Даніла (сярэдзіна XIII ст. — 2-я палова XIII ст.) — князь друцкі.

Вядомы толькі з памянніка Кіева-Пячэрскай лаўры ў спісе канца XV ст., куды занесены род кіеўскага ваяводы князя Дзмітрыя Пуцяціча і шэраг родзічаў пачынаецца з «князя Данила Дрюцкого, князя Михаила, князя Михаила, князя Димитриа, князя Симеона, князя Иоанна…». Відавочна, апошні ў пераліку — бацька князя Дзмітрыя Пуцяціча, перадапошні — дзед. Няма ў гэтым шэрагу ні братоў бацькі, ні братоў дзеда, пэўна адзначана толькі простая лінія продкаў князя па мячы.

Жыццё князя Данілы прыпадала на сярэдзіну — 2-ю палову XIII ст., бо друцкі князь Міхаіл Міхайлавіч згаданы пад 1330 годам, значыць, яго бацька — князь Міхаіл Данілавіч жыў на мяжы XIII—XIV ст., а дзед яшчэ раней.

Паводле Васіля Вароніна, імя Даніла было не з папулярных. У родзе ж Рурыкавічаў свецкія і хросныя імёны даваліся не адвольна, а адсылалі да пэўнага продка, радзей родзіча, што як меркавалася адыграе на лёсе названага. Паводле Фёдара Успенскага, першы вядомы Даніла сярод Рурыкавічаў нарадзіўся ў 1201 годзе, а наступныя, напэўна, былі звязаны з ім сваяцтвам. Таксама Фёдар Успенскі дапускае ранейшае ўжыванне імя Даніла як хроснага чарнігаўскімі князямі Ольгавічамі. Такім чынам, для друцкага князя імя Даніла магло быць як адзіным, так і толькі хросным, тады ён меў і свецкае. Бацькі Данілы маглі займаць месца ў сувязях выяўленых Успенскім, але даследчык не ведаў гэтага князя, не згаданага радаводнымі кнігамі, і не ўлічыў у сваіх разважаннях.

Звесткамі памянніка даследчыкі звычайна не карысталіся, але спробы іх інтэрпрэтацыі вядомы з пачатку XX ст.. Лізавета дэ Вітэ выказала думку пра тоеснасць друцкага князя Данілы з унукам князя Данілы Раманавіча — Данілам Мсціславічам, адзіны раз згаданым пад 1280 годам. Супадзення імён аднак недастаткова для высноў.

Магчыма, апроч Міхаіла, князь Даніла меў прынамсі яшчэ аднаго сына. Нейкі Андрэй Данільевіч без тытула вядомы з дарчага запісу сярэдзіны — 2-й паловы XIV ст. сяльца «на Просмужци» Траецкаму прыдзелу Сафійскага сабора ў пергамінным Полацкім Евангеллі-Апракасе. На думку Андрэя Кузьміна, пра княжацкае паходжанне Андрэя Данільевіча могуць сведчыць санкцыя дарчага запісу супраць князёў і баяр, што просты чалавек або баярын не мог сабе дазволіць. Храналагічна Андрэй Данільевіч можа быць сынам князя Данілы, але пэўна гэта не вядома.

Заўвагі

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Князі друцкія Катэгорыя:Друцкія