Га́нак (, ад с.-в.-ням.: gancГанак // С. 46, уваход) — лёгкая прыбудова перад уваходам y будынак, звычайна слупавой канструкцыі.
Здаўна пашыраны ў многіх народаў Еўропы ў жыллёвых, культавых, сядзібна-палацавых пабудовах. На Беларусі найбольш характэрны для сядзібна-палацавых пабудоў, а таксама для корчмаў, аўстэрый, ратушаў і інш. Пад уплывам стылю класіцызму ў 2-й палове XVIII—XIX ст. ганкі афармлялі порцікамі, трохвугольнымі або ступеньчатымі франтонамі. У гандлёвых радах, гасціных дварах, лямусах, некаторых храмах яны ператвараліся ў працяглыя па ўсім фасадзе ці навокал храма аркадныя галерэі. У вясковым будаўніцтве набылі пашырэнне ў 2-й палове XIX ст.
Традыцыйны ганак — адкрыты: памост з 1- ці 2-схільнай стрэшкай на 2—4 слупах. Як дамінанту, што акцэнтуе ўваход у жыллё, ганак аздабляюць разьбянымі закрылінамі па краях стрэшкі, ажурным карнізам, вільчыкам. У XX ст. адкрытыя ганкі саступілі месца паўзакрытым, ва ўнутранай прасторы да сценак ставяць 2 лаўкі. Традыцыйны разьбяны дэкор часам дапаўняецца паліхромнай расфарбоўкай. Такія ганкі больш пашыраны ва ўсходніх раёнах, на Гомельшчыне іх заглыбляюць у вуглы хаты (упоравень са сценамі). На астатняй тэрыторыі Беларусі пераважаюць закрытыя ганкі — веранды або веранды ў спалучэнні з адкрытым ці паўзакрытым ганкам.
Цяпер у мураваным індывідуальным і тыпавым будаўніцтве сценкі ганка ўтвораны нярэдка з фігурна выгнутых металічных элементаў. У шматпавярховых, секцыйных, блакіраваных дамах, дамах вежавага тыпу і інш. ганкі — уваходы ў пад’езды — афармляюць казыркамі, дэкаратыўнымі кратамі, мазаічнымі пано і інш.
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Архітэктурныя элементы