Паўднёвая бра́ма — адна з чатырох брам Валынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці. З'яўляецца ўнікальным для Беларусі ўзорам ваеннай архітэктуры XIX стагоддзя.

Гісторыя Згодна з архіўнымі дадзенымі, брама была ўзведзена ў 1836—1838 гадах паводле тыпавога праекта ў сярэдзіне курціны VI фронту (1834—1839). Падобныя брамы таксама захаваліся ў іншых крэпасцях Расійскай імперыі, такіх як Новагеоргіеўск (Модлін, Польшча) і Дынабург (Даўгаўпілс, Латвія), аднак на тэрыторыі сучаснай Беларусі яна не мае аналагаў.

У перыяд Разнай імперыі брама называлася Мікалаеўскай у гонар цэсарэвіча Мікалая, аднаго з сыноў расійскага імператара Мікалая I. У час Першай сусветнай вайны падчас кайзераўскай акупацыі (1915—1918 гады) яна была перайменавана ў Паўднёвую. У перыяд міжваеннай Польшчы брама называлася Холмскай, па кірунку выезду з крэпасці ў бок горада Холм (цяпер Хэлм, Польшча). У 1939—1941 гадах аб'ект змяніў назву на Валынскую браму (па назве самога Валынскага ўмацавання). У паваенны час замацавалася назва Паўднёвая, па кірунку свету.

Архітэктура і дэкор Праз браму праходзіць казематаваны Мікалаеўскі праезд, які злучае ўмацаванне з равелінам V і далей з Кіеўскай шашой. Абапал казематаванага праезду ўладкаваны дзве кардэгардыі (ад — «памяшканне для варты»), якія ацяпляліся круглымі печамі ў жалезных футаралах. У кожнай кардэгардыі маецца па 9 байніц, звернутых у бок праезду. На выпадак блакавання праезд быў абсталяваны варотамі з абодвух бакоў і дадатковымі пераборкамі. У гаржавых памяшканнях размяшчаліся асабовы склад вартавой службы і Мікалаеўская гаўпвахта, жылыя казематы былі заняты артылерыйскімі майстэрнямі і лабараторыяй, а казарма (1874—1878) была разлічана на 230 чалавек.

З вонкавага боку фасад брамы першапачаткова меў багатае дэкаратыўнае афармленне. Сцяна была ўпрыгожана рустам і фігурнымі блокамі з пясчаніку — матэрыялу, які шырока выкарыстоўваўся ў ваеннай архітэктуры XIX стагоддзя для надання фасадам пластычнасці і змякчэння іх строгасці. Таксама фасад дэкарыраваўся масіўнымі чыгуннымі дэталямі: надпісам «Николаевскiя ворота» над праездам і раннім варыянтам герба Расійскай імперыі ў выглядзе ампірнага арла, які трымаў у лапах ліктарскі пучок (рымскі сімвал улады), факелы і лаўровы вянок.

Акрамя таго, браму ўпрыгожвалі дзве чыгунныя алебарды — дрэўкавая халодная зброя з камбінаваным наканечнікам, што складаўся з ігольчастага дзідавага вастрыя і клінка з вострым абухам і крукам. Гэтыя элементы добра бачныя на фотаздымках часоў Першай сусветнай вайны.

У гады Першай сусветнай вайны, падчас кайзераўскай акупацыі Брэст-Літоўска, акупацыйныя ўлады праводзілі цэнтралізаваны збор матэрыяльных каштоўнасцей (цэглы, металу, чыгуну). З гэтай прычыны чыгунны дэкор фасада, уключаючы алябарды, быў дэмантаваны і ў наступныя гады больш не аднаўляўся. Пазней, у час нямецкай акупацыі Брэста ў 1941—1944 гадах, калі пабудовы крэпасці актыўна разбіраліся на будаўнічыя матэрыялы для гаспадарчых і ваенных патрэб, былі страчаны і дэкаратыўныя элементы з пясчаніку, з-за чаго сілуэт брамы стаў успрымацца ў значна больш агрубленым выглядзе.

Сучасны стан і рэстаўрацыя У 2005 годзе аварыйныя збудаванні Валынскага ўмацавання (двухпавярховая казарма рэдзюіта, гаржавыя казематы і Паўднёвая брама) былі перададзены ў пастаяннае карыстанне Свята-Раства-Багародзіцкаму жаночаму манастыру. Пасля адпаведных узгадненняў з Міністэрствам культуры ў верасні 2019 года пачалася распрацоўка праекта рэканструкцыі і капітальнага рамонту гістарычных будынкаў. Сама брама была часткова адрамантавана ў 2019—2020 гадах.

У красавіку 2025 года, у год 80-годдзя Перамогі і Год добраўпарадкавання, пачалася маштабная рэвіталізацыя фасада Паўднёвай брамы і прылеглых казематаў. Работы праводзяцца за кошт ахвяраванняў вернікаў пад пастаянным архітэктурным наглядам згодна з зацверджаным праектам.

27 сакавіка 2026 года ў Брэст транзітам праз Мінск прыбыла партыя блокаў пясчаніку з Ірана. Пастаўкі каменя з-за мяжы былі абумоўлены неабходнасцю падабраць матэрыял, які б максімальна дакладна супадаў па колеры, структуры і шчыльнасці з арыгінальным гістарычным узорам. З прывезеных блокаў аднаўляюцца страчаныя ў гады вайны элементы дэкору для вяртання браме яе аўтэнтычнага візуальнага і фактурнага адзінства.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Брамы Брэсцкай крэпасці Катэгорыя:Валынскае ўмацаванне Катэгорыя:1838 год у Брэсце