Сцяпа́н Гера́сімавіч Була́т (, Слабада, цяпер Уздзенскі раён, Мінская вобласць — , ) — беларускі палітычны дзеяч, журналіст.

Біяграфія З сям’і батрака. Скончыў Мінскія настаўніцкія курсы, экстэрнам здаў экзамены за курс настаўніцкай семінарыі і з 1913 г. настаўнічаў у Дзешчанскім народным вучылішчы Мінскага павета.

У 1915—1916 гг. і 1918—1919 гг. вучыўся ў Менскім настаўніцкім інстытуце. У 1916 г. мабілізаваны ў армію, скончыў Віленскае народнае вучылішча, служыў у 153-м пяхотным палку, прапаршчык. У канцы снежня 1917 г. дэмабілізаваны як настаўнік, працаваў у Слабадскім народным вучылішчы Мінскага павета.

Сябра арганізацыі «Маладая Беларусь», якая ў канцы 1919 г. пераўтвораная ў Беларускую камуністычную арганізацыю. У часе акупацыі Беларусі польскімі войскамі сябра Цэнтральнага камітэта Беларускай камуністычнай арганізацыі і Паўстанцкага камітэта, займаўся арганізацыяй партызанскага руху ў Менскім павеце, вёў прапаганду ідэй савецкай улады. Прызнаючы бальшавіцкую праграму, Беларуская камуністычная арганізацыя, аднак, стаяла на беларускіх пазыцыях і адстойвала ідэю стварэння беларускай дзяржаўнасці. Па заняцці Менска бальшавікамі ўступіў у Камуністычную партыю (бальшавікоў) Беларусі. У ліпені — жніўні 1920 г. працаваў у Менскім губернскім аддзеле народнай асветы. З жніўня 1920 г. загадчык аддзела Цэнтральнага камітэта КП(б)Б па працы ў вёсцы. Адначасова рэдактар газеты «Савецкая Беларусь», заснавальнік і рэдактар газеты «Белорусская деревня». З лютага 1921 г. сябра Цэнтральнага бюро, з траўня 1921 г. 3-і сакратар Цэнтральнага камітэта КП(б)Б і загадчык агітацыйна-прапагандысцкага аддзела, С. 328. Адзін з падпісантаў «Заявы 32-х», якая з’яўлялася спробай распрацаваць і прапанаваць партыйнаму кіраўніцтву накід платформы нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння савецкай Беларусі з улікам становішча па выніках Рыжскага міра. Былі зроблены прапановы пашырыць рэспубліку на ўсход, распачаць беларусізацыю краю, надаць беларускай мове статус дзяржаўнай. У 1930-х гг. група падпісантаў кваліфікавалася як «група, што змагаецца супраць генеральнай лініі камуністычнай партыі, за адкол групы беларусаў (камуністаў) ад КПБ».

Памёр 24 ліпеня 1921 года ў Маскве пасля другой аперацыі. Пахаваны 28 ліпеня а 19-й гадзіне вечара на Старажоўскіх могілках у Менску. Старажоўскія могілкі ў 1950-х гг. былі выраўнены бульдозерам. Ёсць звесткі, што рэшткі Булата былі перанесены на Вайсковыя могілкі, аднак літаратуразнаўца Рыгор Семашкевіч не змог знайсці яго магілы. Выказваецца думка, што магіла магла быць знішчана ў часе пашырэння вуліцы Даўгабродскай, альбо рэшткі ўвогуле не пераносіліся на Вайсковыя могілкі.

Памяць Яго памяці прысвечаныя вершы Янкі Купалы «На смерць Сцяпана Булата», Міхася Чарота «Дарогай памяці Сцяпана Булата», Змітрака Бядулі «На смерць Сцяпана Булата». Імя Сцяпана Булата было нададзена 31-й менскай сямігадовай беларускай школе.

Катэгорыя:Педагогі Беларусі Катэгорыя:Палітыкі Беларусі Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Пахаваныя на Старажоўскіх могілках Катэгорыя:Члены Камуністычнай партыі Беларусі Катэгорыя:Члены Цэнтральнага бюро КП(б)Б