Свята-Міхайлаўская царква — праваслаўны храм у горадзе Гомелі, перавезены з вёскі Вылева Добрушскага раёна. Дзейнічае як храм-помнік ахвярам Чарнобыльскай катастрофы. Адзіная ў Беларусі царква, перавезеная з Чарнобыльскай зоны адчужэнняВячаслаў Бандарэнка. Цуд: вакол радыяцыя, а ўнутры царквы лічыльнікі Гейгера змаўкалі, або Як храм Святога Архістратыга Міхаіла перанеслі ў Гомель. — Телескоп, 20 лютага 2018. .

Гісторыя

Вылеўская царква Першая царква вядома з 1763 года як уніяцкая. Паводле звестак рэвізскай сказкі за 1788 год, вёска адносілася да Гомельскай парафіі, святаром быў Сямён Міхайлаў, дзякам — Парфен Агееў.

Складзенае ў 1838 годзе апісанне царквы паведамляла, што будынак знаходзіўся ў дрэнным стане:

У 1839 годзе былі атрыманы сродкі на ўзвядзенне новай царквы, падрыхтаваны праект і асвечана месца пад будаўніцтва. Яно было вылучана падчас генеральнага межавання 1784 года і налічвала 36 дзесяцін, з якіх 3 дзесяціны складала сядзібная зямля, 3 дзесяціны — сенажатная і 30 дзесяцін — ворная зямля.

Па інфармацыі 1844 года, не быў накрыты дах і купалы над асноўным аб’ёмам і званіцай, таксама згадваецца, што будоўля праводзілася з адхіленнем ад праекта. Узвядзенне скончылася ў 1846 годзе, пасля чаго пачаліся ўнутраныя работы. У 1847 годзе адбылося асвячэнне храма.

У 1846 годзе адкрылася царкоўна-прыходскае вучылішча. Дзейнічалі тры царкоўныя школы ў вёсках прыхода. Станам на 1899 год, вылеўская царква мела 2764 прыхаджан і звыш 43 дзесяцін зямлі. Яе настаяцелем з’яўляўся Іаан Шабека, які пражываў у Ветцы. Царкоўна-прыходскае папячыцельства было заснавана ў 1883 годзе.

З часам храм струхлеў і 28 ліпеня 1904 года сінод задаволіў хадатайства магілёўскага епіскапа пра водпуск сродкаў на будаўніцтва драўлянай царквы і зацвердзіў яе праект. 10000 рублёў на ўзвядзенне выдаткаваў сінод, 4677 рублёў ахвяравалі прыхаджане. 27 снежня 1909 года новы храмавы будынак быў асвечаны.

На ахвяраванні памешчыка М. М. Герарда ў 1910 годзе з разабраных падмуркаў былой царквы і набытай цэглы была выкладзена агароджа. У тым жа годзе царкоўная маёмасць, якая складалася з драўляных царквы, плябаніі, свірана, хлява, дома псаломшчыка і вартоўні была застрахавана.

Першапачатковы іканастас быў двух’ярусным, у 1912 годзе на сродкі вернікаў ён быў дабудаваны да чатырохяруснага. Царква ў 1915 годзе валодала сядзібнай зямлёю ў 2 дзесяціны 800 квадратных сажаняў, ворнай зямлёю ў 33 дзесяціны 520 квадратных сажаняў, сенажатнай зямлёю ў 10 дзесяцін, двума плябаніямі і бібліятэкай.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі царква дзейнічала да 1930-х гадоў. Потым была закрыта, у час нямецкай акупацыі зноў адкрыта, і з таго часу больш не зачынялася.

У міжваенны перыяд настаяцелем прыхода быў Іаан Кашуба, пасломшчыкам — Васіль Кузьмінскі. У 1930—31 гадах яны былі рэпрэсаваны як антысавецкія агітатары, аднак пасля вайны вярнуліся на ранейшыя пасады. З 1961 года і да адсялення вёскі ў храме служыў протаіерэй Васіль Канцавы.

Гомельская царква (з 2001 года)

У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 года вёска Вылева апынулася радыелагічна забруджанай, жыхары былі выселены і царква апынулася закінутай.

Спачатку планавалася перанесці будынак у гарадскі пасёлак Церахоўку. Але ў 2000 годзе быў распрацаваны план правядзення мерапрыемстваў па пераносе храма ў Гомель. 6 чэрвеня 2000 года выйшла пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь аб пераносе царквы з вёскі Вылева ў Гомель. Прыход храма быў заснаваны яшчэ ў 1997 годзеГомель, прыход у імя Святога Міхала Арханёла . — Pravoslavie.by. .

13 снежня 2001 года быў закладзены і асвечаны падмурак царквы.

Перавозкай храма у Гомель займаліся асабовы склад і курсанты вышэйшага камандна-інжынернага вучылішча. Яны разбіралі храм па бярвёнам і перавозілі яго на тэрыторыю сваёй навучальнай установы. Усяго было 1370 элементаў будынку. Афіцэры і курсанты вучылішча правялі ў забруджанай зоне восем месяцаў, а ў ліпені 2002 года прыступілі да аднаўлення храма на новым месцы.

Да канца 2005 года вонкавыя працы былі завершаны, пачалася ўнутраная аздоба царквы. Царква была адрэстаўравана архітэктарам Уладзімірам Мелехам.

Храм быў асвечаны мітрапалітам мінскім і слуцкім Філарэтам 26 красавіка 2006 года, у дваццатую гадавіну Чарнобыльскай аварыіУладыка Філарэт асвяціў храм Святога Архістратыга Міхаіла ў Гомелі . — Naviny.by, 25 красавіка 2006. Гомельщина в XX—XXI веках. Вехи истории: материалы науч.-ист. семинара / под общ. ред. епископа Гомельского и Жлобинского Стефана; М-во трансп. и коммуникаций Респ. Беларусь, Бело­рус. гос. ун-т трансп.; Гом. епархия Белорус. православной церкви. — Гомель: БелГУТ, 2017. — 155 с. С. 142—149. У 2007 годзе занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-кльтурнай спадчыны рэгіянальнага значэння. З 2014 года настаяцелем у царкве служыць протаіерэй Ігар Альшанаў. Тады ж царква — адзіная ў Гомельскай епархіі — атрымала статус вайсковайГісторыя храма Святога Арханёла Міхала. — Афіцыйны сайт прыхода Свята-Міхайлаўскай царквы, 2019. .

Архітэктура Помнік народнага дойлідства з рысамі псеўдарускага стылю. Крыжова-купальны храм з пяціграннай апсідай. Над сяродкрыжжам асноўнага аб’ёму ўзвышаецца вялікі шлемападобны купал на светлавым васьмерыку. Дамінантай кампазіцыі з’яўляецца двух’ярусная званіца над бабінцам, увянчаная шатровым дахам. Галоўныя і бакавыя ўваходы вылучаны ганкамі з казыркамі. Сцены гарызантальна ашаляваны, прарэзаны высокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі з ліштвамі, сандрыкамі і дэкаратыўнымі рашоткамі С. 152.

Перакрыцце аб’ёмаў бэлечнае плоскае. Дах бляшаны двухсхільны, пакаты над трансептамі і бабінцам і вальмавы над апсідай. Істотных зменаў у архітэктурным абліччы будынка не было. Як сведчыць выяўлены на сцяне званіцы запіс, царкву афарбавалі «Дзяніс і Яфім П. Я. 15 верасня 1909 года».

Захавалася апісанне царквы ў страхавым лісце 1910 года:

… драўляная, але на цагляным цокале, унутры абчасана, а звонку абшыта дошкамі і пафарбавана звонку і ўнутры алейнай фарбай, пакрыта жалезам, выфарбаваным алейнай фарбай. Даўжыня царквы, улічваючы і званіцу, 12 сажаняў, найбольшая шырыня 8 сажаняў, вышыня да верху карніза 3 сажані. На царкве маецца адна вялікая галоўка і адна меншая (над алтаром), вялікіх вокнаў 22 штукі, дзвярэй вонкавых, створкавых, абшытых жалезам 5 штук і адна аднастворкавая, унутры 5 штук. Іканастас даўжынёй 12 аршын, вышынёй 9 аршын. Званіца ў тры ярусы, агульнай вышынёю да верху карніза 17 аршынаў.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Гомеля Катэгорыя:Храмы Гомельскай і Жлобінскай епархіі Катэгорыя:1909 год у Гомелі Катэгорыя:Храмы Святога Міхаіла Катэгорыя:Вылева Катэгорыя:Помнікі беларускага народнага дойлідства Катэгорыя:Драўляныя цэрквы Беларусі Катэгорыя:Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Перамешчаныя будынкі і збудаванні Беларусі