РВУП «Заво́д дакла́днай электрамеха́нікі» («ЗДЭМ») — дзяржаўнае абароннае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў маі 2009 года ў вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна (Мінская вобласць).
Галаўная сядзіба размяшчаецца ў Мінску па вул. Кульман, д. 2/1. На 2019 год прадпрыемства: 1) вырабляла электронныя трэнажоры для бранятанкавай тэхнікі, перанасных зенітна-ракетных комплексаў (ПЗРК), процітанкавых кіраваных ракет (ПТКР) і стралковай зброі; 2) распрацоўвала ўзбраенні і боепрыпасы, у тым ліку рэактыўнах сістэм залпавага агню (РСЗА) «Паланэз»; 3) утылізавала, мадэрнізавала і рамантавала ўзбраенне і ваенную тэхніку; 4) аказвала паслугі спадарожнікавай сувязі радыёстанцыям і тэлеканалам.
Вырабы і паслугі На 2019 год УП «Завод дакладнай электрамеханікі» выпускаў: радыёкіраваныя мішэнныя ўстаноўкі, ракеты-мішэні на аснове зенітных кіраваных ракет (ЗКР) 5В27 ЗРК С-125, 5Я23 (20ДСУ) ЗРК С-75, 3М8 ЗРК «Круг» і 9М33 ЗРК «Аса», паветраныя мішэні на аснове рэактыўных снарадаў 9М22У, 9М28 і 9М521МБ РСЗА «Град»; электронныя трэнажоры «Сокал М2П» для стралковай зброі і «Сокал-ПТКР» для пуску процітанкавых кіраваных ракет (ПТКР) 9М111, 9М113 і 9М115; трэнажоры для экіпажаў, кіроўцаў і наводчыкаў баявых машын дэсанту і пяхоты БМД-1, БМП-1 і БМП-2, самаходных артылерыйскіх установак САУ 2С1 (2С3, 2С5), а таксама танкаў Т-55, Т-62 і Т-72.
Таксама завод мадэрнізаваў і рамантаваў: аскепкава-фугасныя рэактыўныя снарады калібрам 122 міліметры для РСЗА «Град», «Смерч» і «Ураган»; кантрольна-выпрабавальныя рухомыя станцыі (КВРС) 5К21 і В2-75М; процітанкавыя кіраваныя ракеты (ПТКР); 6 відаў зенітных кіраваных ракет (ЗКР) — 9М37 для зенітнага ракетнага комплексу (ЗРК) «Страла-10», 3М8 для ЗРК «Круг», 9М29 і 9М39 (9М313, 9М32) для перанаснога ЗРК «Ігла» («Ігла-1», «Страла-2»), 5В27 для ЗРК С-125 і 5Я23 (20Д) для ЗРК С-75; 4 віды авіяцыйных кіраваных ракет — P23, P24, P60 і P73; 5 відаў авіяцыйных некіраваных ракет — С5, С8, С13, С24 і С25.
Паслугі спадарожнікавай сувязі аказваліся праз спадарожнік «Белінтэрсат-1».
Абсталяванне На 2019 год завод меў: 5-восевы станок для загатовак памерам да 80х55 см і вагой да 800 кг; ветрыкальны металарэжучы станок для загатовак памерам да 120х60х50 см і вагой да тоны; такарна-фрэзеровачны станок для вырабаў дыяметрам да 65 см і даўжынёй да 150 см; вібрацыйную выпрабавальную сістэму «AIT» мадэлі ТV59349 LS-440 ад нямецкага ТАА «Тыра» (Шалькаў, зямля Цюрынгія), што мела дыяметр стала 44 см; кліматычную камеру КТ-ЦХВ-750 памерам 50х60х250 см для гадзіннага выпрабавання тэмпературай ад −60 °C да +60 °C і вільготнасцю ад 10 % да 98 %; фарбавальна-сушыльную камеру памерам 10х4х3,5 м; 3 іншыя станкі — ветрыкальны кантрольна-фрэзерны, універсальны такарна-вінтарэзны і вертыкальна-свідравальны.
Гісторыя
27 мая 2009 года ў вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна (Мінская вобласць) заснавалі УП «Завод дакладнай электрамеханікі». 29 верасня 2010 года галоўны інжынер «ЗДЭМ» Андрэй Курылкін быў ўзнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі». Увосень 2012 года прадпрыемства заключыла кантракт на пастаўку ад Кітайскай прамысловай карпарацыі «Вялікая сцяна» (Пекін) Нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання Рэспублікі Беларусь. Экпартна-імпартны банк Кітая вылучыў пад кантракт пазыку. У ліпені 2013 года «ЗДЭМ» пачаў будаваць у Станькаве наземны комплекс кіравання (НКК) геастанцыянарным спадарожнікам. За 2014 год УП «Завод дакладнай электрамеханікі» працягнула тэрмін службы 10 000 ракет.
15 студзеня 2016 года з кітайскага касмадрома (правінцыя Сычуань) у арбітальную пазіцыю 51,5° усходняй даўгаты запусцілі спадарожнік «Белінтэрсат-1», які забяспечыў пакрыццё Усходняга паўшар’я Зямлі. У 2016 годзе «Завод дакладнай электрамеханікі» паставіў ва Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь першыя комплексы рэактыўнай сістэмы залпавага агню (РСЗА) «Паланэз» з далёкасцю стральбы да 200 кіламетраў, якія заступілі на баявое дзяжурства ў жніўні 2016 года. 3 жніўня 2016 года два супрацоўнікі заводу — вядучы інжынер Ігар Данцоў і намеснік галоўнага канструктара Юрый Чорны — былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі Савета міністраў Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у стварэнне і паспяховае выпрабаванне айчыннага ракетнага комплексу «Паланэз».
8 красавіка 2019 года кіраўнікі «ЗДЭМ» і расійскага УП «Касмічная сувязь» (Масква) Анатоль Ваньковіч і Юрый Прохараў падпісалі Пагадненне аб супрацы, што прадугледжвала перавод загрузкі з «Белінтэрсату-1» па заканчэнні тэрміна службы ў 2031 годзе на сумесны спадарожнік «Экспрэс-АМУ6» у арбітальнай пазіцыі 53° усходняй даўгаты, які бакі дамовіліся стварыць.
Міжнародныя санкцыі
У лістападзе 2022 года завод трапіў пад санкцыі Канады, у лютым 2024 года — пад санкцыі Вялікабрытаніі.
27 сакавіка 2025 года завод трапіў у санкцыйны спіс Еўрапейскага саюза COUNCIL IMPLEMENTING DECISION (CFSP) 2025/632 of 27 March 2025 .
Дырэктары Анатоль Сцяпанавіч Ваньковіч (з лістапада 2012) Юрый Мікалаевіч Чорны
Спасылкі
Навіны
Катэгорыя:Прадпрыемствы Мінскай вобласці Катэгорыя:Эканоміка Дзяржынскага раёна Катэгорыя:Вытворцы электронікі Беларусі Катэгорыя:Вытворцы зброі Катэгорыя:Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Станькава Катэгорыя:2009 год у Беларусі