Гарацыа Нельсан (; 29 верасня 1758, Бёрнем-Торп, графства Норфалк — 21 кастрычніка 1805, мыс Трафальгар, Іспанія) — англійскі флатаводзец, віцэ-адмірал (1 студзеня 1801), барон Нільскі (1798), віконт (1801).

Біяграфія Нарадзіўся ў сям’і прыхадскога святара Эдмунда Нельсана (1722—1802) і Кэтрын Саклінг (1725—1767). Род Нельсанаў быў багаслоўскім. Святарамі служылі тры пакаленні мужчын гэтае сям’і. У сям’і Эдмунда Нельсана было адзінаццаць дзяцей, выхоўваў ён іх строга, кахаў парадак ва ўсім, лічыў свежае паветра і фізічныя практыкаванні вельмі важнымі ў справе выхавання, шчыра верыў у Бога, лічыў сябе святаром, праўдзівым джэнтльменам і збольшага нават навукоўцам. Гарацыа рос хваравітым дзіцем, невялікага росту, але з жывым характарам. У 1767 годзе памерла маці Гарацыа — Кэтрын Нельсан — ва ўзросце сарака двух гадоў. Эдмунд Нэльсан пасля смерці жонкі так і не жаніўся. Гарацыа асабліва зблізіўся з братам Уільямам, які пасля пойдзе па стопах бацькі і стане святаром. Гарацыа адвучыўся ў дзвюх школах: пачатковае Даўнэм-Маркэт і сярэдняе ў Норвічы, вывучыў Шэкспіра і асновы латыні, але схільнасці да вучобы ў яго не было.

У 1771 годзе ва ўзросце 12 гадоў паступіў юнгай на карабель свайго дзядзькі капітана Морыса Саклінга, героя Сямігадовай вайны. Рэакцыя дзядзькі на жаданне Гарацыа паступіць на флот была наступная: «Чым правініўся небарака-Гарацыа, што менавіта яму, самаму далікатнаму з усіх, прыйдзецца несці марскую службу? Але хай прыязджае. Можа, падчас першага ж бою гарматнае ядро знясе яму галаву і пазбавіць ад усіх клопатаў!». Неўзабаве карабель дзядскі «Рэзанабаль» быў пастаўлены на кансервацыю, і Гарацыа па просьбе дзядзькі перавялі на лінейны карабель «Трыумф». Капітан «Трыумфу» збіраўся ісці ў Вест-Індыю і менавіта ў гэтым рэйсе малады Нельсан атрымаў першыя навыкі марской службы. Пазней Нельсан успамінаў пра першае плаванне: «Калі я і не атрымаў поспех у сваёй адукацыі, то, урэшце рэшт, набыў шмат практычных навыкаў, агіду да Каралеўскага флоту і засвоіў дэвіз матросаў : „У барацьбе за ўзнагароды і славу наперад, адважны марак!“». Затым ён працаваў сігнальным на іншым караблі. Пасля гэтага Саклінг забірае пляменніка да сябе на «Трыумф» у якасці мічмана. Карабель нёс дазорную службу, а капітан Саклінг займаўся марской адукацыяю пляменніка. Пад кіраўніцтвам дзядзкі Гарацыа авалодаў асновамі навігацыі, навучыўся чытаць карты і выконваць абавязкі кананіра. Неўзабаве малады Нельсан атрымлівае ў сваё распараджэнне баркас і ходзіць на ім у вусцях Тэмзы і Мідуэя.

Улетку 1773 года была арганізавана палярная экспедыцыя, у складзе якое быў і чатырнаццацігадовы Гарацыа, накіраваны служыць на «Каркас». Экспедыцыя не прынесла поспеху і дагэтуль вядомая толькі тым, што ў ёй удзельнічаў будучы герой. Аднак і там Гарацыа ўразіў усіх сваёю адвагаю, калі ўначы ўбачыўшы белага мядзведзя, схапіў мушкет і пагнаўся за ім да жаху капітана карабля, мядзведзь, напалоханы стрэлам гарматы схаваўся, а па вяртаньні на карабель Нельсан узяў усю віну на сябе. Капітан, лаючы яго, у душы захапляўся адвагаю маладога чалавека. Палярныя прыгоды загартавалі героя, і ён прагнуў новых подзвігаў.

У 1773 годзе ён становіцца матросам 1-га класа на брыгу «Сіхорс». Амаль год Нельсан правёў у Індыйскім акіяне. У 1775 годзе ён захварэў на ліхаманку, яго даставілі на судна «Дэльфін» і адправілі да берагоў Англіі. Зваротнае плаванне доўжылася больш за шэсць месяцаў. Пазней Нельсан успамінаў пра нейкі відзеж на шляху з Індыі: «Нейкае святло, якое сыходзіла з неба, зіготкае свяціла, што кліча да славы і трыумфу». Пасля вяртання на радзіму яго прызначылі на карабель «Вустэр» чацвёртым лейтэнантам, гэта значыць ён быў ужо вахтавым начальнікам, хоць не меў яшчэ афіцэрскага чыну, нёс патрульную службу і суправаджаў гандлёвыя караваны.

Увесну 1777 года здае іспыт на чын лейтэнантаСаветская военная энциклопедия 571—572, як кажуць, не без дапамогі свайго ўсёмагутнага дзядзкі капітана Саклінга, які быў старшынёй экзаменацыйнай камісіі. Пасля ўдала здадзенага іспыту ён атрымлівае прызначэнне на фрэгат «Лавэстаў», які адплываў у Вест-Індыю. Афіцэрскі тост перад адплыццём: «За кровапралітную вайну і сезон, які нясе хваробы!» Каманда «Лавэстава» ставілася да маладога лейтэнанта з павагай і, калі ён пакідаў фрэгат, падарыла яму на памяць скрыначку са слановай косткі ў выглядзе іх фрэгату. Нельсан перайшоў на флагманскі карабель «Брыстоль» пад камандаваннем Паркера.

У 1778 годзе Нельсан становіцца камандэрам і атрымлівае прызначэнне на брыг «Бэджэр», які ахоўваў усходні бераг Лацінскай Амерыкі. Служба па ахове ўзбярэжжа была клапатлівай, бо ўвесь час даводзілася ганяцца за кантрабандыстамі. Аднойчы, падчас стаянкі «Бэджэра» ў заліве Мантэга раптам загарэўся брыг «Глазга». Дзякуючы дзеянням Нельсана каманда брыга была выратаваная.

У 1779 годзе Нельсан у дваццаць гадоў становіцца капітанам судна «Хінчынбург». У першым самастойным плаванні каля берагоў Амэрыкі ён захапіў некалькі гружаных суднаў, прызавая сума склала каля 800 фунтаў, частка гэтых грошай ён пераслаў бацьку.

У 1780 годзе па загадзе адмірала Паркера Нельсан пакідае Ямайку, высаджвае дэсант у вусце ракі Сан-Хуан (Пуэрта-Рыка), мэта — захоп форта Сан-Хуан. Форт быў узяты, але без Нельсана, якому было загадана вярнуцца на Ямайку, што выратавала яму жыццё, бо большасць матросаў памерла ад жоўтае ліхаманкі. Хворы лячыўся ў хаце адмірала Паркера, дзе ён быў прыняты як сын. З першым суднам яго адпраўляюць у Англію лячыцца. Ён прыязджае ў курортнае мястэчка Бат, адкуль піша: «Я аддаў бы ўсё, каб ізноў быць у Порт-Рояле. Тут няма ледзі Паркер, а слугі не звяртаюць на мяне ніякай увагі, і я валяюся як бервяно». Акрыянне ішло павольна. Ён наведвае брата Ўільяма ў Норфалке, пазнае пра жаданне брата стаць суднавым святаром. Гэта прыводзіць Гарацыа ў жах, ён, як ніхто іншы, ведаючы марскія норавы, усведамляе, што гэта справа неверагодна цяжкае і няўдзячнае. Аднак брат застаецца пры сваім меркаванні.

Неўзабаве рушыла ўслед прызначэнне на «Альбемарль», ён быў адпраўлены ў Данію, затым служыў у Квебеку.

У Квебеку Гарацыа сустрэў сваё першае каханне — 16-гадовую дачку начальніка вайсковай паліцыі Мэры Сімпсан. З яго лістоў вынікае, што ён ніколі яшчэ не выпрабоўваў падобных пачуццяў і не меў досведу ў справах любоўных. Ён марыў, што павязе Мэры на радзіму і ціха зажыве з ёй у Норфалку: «Што мне флот і што мне зараз кар’ера, калі я знайшоў сапраўднае каханне!». Аднак, аддаючыся марам, закаханы нават не знайшоў час спытаць Мэры пра яе пачуцці. Сябры ўгаварылі яго не рабіць пакуль прапанову і праверыць свае пачуцці, адправіўшыся ў Нью-Ёрк — новы порт прыпіскі «Альбемарля». Тут ён знаёміўся з прынцам Уільямам, будучым каралём Англіі Вільгельмам IV, прынц успамінаў: «Калі Нельсан прыбыў у сваім баркасе, ён здаўся мне хлопчыкам у форме капітана».

У 1783 годзе ўзяўшы адпачынак, ён едзе з сябрам у Францыю, яго непрыемна дзівіць гэтая краіна, аднак Нельсан закахаўся ў міс Эндрус, узаемнасці ад яе ён так і не дамогся. Ён з’яжджае ў Лондан і адтуль піша брату: «У Лондане столькі спакусаў, што жыццё мужчыны сыходзіць на іх дашчэнту». На здзіўленне навакольных Нельсан жадае стаць парламентарыем і лабіраваць інтарэсы Адміралцейства ў парламенце, аднак, калі першы лорд адміралцейства прапануе яму вярнуцца на службу, той неадкладна згаджаецца, з палітыкай было скончана. Яму прапанавалі фрэгат «Барэй», які павінен быў несці дазорную службу ў Вест-Індыі. У штат судна Нельсану прыйшлося ўключыць брата Уільяма, які так і не адмовіўся ад думкі несці Добрую Вестку маракам. Ля Порта Дыль капітан даведаўся, што галандцы захапілі 16 англійскіх маракоў, ён адправіў на борт галандскага судна ўзброены атрад і адкрыў гарматныя порты, маракі былі адпушчаны і папоўнілі каманду «Барэя». У 1784 годзе фрэгат увайшоў у гавань вострава Антыгуа, яго прыводзілі ў парадак і нагружалі запасамі. Тым часам капітан паспеў пазнаёміцца і закахацца ў Джэйн Моўтрэй, жонку прадстаўніка Адміралцейства на Антыгуа, неўзабаве ж службоўца адклікалі ў Англію і разам з ім адбыла яго прыгажуня жонка. Брат Уільям, расчараваўшыся ў пасадзе карабельнага святара, запіў і цяжка захварэў, яго прыйшлося адправіць дахаты ў Англію.

Не склаліся адносіны ў Нельсана і з камандуючым. Асноўнай задачай Нельсана ў Вест-Індыі быў кантроль за выкананнем Навігацыйнага акту, паводле якога ў англійскія каланіяльныя порты можна было ўвозіць тавары выключна на англійскіх суднах, такім чынам англійскія купцы і суднаўладальнікі атрымлівалі манаполію на гандаль і адначасова гэты акт падтрымліваў брытанскі флот.

Пасля набыцця Злучанымі Штатамі незалежнасці, амерыканскія судны сталі замежнымі і не маглі гандляваць на тых жа ўмовах, аднак рынак сфармаваўся, і амерыканцы працягвалі гандаль. Мясцовыя англійскія службоўцы ведалі пра гэта, але маўчалі, бо атрымлівалі важкі адсотак з кантрабанды. Нельсан лічыў, калі гандаль амерыканцаў наносіць шкоду Англіі, ён павінен быць выкаранены. Пасля ён успамінаў: «У бытнасць сваю каланістамі амерыканцы валодалі амаль усім гандлем ад Амерыкі да Вест-Індыйскіх выспаў, а калі вайна скончылася яны забыліся, што атрымаўшы перамогу, яны сталі замежнікамі і зараз ня маюць права гандляваць з брытанскімі калоніямі. Нашы губернатары і мытныя службоўцы робяць выгляд, што па Навігацыйным акце ў іх ёсць права гандляваць, а насельніцтва Вест-Індыйскіх выспаў жадае таго, што яму выгодна. Папярэдне апавясціўшы губернатараў, мытнікаў і амерыканцаў у тым, што я збіраюся рабіць, я захапіў мноства суднаў, што і наладзіла супраць мяне ўсе гэтыя групоўкі. Мяне гналі ад адной выспы да іншага, я падоўгу нават ня мог сысці на сушу. Але мае непарушныя маральныя правілы дапамаглі мне выдужаць, і калі ў гэтай праблеме разабраліся лепей, я атрымаў падтрымку з радзімы. Я даказаў, што пасада капітана вайсковага судна абавязвае яго выконваць усе марскія законы і выконваць даручэнні Адміралцейства, а не быць мытнікам». На Нельсана пісалі скаргі, аднак кароль абяцаў яму сваю падтрымку ў выпадку суду. Капітан і ўявіць сабе не мог, што з вест-індыйскае кантрабанды карміліся не толькі мясцовы генерал-ґубернатар і камандуючы эскадрай, але таксама велізарная колькасць лонданскіх службоўцаў, так ён набыў у сталіцы мноства высокапастаўленых ворагаў.

Новы жыццёвы этап пачаўся з таго, што Нельсана папрасілі даставіць на востраў Барбадас пляменніцу Джона Герберта міс Пэры Герберт. Пасля прыбыцця яго запрасілі ў госці і там ён упершыню ўбачыў другую пляменніцу Герберта маладую ўдаву Фрэнсыс Нісбэт, у сям’і яе ласкава называлі Фані, ад першага шлюбу ў яе быў сын. Нельсан закахаўся адразу: «У мяне няма аніякага сумневу, што мы будзем шчаслівай парай, а калі не будзем, то па маёй віне». 11 сакавіка 1787 года адбылося іх вяселле.

У 1787 годзе Нельсан пакідае Вест-Індыю, ён едзе дадому, Фані з сынам адбылі трохі пазней.

У 1793 годзе, з пачаткам вайны супраць Францыі, атрымаў пасаду капітана лінейнага карабля ў складзе Міжземнаморскай эскадры адмірала Самуэля Худа. У гэтым жа годзе ён прыняў актыўны ўдзел у баявых дзеяннях пад Тулонам, у ліпені 1794 года камандаваў дэсантам на Корсіцы, атрымаўшы раненне правага вока пры аблозе крэпасці Кальві, а 13 ліпеня 1795 года вызначыўся ў марской бітве, прымусіўшы да капітуляцыі французскі карабель, нашмат які пераўзыходзіў па моцы яго ўласны.

14 лютага 1797 года ўдзельнічаў у бітве ля мыса Сан-Вісентэ (паўднёва-заходняга ўскрайка Партугаліі). Па ўласнай ініцыятыве ён вывеў свой карабель з лінейнага ладу эскадры і ажыццявіў манеўр, які меў вырашальнае значэнне для разгрому іспанскага флоту. Два з чатырох захопленых англічанамі іспанскіх караблёў былі ўзяты на абардаж пад асабістым камандаваннем Нельсана, які атрымаў за гэты бой рыцарскі крыж ордэна Бані і чын контр-адмірала сіняга сцяга.

У ліпені 1797 года пры няўдалай спробе захапіць порт Санта-Крус-дэ-Тэнэрыфэ Нельсан страціў правую руку.