«Omut» (Вір) — беларускі фольк-металёвы гурт, вылучаецца выкананнем некаторых песень на заходнепалескай мікрамове. Свой жанр вызначае як палескі фольк-метал.
Удзельнікі
Алесь Максімовіч — спеў Эльвіра Сцельмашук — спеў Кірыл Гутавец — гітара Вадзім Шэндэр — гітара Лора Аляксандраўна — бас Юрый Казлоў — баян Вячаслаў Голік — барабаны
Гісторыя «Omut» быў створаны ў 2004 годзе ў горадзе Драгічын, што на Заходнім Палессі. Гурт выступіў некалькі разоў у родным горадзе, у жніўні 2006 года часова самараспусціўся.На працягу 2007 – 2009 гадоў музыкі збіраліся на некалькі адзінкавых рэпетыцый. Улетку 2009 года было вырашана аднавіць дзейнасць калектыву, але ўжо ў Мінску. У сакавіку 2010 года гурт выступае ўпершыню пасля аднаўлення.
У 2014 выходзіць дэбютны альбом гурту «Дзесяць шляхоў праз дрыгву».
У 2018 годзе прымае ўдзел у «Лютым фэсце». Увесну таго жа года выступае ўпершыню ў Маскве.
У 2019 годзе выходзіць міні-альбом «Лыхыj».
Меркаванні пра гурт Алесь Таболіч (Znich):На мой погляд, «Omut» адзін з моцных і пазыцыйных гуртоў, быў і ёсць, бо яго харызма і арыгінальнасьць дае свой цікавы і непаўторны густ. Гурт непадобны на іншыя. Вялікай і добрай навінай для мяне стала тое, што нарэшце гурт запісаў свой першы альбом. Вялікая iм падзяка за гэта! На жаль, ёсць гурты-старажылы, якія і дагэтуль не змаглі зрабіць хоць адзін альбом (ня буду казаць, менавіта хто). Але вы малайцы… Творчых поспехаў, і жадаю, каб вы выйшлі на эўрапейскія пляцоўкі, каб слава пра Беларускі метал і Фолк жыла заўсёды, бо менавіта Беларусь заняла пачэснае першае месца ў пантэоне гэтай сцэны на пост-“саўковай” прасторы!Васіль Верабейчыкаў ( тады яшчэ Litvintroll):Нячаста сустрэнеш гурт, які можна пазнаць з першых нот. Знайсьці асабістае гучаньне ў моры гуку — уражлівае дасягненьне ў наш час. У «Omut» гэта атрымалася.Віталь Абрамовіч (Нейра Дзюбель, Gods Tower):Адзін з асноўных плюсаў гурту «Omut» — даволі-такі цікавая і прафесійная музыка. Вельмі ўразіла вакалістка — энцыклапедыя народнай музыкі — гэта рэдкасць! І рэальна крута! З нагоды запісу альбому — асабіста ведаю велізарную колькасць гуртоў, якія запісваюць альбом і… кладуць яго на палічку побач з астатнімі… Так, цяпер можна вельмі якасна запісацца, але гэта не гарантуе таго, што ўсё для гурту складзецца ўдала. Пры гэтым грошай траціцца вельмі шмат. Таму галоўнае, каб у «Omut» усё атрымалася. У завяршэнне: Жыва і вельмі бадзёра! Поспехаў маладой і перспектыўнай камандзе!Лявон Казакоў (Rokash):А час-та, як аказваецца, ляціць… Ну вось і дачакаліся дэбютнага паўнафарматнага альбома ад гурту «Omut». Асабіста для мяне — гэта выдатны калядны падарунак ад добрых сяброў, з якімі мы крочым поплеч на працягу гадоў па цярністай сцяжыне беларускай музыкі. Чаго я чакаю ад альбома? Канешне ж шалёнага фолк-металічнага драйву, спалучанага з пяшчотай і лірыкай палескіх ды не толькі спеваў. Увогуле, як па мне, гэта і акрэслівае ментальнасць беларусаў – мы такія: калі спявуча-лірычныя, а калі і рыкнуць добра можам. У любым выпадку я вельмі рады таму, што альбом нарэшце пабачыць свет, і, спадзяюся, што з дзесяці шляхоў праз дрыгву кожны знойдзе свой, а можа і не адзін.
Творчасць
Альбомы
Дзесяць шляхоў праз дрыгву (2014) Алесь пра альбом да яго выпуску:Мы вельмі доўга разважалі над тым, якім павінен быць наш дэбютны альбом. Абмяркоўвалі, спрачаліся і нарэшце прыйшлі да адзінага правiльнага на наш погляд рашэння. Яго сутнасць ў тым, што наш першы альбом будзе своеасаблівай справаздачай, ён адзначыць сабой перыяд нашага станаўлення. На сённяшні дзень у нас гатовы добры матэрыял, але ён не можа быць змешчаны на адзін альбом цалкам, і для гэтага існуе шэраг прычын. Па-першае, матэрыялу занадта шмат, па-другое, больш познія творы даволі моцна адрозніваюцца ад тых, што патрапяць на альбом, як у музычным плане, гэтак і ў дачыненні лірыкі. Значную частку матэрыялу, у тым ліку новага, мы ўжо прадстаўлялі публіцы падчас сваіх выступаў, але, паверце, у нас у запасе нямала рэчаў, якія чакаюць свайго часу.Вадзім пра альбом з таго жа интэрв'ю:Я б дадаў, што новы матэрыял, які ў альбом не ўвойдзе, не проста вытрыманы некалькі ў іншым напрамку, ён сам па сабе больш цэльны, гэта тое, да чаго на дадзены момант у сваім развіцці прыйшоў «Omut», гэта мы сённяшнія. На першы ж альбом патрапяць песні, напісаныя ў розныя перыяды існавання гурта, таму, сапраўды, як сказаў Алесь, гэта своеасаблівая справаздача аб станаўленьні «Omut».Потым Алесь дадаў:Правільна, дэбютны альбом будзе складацца і з песень, напісаных адносна нядаўна, і тых, якія былі створаныя яшчэ ў 2004-2005 гг. Гэта песні, якія былі нашымі першымі спробамі, першымі ўдалымі крокамі наперад. Але, хоць яны ствараліся ў розны час на працягу амаль 10 год, альбом не будзе выглядаць стракатым, таму што кожная з яго песень з'яўляецца часткай і лагічным працягам іншай песні. Пра альбом і звязаныя з ім пытанні, напрыклад, яго канцэптуальны складнік, мы, калі ў вас будзе жаданне, абавязкова пагутарым пасля яго выхаду і абмяркуем усё больш разгорнута.
Iорданская вода Вецер З крывёю ваўка Шэры гусі Пляскi Спявай, зямля Дрыгва Вясна Бранль (кавер на «Testamentum Terrae») Гэй, спявай
Міні-альбомы
Лыхыj (2019) Пра песню «Лыхыj» гурт распавёў наступнае:Лыхыj – адна з самых важных і цяжкіх для «Omut» песень, бо распавядае пра цёмныя часы нашага жыцця. Пра тое, як цяжка змагацца з сабой і адзінотай, і пра тое, як цяжка губляць сяброў.
Лыхыj – слова з нашай роднай палескай гаворкі – мае некалькі значэнняў: чорт ці д'ябал, альбо звычайны чалавек, які робіць надзвычайнае блага іншым. Або сабе. На гэтую жа песню быў зроблены кліп, у якім выкарыстоўваліся ілюстрацыі з кнігі «Заклятыя скарбы» мастака Алекса Навіцкага.
Intro (Уступ) Быць Гук i шаленства Сонца Лыхыj
Сінглы Не мае назвы (2014) Дрыгва (2014)
Спасылкі Афіцыйная старонка «Omut» у сацыяльнай сетцы «УКантакце» Інтэрв'ю на belmetal.by Невялічкі артыкул на metalmap.by Трошкі пра гурт Пра гурт на belmetal.by Рэцэнзія на альбом «Дзесяць шляхоў праз дрыгву» Рэцэнзія на альбом «Лыхыj» Дыскаграфія гурту Трошкі пра Эльвіру Сцельмашук
Катэгорыя:Музычныя калектывы паводле алфавіта Катэгорыя:Метал-гурты Беларусі Катэгорыя:Фолк-метал-гурты Беларусі Катэгорыя:Фолк-гурты Беларусі Катэгорыя:Музычныя калектывы, якія з’явіліся ў 2004 годзе