Рачны транспарт Беларусі — гістарычна найважнейшы з пункту гледжання аб'ёмаў перавозак від транспарту, які саступіў першынства толькі ў канцы XIX стагоддзя з пабудовай шырокай сеткі чыгункі і яшчэ болей са з'яўленнем аўтамабільнага транспарту ў XX стагоддзі.

У розных рачных сістэмах і ў розныя перыяды ў Беларусі выкарыстоўваліся розныя тыпы рачных суднаў: стругі, дубы (дубасы), баркі, берліны, лайбы, віціны і іншыя. З 1850 года па Прыпяці і Дняпру пачалі рэгулярна курсіраваць параходы.

Гісторыя У 1905 годзе даўжыня суднаходных шляхоў на тэрыторыі Беларусі складала 4403 км, у 1940 годзе — каля 3,7 тыс. км.

Савецкі перыяд (БССР)

Пасляваеннае аднаўленне Вялікая Айчынная вайна нанесла каласальны ўрон рачному транспарту рэспублікі. На тэрыторыі БССР было разбурана 37 партова-прыстанскіх гаспадарак, знішчаны збудаванні Дняпроўска-Бугскага канала (ДБК) і шлюзавай сістэмы на рацэ Сож, спалены 14 суднарамонтных заводаў і верфяў. З-за вострага дэфіцыту металу ў 1944—1946 гадах практыкавалася будаўніцтва драўляных суднаў. Спецыяльная арганізацыя «Днепрабугбуд» сіламі мясцовага насельніцтва аднаўляла шлюзы ДБК, што дазволіла хутка аднавіць суднаходства. У Барысаве ў 1946 годзе майстравалі невялікія пласкадонныя баржы грузападымальнасцю 15 тон.

Тэхнічнае пераабсталяванне (1950—1960-я гады) У гэты перыяд адбыўся пераход ад паравога флоту да больш эканамічнага дызельнага. У 1951 годзе на Дняпры пачаў укараняцца перадавы метад ваджэння несамаходных суднаў — «штурханне» (замест звычайнай буксіроўкі на тросе). Гэта дазволіла паменшыць супраціўленне вады, павялічыць хуткасць руху на 20 % і істотна знізіць выдаткі на перавозку грузаў.

У канцы 1950-х гадоў на рэках БССР пачалася эра хуткасных пасажырскіх перавозак. У 1959 годзе з'явіліся 5-месныя рачныя таксі на падводных крылах і знакамітыя цеплаходы тыпу «Ракета» (хуткасць да 60 км/г). Паколькі стандартныя «Ракеты» не заўсёды падыходзілі для мелкаводных рэк, з 1962 года пачалася эксплуатацыя спецыяльна створаных 30-месных суднаў на падводных крылах «Беларусь» з асадкай пры ходзе на крылах усяго 30 см, а пазней — суднаў тыпу «Палессе» і катараў «Волга». Хуткасныя лініі злучылі Гомель, Кіеў, Мазыр і Пінск. У 1973 годзе ў Віцебску быў спушчаны на ваду першы ў рэспубліцы цеплаход на паветранай падушцы «Зарніца».

Механізацыя і спад (1970—1980-я гады) Асноўнымі грузамі для рачнога флоту з'яўляліся будаўнічыя матэрыялы (пясок, шчэбень) і лес. У 1970-я гады праводзілася комплексная механізацыя партоў. Важным праектам стала падвядзенне ў 1977 годзе 6-кіламетровага канала ад ракі Прыпяць да прычалаў камбіната ў Мікашэвічах, дзе быў абсталяваны магутны перагрузачны комплекс на 2 млн тон грузаў у год. Аднак агульная працягласць эксплуатуемых рачных шляхоў з цягам часу змяншалася: калі ў 1970 годзе яна складала 3956 км, то ў 1979 годзе — 3873 км (з іх з асвятляльнай абстаноўкай — 2348 км).

У 1980-я гады рачны транспарт пачаў губляць пасажыраў з-за жорсткай канкурэнцыі з боку аўтамабільнага і чыгуначнага транспарту. Многія пасажырскія лініі станавіліся стратнымі і закрываліся. Эканамічны крызіс 1990—1991 гадоў прывёў да рэзкага падзення аб'ёмаў грузаперавозак. Тым не менш, у 1991 годзе ў складзе Беларускага рачнога параходства дзейнічала 10 партоў, здольных перапрацоўваць да 40 млн тон грузаў, што ў 60 разоў перавышала паказчыкі 1940 года.

Сучасны стан У 1993 годзе агульная працягласць водных шляхоў складала 2495 км. Было перавезена 8,918 млн тон грузаў і 314 тыс. пасажыраў.

У XXI стагоддзі рачны транспарт адыгрывае значную ролю пераважна ў паўднёвай і паўднёва-ўсходняй частцы краіны. Для яго функцыянавання найбольш прыдатны Дняпро, Прыпяць, Бярэзіна і Сож. Арганізавана суднаходства таксама на Заходняй Дзвіне і часткова на Нёмане. Большая частка перавозімых грузаў прыходзіцца на Прыпяць і Дняпроўска-Бугскі канал. Апошні ажыццяўляе пераважна грузавыя перавозкі, у той час як адноўлены Аўгустоўскі канал прызначаецца ў асноўным для турыстычна-экскурсійнай дзейнасці.

Па рэках Прыпяць і Дняпро ў прыдунайскія краіны і чарнаморскія парты перавозяцца калійныя ўгнаенні, харчовая соль, сапрапель. У розныя часы разглядалася неабходнасць пабудавання канала паміж Заходняй Дзвіной і Дняпром, аднаўлення Агінскага канала і, магчыма, Бярэзінскай воднай сістэмы. Рэгулярнае кругласутачнае суднаходства ажыццяўляецца на працягу ўсяго каля 500 км, ці менш за 10 % ад магчымага.

Дзейнічаюць рачныя парты з механізаванымі прычаламі ў Гомелі, Брэсце, Бабруйску, Магілёве, Пінску, Мазыры, Мікашэвічах і Рэчыцы. Самы вялікі па аб'ёме перапрацоўкі грузаў — Брэсцкі рачны порт.

Крыніцы

Літаратура

Геаграфія Беларусі: вучэб. дапам. для 10-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / М. М. Брылеўскі, Г. С. Смалякоў; пер. з рус. мовы Н. М. Брылеўскай, В. Л. Смаляковай. — 3-е выд., перапрац. — Мінск: Нар. асвета, 2012. — 303 с.: іл. — ISBN 978-985-03-1787-2.

Катэгорыя:Гісторыя транспарту Беларусі