гарадок, Гародня, Гарадзея, Гарадзец, Гарадзішча, Навагрудак. Для феадальнай эпохі былі тыповымі айконімы, у якіх слова горад спалучалася з іменем. Беларускі горад Давыд-Гарадок назвалі ў гонар валынскага князя Давыда Ігаравіча, які заснаваў яго на рубяжы XI—XII стагоддзяў.

У феадальную эпоху даволі пашыранымі былі слабоды і слабодкі — паселішчы, якія на пэўны час вызваляліся ад подацей і павіннасцей. На працягу XVII—XVIII стагоддзяў яны страцілі спецыфіку і перайшлі ў разрад звычайных вёсак або зліліся з гарадамі. Айконімы не толькі ўвекавечылі слова слабада; па іх можна меркаваць пра месца размяшчэння былых слабод (Лясная Слабада, Лугавая Слабада, Падгародная Слабада, Задруцкая Слабада), пра тое, да якога горада або вёскі яны належалі (Раваніцкая Слабада, Ганцавіцкая Слабада), хто быў іх уладальнікам (Княжая Слабада, Каралеўская Слабада), пра нацыянальны склад і род заняткаў іх жыхароў (Руская Слабада, Літоўская Слабада, Рыбная Слабада). Беларускія і ўкраінскія айконімы Воля, Волька, Вулька, Астравецкая Воля, Вандыволя і іншыя засведчылі яшчэ адну (зараз зніклую) назву льготнага паселішча — воля (волька).

Ад агульных назваў тыпаў паселішчаў вядуць свой пачатак айконімы Сярэдняе Сяло, Сяльцо, Сялец, Сялко, Сяліба, Селішча, Заселле, Наваселле, Навасёлкі, Выселкі, Прысёлкі, Пасёлак, Паселле, Паселішча, Аселя, Весь, Вёска, Пачынак, Вялікі Двор, Дварэц, Дворышча, Аколіца, Засценкі, Фальваркі, Калонія, Курэнь, Куранец, Мястэчка, Мыза, Ізбішча, Хіжа, След, Стан, Станавішча, Пасада, Хутар і інш.

Айконімы антрапонімнага паходжання У айконімах адантрапонімнага паходжання часцей за ўсё сустракаюцца толькі антрапонімны або прыналежна-адносны фармант, напрыклад, Барысаўка, Любецкія, Воўкава, а таксама фарманты -ова (-ева), -іна (-ына), -ічы, -іха, -ішкі, -онкі (Міхалінава, Юркаўшчына, Якавічы, Якушонкі).

Гарадам з даўнейшых часоў славяне давалі назвы, утвораныя прыналежнымі суфіксамі -j, -оў. Ва ўсходніх славян найбольш папулярнымі яны былі ў X—XII стагоддзях. Звычайна ў аснову назваў клалася імя заснавальніка горада або імя таго, хто атрымліваў яго ў дар: Тураў (980) — ад імя першага летапіснага князя Тура, які там правіў; Барысаў абавязаны сваім узнікненнем Барысу Усяславічу, сыну Усяслава Полацкага (1102); Мсціслаў (Мстиславль) — смаленскаму князю Мсціславу (1156), Заслаўе (Изяславль, Жеславль, Заславль) — князю Уладзіміру, які падараваў яго сыну Ізяславу (1128).

Славянскія айконімы на -ічы тыповыя для сельскіх пасяленняў. Сваімі каранямі яны ўзыходзяць да перыяду славянскай прарадзімы. Элемент -іч спачатку служыў для абазначэння роднасці або родавай сувязі, потым — для абазначэння сына па бацьку. Так, патомкі Бабра, Равяты, Азарыя, Даўманта называліся адпаведна Бабровічы, Равяцічы, Азарычы, Даўмантавічы. Калектывы родзічаў, або патраніміі, складваліся ва ўмовах патрыярхальна-родавага ладу, але ў перажыткавых формах захоўваліся ў наступных фармацыях. Яны сумесна валодалі зямлёй, разам сяліліся. Патранімічныя гнёзды ў выніку разрастання і дзялення адной патрыярхальнай сямейнай абшчыны стваралі групу пасёлкаў вялікіх і малых сем’яў. Такі сямейна-родавы комплекс у той ці іншай ступені захоўваў гаспадарчае, грамадскае і рэлігійнае адзінства і меў агульную назву паводле імя пачынальніка роду. Патранімічны характар мелі многія беларускія абшчынныя сёлы і дворышчы нават у XVI стагоддзі. І сёння яшчэ можна сустрэць вёскі, назвы якіх у сваёй аснове супадаюць з прозвішчамі жыхароў: Качановічы (прозвішча Качановіч), Калавуравічы (прозвішча Калавуравіч). Тэрыторыя пашырэння айконімаў на -ічы ахоплівае ўсходнюю, цэнтральную і паўднёвую часткі Еўропы: уключае землі лужычан, чэхаў, славакаў, палякаў, беларусаў, украінцаў. У паўднёвых славян яны адзначаюцца пераважна ў Босніі, Герцагавіне, Харватыі і Чарнагорыі, часткова — у Балгарыі. У межах Беларусі, Чэхіі, Славакіі, Польшчы ёсць зоны, дзе назвы на -ічы складаюць 20—60 % ад агульнай колькасці геаграфічных найменняў. Зараз на тэрыторыі Беларусі іх каля 3000. У большасці выпадкаў яны паходзяць ад дахрысціянскіх асабовых імёнаў: Гарыдавічы, Добравічы, Калядзічы, Мардвілавічы, Пухавічы, Раванічы, Смалявічы, Чудзенічы. Грэчаскія хрысціянскія імёны выкарыстоўваюцца радзей і пераважна ў размоўна-бытавой форме: Андрушкавічы, Дашкавічы, Міхалевічы, Панюцічы, Юхнавічы, Якавічы, Ярэмічы.

Да распаўсюджаных і спецыфічна сельскіх адносяцца таксама назвы на -шчына, -аўшчына (Жылёўшчына, Кунцаўшчына, Чэхаўшчына), -ова, -ава (Асмолава, Дабрынёва, Матарова), -оўка, -аўка (Грынёўка, Данілаўка, Чыжоўка), -іха (Барцяніха, Берасніха, Канаціха).

Айконімы гідронімнага паходжання Ад назваў рэк і азёр шляхам пераходу онімаў з аднаго класа ў іншы ўзніклі, напрыклад, найменні вёсак: Абаб’е (возера Абаб’е), Завячэлле (возера Вечалле). Асноўнымі фармантамі, з дапамогай якіх утвараюцца айконімы адгідранімічнага паходжання, з’яўляюцца: -ск (Віцебск — Віцьба); -ка (Вілейка — Вілія); -янка (Абалянка — Обаль); -яны (Усяны — Уся); -цы (Кляўцы — Клева); фармант -йе (Павулле — Ула).

Для старажытных беларускіх гарадоў характэрны назвы з суфіксам -ск, які далучаецца да асноў уласных назваў рэк: Полацк (Польтескъ) на рацэ Палата (першае ўпамінанне — 862 год), Віцебск (Видбеск, Видебск, Витьбеск) на рацэ Віцьба (1021), Пінск (Пинескъ) на рацэ Піна (1097), Друцк (Дрютьск, Дрьтеск, Дрьютск) на рацэ Друць (1092), Слуцк (Случеск) на рацэ Случ (1116), Чачэрск на рацэ Чачора (XIV ст.). Ёсць усе падставы лічыць, што айконімы Мінск (Мѣнск, Менск, Менеск, Меньск) 1067 года і Лагойск (Логожск, Логожеск) 1078 года таксама суадносяцца з назвамі рэк Мень (Мена) і Лагаза.

Літаратура

Катэгорыя:Тапаніміка