Канцэрн Volkswagen () альбо Volkswagen AG (VW AG) — германскі аўтамабілебудаўнічы канцэрн.
Назва Volkswagen літаральна азначае «народны аўтамабіль», па-беларуску вымаўляецца Фальксва́ген.
У 2016 г. канцэрн стаў найбольшым аўтавытворцам у свеце паводле продажаў (11,9 % сусветных продажаў) і ўключаў 120 аўтазаводаў у 31 дзяржаве Volkswagen стаў сусветным лідарам па колькасці вырабленых аўтамабіляў. Кампанія займае 9 месца ў Fortune Global 500 (2019 год).
Уласнікі На 31 снежня 2016 г. Volkswagen AG размясціла на біржы 295 089 818 звычайных акцый і 206 205 445 прывілеяваных.
Уласнікамі падпіснога капіталу звычайных акцый былі: Аўтамабільны холдынг Porsche AG — 30,8 %, ТАА «Інвестыцыйная ўправа Катара» — 14,6 %, Урад зямлі Ніжняя Саксонія —11,8 %, іншыя замежныя ўстановы —22,8 %, фізічныя асобы — 18 %, іншыя ўстановы Германіі — 2,3 %.
Правы голасу паводле прывілеяваных акцый размяркоўваліся наступным чынам: Аўтамабільны холдынг Porsche AG — 52,2 %, Урад зямлі Ніжняя Саксонія — 20 %, Інвестыцыйная ўправа Катару — 17 %, іншыя — 10,8 %.
Заводы
На 2017 г. канцэрн «Фальксваген» складаўся з 2 падраздзяленняў: Аўтамабілебудаўнічае падраздзяленне ўключала: Галіну пасажырскіх і камерцыйных самаходаў — ажыццяўляла распрацоўку, выраб і продаж пасажырскіх аўтамабіляў, грузавікоў, аўтобусаў і матацыклаў. Галіну знергетычнага абсталявання — выраб рухавікоў, турбінаў, кампрэсараў, рэдуктараў і выпрабавальнага абсталявання. Падраздзяленне фінансавых паслуг — пазычала прадаўцам і пакупнікам самаходаў, ажыццяўляла лізінг і страхаванне, кіраванне аўтапаркам і перавозкі.
Канцэрн «Фальксваген» пастаўляў самаходы пад уласным таварным знакам і 10 таварнымі знакамі даччыных прадпрыемстваў: 3-ма знакамі прадпрыемстваў з 2-х іншых земляў Германіі — Audi (Інгальштат), MAN (Мюнхен) і Porsche (Штутгарт); 7-ю знакамі прадпрыемстваў з 6 іншых краін Еўропы — Bugatti (Мольсайм, дэпартамент Ніжні Рэйн, Францыя), Bentley (Кру, графства Чэшыр, Англія), Ducati (Балоння, рэгіён Эмілія-Раманья, Італія), Lamborghini (Сант-Агата-Балёньезэ, рэгіён Эмілія-Раманья, Італія), SEAT (Мартарэль, аўт.суп. Каталонія, Іспанія), Scania (Сёдэртэлье, Стакгольмскі лен, Швецыя) і Škoda Auto (Млада Болеслаў, Сярэднячэшскі край, Чэхія).
У 2016 г. на заводы канцэрна «Фальксваген» прыпала 11,9 % сусветных продажаў самаходаў, якія ажыццяўляліся ў 153 краінах. На 2017 г. канцэрн «Фальксваген» меў 120 заводаў у 31 дзяржаве: Азія (32 у 7 дзяржавах) — Індыя (6: Арангабад, Бангалор, Нарасапура, Пітгэмпер, Пуна), Кітай (20: Далянь, Ічжэн, Нанкін, Нінбо, Урумчы, Фошань, Цяньцзінь, Чанджоў, Чанчунь, Чанша, Чэнду, Шанхай), Малайзія (Куала-Лумпур), Паўднёвая Карэя (Пусан), Тайвань (Таоюань), Тайланд (Банпаконская і Плуакдэнская акругі) і Турцыя (Анкара); Афрыка (4 у 1 дзяржаве) — Паўднёвая Афрыка (Оліфанцфонтэйн, Пайнтаўн, Эйтэнхагэ, Іаганесбург); Паўднёвая Амерыка (9 у 2 дзяржавах) — Аргенціна (Кордава, Пачэка, Сан-Мігель-дэ-Тукуман) і Бразілія (9: Рыа-дэ-Жанэйра, Рэзэрдзі, Сан-Карлус, Сан-Паўлу, Таўбатэ); Паўночная Амерыка (5 у 2 дзяржавах) — ЗША (Чатануга ў штаце Тэнесі) і Мексіка (Пуэбла-дэ-Сарагоса, Сант’яга-дэ-Керэтара, Сан-Хасэ-Ч’япа, Сілао); Еўропа (70 у 19 дзяржавах) — Англія (Кру), Аўстрыя (Штайр), Боснія (Сараева), Бельгія (Брусель), Венгрыя (Д’ёр), Іспанія (Барселона, Мартарэль, Памплона, Прат-дэ-Льябрэгат), Данія (Фрэдэрыксхаўн, Капенгаген), Італія (Балоння, Сант-Агата-Баланьезэ), Нідэрланды (Зволе, Мепел), Партугалія (Палмела), Польшча (9: Глогаў, Кракаў, Палькавіцы, Познань, Слупск, Старахавіцы, Ужэсня), Расія (Калуга, Санкт-Пецярбург), Славакія (Браціслава, Марцін), Фінляндыя (Лахці), Францыя (Анжэ, Мальсайм, Сен-Назер), Чэхія (Врхлабі, Велька Біцеш, Квасіны, Млада Болеслаў), Швейцарыя (Вінтэртур, Цюрых) і Швецыя (Лулеа, Оскархамн, Сёдэртэлье); Германія (28 у 8 землях) — Баварыя (6: Аўгсбург, Дэгендорф, Інгальштат, Мюнхен, Нюрнберг), Бадэн-Вюртэмберг (Некарзульм, Штутгарт), Берлін, Гамбург, Ніжняя Саксонія (11: Оснабрук, Браўншвайг, Вольфсбург, Гановер, Зальцгітэр, Эмдэн), Паўночны Рэйн — Вестфалія (Обергаўзен, Рэйнэ), Саксонія (Дрэздэн, Кемніц, Лейпцыг, Цвікаў).
Гісторыя
У маі 1937 года ў Берліне (Нямецкая дзяржава) «Нямецкі працоўны фронт» заснаваў ТАА «Таварыства падрыхтоўкі народнага аўтамабіля». У студзені 1938 г. пад Фалерслебенам (Паўднёвагановерска-Браўншвайская вобласць; цяпер Ніжняя Саксонія) пачалося будаўніцтва завода паводле ўзору аўтазавода «Форд» на рацэ Руж (штат Мічыган, ЗША). У Браўншвайгу сталі ўзводзіць вытворчасць аўтадэталяў. 16 верасня 1938 г. назву прадпрыемства змянілі на ТАА «Народны аўтамабільны завод», якое атрымала ўлік у гандлёвым рэгістры 18 кастрычніка. У снежні 1939 г. завод атрымаў ад Паветраных войскаў Германіі заказ на рамонт знішчальнікаў «Юнкерс-88» і пастаўку паліўных бакаў і крылаў да іх. З лета 1940 года ў вытворчасці сталі выкарыстоўваць пераважна прымусовую працу замежных нявольнікаў, сярод якіх пераважалі польскія жанчыны, ваеннапалонныя і вязні канцлагераў. У 1941 г. паставілі 2-ю зборачную лінію для вырабу бяздзверных і вадаплаўных паўнапрывадных самаходаў для войска. У 1943 г. вытворчасць пашырылі за кошт размяшчэння заказаў у захопленых землях Францыі. За 1940—1944 гады на заводзе вырабілі 66 285 ваенных самаходаў. У 1944 г. іншаземцы з захопленых нямецкім войскам краін Еўропы складалі 2/3 работнікаў аўтазавода (каля 20 000 чалавека). 11 красавіка 1945 г. амерыканскае войска заняло горад, дзе размяшчаўся завод. У выніку вытворчасць ваеннага абсталявання спынілася. У чэрвені 1945 г. Брытанскі ваенны ўрад (Бад-Эйнгаўзен, цяпер зямля Паўночны Рэйн — Вестфалія) узяў аўтазавод у давернае кіраванне. 27 снежня 1945 г. завод аднавіў вытворчасць седанаў «Фальксваген Жук» (). У сакавіку 1946 г. вытворчасць дасягнула 1000 самаходаў за месяц. 25 кастрычніка 1946 г. з’явіліся 2 першыя гандлёвыя прадстаўнікі, якія сталі збываць аўтамабілі насельніцтву праз 10 распаўсюднікаў і 28 прадаўцоў. У студзені 1947 г. адкрылася першая рамонтная майстэрня. 1 кастрычніка 1948 г. «Фальксваген» падаў заяўку на ўлік свайго таварнага знака ў выглядзе лацінскіх «літар V і W у крузе», які яшчэ ў 1937 г. распрацаваў інжынер рухавікоў «Поршэ» Франц Раймспіс (1900—1979). У 1948 г. пачаўся экспарт у іншыя краіны Еўропы, дзе за год прадалі 4385 самаходаў: 1820 у Нідэрланды, 1380 у Швейцарыю, 1050 у Бельгію, 75 у Нарвегію, 55 у Швецыю і 5 у Данію. У 1949 г. экспарт вырас да 7127 аўтамабіляў (15 % вытворчасці). 30 чэрвеня 1949 г. заснавалі даччынае ТАА «Фінансаванне Фальксвагена», якое стала выдаваць 1-гадовыя пазыкі на набыццё аўтамабіляў. 8 кастрычніка 1949 г. Брытанскі ваенны ўрад перадаў ураду зямлі Ніжняя Саксонія кіраўніцтва прадпрыемствам, якое налічвала каля 10 000 супрацоўнікаў, вырабляла штомесяц 4000 самаходаў і назапасіла 30 млн нямецкіх марак. У 1948—1949 гадах «Фальксваген» вырабіў каля паловы ўсіх аўтамабіляў у Заходняй Германіі.
У 1950 г. экспарт падвоіўся да 1/3 аўтамабіляў і ажыццяўляўся ў 18 краін, у тым ліку ўпершыню ў Паўднёвую Амерыку — 1253 самаходы паставілі ў Бразілію. 8 сакавіка 1950 г. пачалі выраб фургонаў «Транспарцёр», якія занялі 1/3 нямецкага рынка ў сваёй нішы. У выніку ў 1950-я гады «Фальксваген» стаў найбольшым экспарцёрам Германіі, чый самаход «Жук» стаў найбольш прадаваным. Адначасна адкрылі зборачныя заводы ў Бразіліі, Паўднёвай Афрыцы (1956 г.) і Аўстраліі (1957 г., Мельбурн). 11 верасня 1952 г. заснавалі гандлёвае ТАА «Фальксваген Канады» (Таронта). 23 сакавіка 1953 г. адкрылі вытворчае ТАА «Фальксваген Бразіліі» (Сан-Паўлу), якое ў ліпені пачало зборку седанаў «Фальксваген Жук». Пасля гэтага можна казаць пра ўзнікненне канцэрна «Фальксваген». 21 лістапада 1953 г. таварны знак прадпрыемства атрымаў улік у Патэнтнай службе Германіі. 21 ліпеня 1955 г. заснавалі гандлёвае ТАА «Фальксваген ЗША» (Нью-Ёрк), якое прадало за 1956 г. 42 884 «Жукоў» і 6666 «Транспарцёраў». Збытавая сетка ў ЗША складалася з 15 распаўсюднікаў і 342 прадаўцоў. 5 жніўня 1955 г. «Фальксваген» выпусціў мільённы самаход. У 1957 г. дзякуючы новаму заводу ў Гановеры выраб «Транспарцёраў» вырас на траціну да 91 993, 2/3 з якіх экспартавалі. У верасні 1957 года ў Оснабруку (Ніжняя Саксонія) пусцілі вытворчасць кабрыялетаў «Карман-Гіа». 18 лістапада 1959 года ў Сан-Бернарду-ду-Сампу (штат Сан-Паўлу, Бразілія) адкрылі новы аўтазавод, дзякуючы якому ў 1960 г. продажы ў Бразіліі выраслі на 67 % да 47 320 самаходаў (41 % рынка). Лік супрацоўнікаў у Бразіліі перавысіў 8000 чалавек. 21 ліпеня 1960 г. Саюзны сход Заходняй Германіі зацвердзіў Закон «Аб перадачы правоў на паі ТАА „Народны аўтамабільны завод“ у прыватныя рукі», паводле якога 60 % паёў прадалі грамадзянам. Па 20 % паёў атрымалі Саюзны ўрад Германіі і Урад зямлі Ніжняя Саксонія. 22 жніўня 1960 г. «Фальксваген» атрымаў улік у гандлёвым рэестры ў якасці акцыянернага таварыства (АТ). Да 15 сакавіка 1961 г. 60 % паёў АТ прадалі за 360 млн нямецкіх марак, па 350 марак за пай. Выручаныя ад продажу паёў сродкі перавялі фонду «Фальксваген» (Гановер), які заснавалі для выдаткоўвання на распрацоўкі канцэрна. У 1961 г. завод у Вольфсбургу пачынае запрашаць на працу замежных работнікаў, лік якіх да канца 1962 г. дасягнуў 4494, з іх 3188 (71 %) з Італіі. 2 кастрычніка 1961 г. завод у Гановеры выпусціў мільённы «Фальксваген Транспарцёр». За 1961 г. канцэрн «Фальксваген» вырабіў звыш млн самаходаў (1 007 113). 15 студзеня 1963 г. канцэрн атрымаў марскі карабель «Ёган Шульт», які мог перавозіць 1750 самаходаў. У 1963 г. канцэрн «Фальксваген» стаў найбольшым у свеце экспарцёрам самаходаў, каля 60 % якіх прадалі за мяжу. На 31 снежня 1963 г. завод у Вольфсбургу наймаў 43 722 супрацоўнікі і мог за суткі выпусціць да 3300 легкавікоў. У 1964 г. экспарт у ЗША дасягнуў каля 330 000 аўтамабіляў, пасля 4-гадовага росту продажаў у сярэднім на 20 % штогод. У ЗША «Фальксваген Жук» атрымаў паноўнае становішча ў сваёй нішы. 15 студзеня 1964 года ў Мехіка заснавалі ААТ «Фальксваген Мексікі», якое ў лістападзе 1967 г. адкрыла новы завод у Пуэбле-дэ-Сарагоса. У выніку гадавыя продажы ў Мексіцы дасягнулі 22 220 аўтамабіляў (21,8 % рынка). 1 студзеня 1965 г. «Фальксваген» набыў у АТ «Даймлер-Бенц» яго даччынае ТАА «Аўта-Саюз» (Інгальштат, зямля Баварыя), якое мела збытавую сетку ў 1200 аўтакрамаў, 11 000 супрацоўнікаў і завод магутнасцю на 100 000 самаходаў за год. Набыты завод стаў вырабляць аўтамабілі «Аўдзі». 12 ліпеня 1965 г. стварылі ТАА «Вольфсбургскія перавозкі», якому перадалі 55 марскіх грузавых караблёў і 1700 супрацоўнікаў. Да канца года даччынае прадпрыемства перавезла звыш 168 000 аўтамабіляў. У 1968 г. вытворчасць у Аўстраліі давялося спыніць, бо ўрад запатрабаваў да 1969 г. вырабляць аўтамабілі на 95 % з мясцовых дэталяў. 26 жніўня 1969 г. даччынае ТАА «Аўта-Саюз» злучылася з АТ «Некарсульмскі маторны завод» (зямля Бадэн-Вюртэмберг) у АТ «Некарсульмскі Аўта-Саюз „Аўдзі“», дзе «Фальксваген» атрымаў 59,5 % паёў.
У 1970 г. продажы канцэрна ў ЗША дасягнулі каля 570 000 аўтамабіляў. У сакавіку 1970 г. набылі найбольшае ў Германіі прадпрыемства аўтанайму «Самаходавы Саюз». 1 ліпеня 1970 г. адкрылі новы завод у Зальцгітэры (Ніжняя Саксонія), дзе 2000 з 5108 супрацоўнікаў выраблялі рухавікі, у тым ліку для «Аўдзі 100». 17 лютага 1972 г. вытворчасць «Жука» дасягнула 15 007 034 самаходаў, што зрабіла яго найбольш распаўсюджаным у свеце аўтамабілем. 14 чэрвеня 1973 г. заснавалі разам з югаслаўскім імпарцёрам «Уніс» сумеснае прадпрыемства «Аўтамабільны завод Сараева» (Вагошча; цяпер Боснія і Герцагавіна), на якім з 10 лістапада 1973 г. пачалі вырабляць аўтамабілі «Фальксваген». За 1973 г. у Зальцгітэры вырабілі звыш 400 000 аўтамабіляў, у тым ліку з мая пачалі вырабляць частку седанаў Volkswagen Passat. У выніку нафтавага крызісу 1973 года да 1975 г. продажы ўпалі на 40 % да 2,038 млн самаходаў. У ЗША да 1976 г. продажы скараціліся больш як удвая да 238 167 самаходаў.