«Кінтэкс» — балгарскае дзяржаўнае прадпрыемства, заснаванае ў 1966 годзе для збыту айчыннай зброі за мяжу.
На 2020 год прадпрыемства пастаўляла абаронным ведамствам краін Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі: агнястрэльную зброю і боепрыпасы да яе, а таксама запчасткі да танкаў і бронетранспарцёраў, верталётаў і самалётаў. Спадарожна «Кінтэкс» прадаваў трэнажоры да зброі, прылады сачэння, радыёлакацыі і сувязі.
Вырабы На 2020 год «Кінтэкс» пастаўляў за мяжу 9 відаў агнястрэльнай зброі: 4 узоры пісталетаў і 2 узоры рэвальвераў «Аркус» з патронам 9х19 мм; пісталет-кулямёт «Арсенал Шыпка»; 26 узораў аўтаматаў «Арсенал»; 2 узоры ручных кулямётаў «Арсенал» з патронам 5,56х45 і 7,62х39 мм; 8 узораў кулямётаў «Арсенал» з патронам 7,62х54 мм; 13 узораў ручных гранатамётаў «Аркус», «Арсенал» і «Касцёр» калібрам 40 мм, з іх 9 падрульных, у тым ліку для расійскіх аўтаматаў Калашнікава (АК-47, АК-74, АК-101, АК-103, АКМ і АКМС) і амерыканскіх — М16; 2 узоры супрацьтанкавых гранатамётаў «Арсенал» калібрам 40 (ручны) і 73 мм; 6 узораў мінамётаў «Арсенал» калібрам 60, 81, 82 і 120 мм; 2 узоры зенітных гармат калібрам 23 мм для сухапутнага войска і флоту.
Таксама прадавалі 15 відаў боепрыпасаў: 8 узораў патронаў калібрам 5,45х39,5, 5,56х45, 5,6х15, 7,62х39, 7,62х51, 7,62х54, 9х18 і 9х19 мм для ручной стралковай зброі; 7 узораў патронаў калібрам 23х115, 23х152 і 30х165 мм да станкавых кулямётаў самалётаў і танкаў; 32 узоры гранатаў калібрам 30 і 40 мм для гранатамётаў, у тым ліку для падрульных; 16 узораў супрацьтанкавых гранатаў калібрам 40, 57 і 85 мм для ручных супрацьтанкавых гранатамётаў РПГ-7В і АТГЛ; 4 узоры аднаразовых перанасных гранатамётаў калібрам 73 мм, у тым ліку РПГ-22; 8 узораў гранатаў для станкавага процітанкавага гранатамёта СПГ-9 «Дзіда»; 4 узоры гранатамётных гранатаў для гармат 2А28 «Гром» на баявых машынах пяхоты; 2 узоры супрацьтанкавых кіраваных ракетаў калібрам 93 і 125 мм пад назвамі «Метыс» і «Малютка»; 15 узораў артылерыйскіх снарадаў калібрам 57, 100, 122, 125, 130 і 152 мм, у тым ліку для танкаў, РСЗА «Град» і зенітных гармат С-60; 18 узораў артылерыйскіх мін калібрам 60, 81, 82, 120 і 160 мм; 17 узораў баявых ручных гранатаў; 12 узораў авіябомбаў, у тым ліку бетонапрабівальныя БетАБ-500; 3 узоры імітатараў паветраных цэляў; 9 узораў паветраных некіраваных ракетаў калібрам 57 і 80 мм.
Урэшце «Кінтэкс» прадаваў: запалы для ручных і гранатамётных гранатаў, мін, снарадаў, ракетаў і бомбаў, а таксама запальнікі для патронаў і сігнальную піратэхніку; 3 узоры дымавых і шумавых шашак; прылады сувязі — 3 узоры палявых тэлефонаў ТА-57, ТАП-77 і ТАП-2000, радыёстанцыі Р-33М і радыёпрыёмнікі Р-163 і Р-173, 2 узоры наземных перанасных радараў ХП-100М і С-90, 7 узораў прылад радыёглушэння; прыборы навядзення і сачэння — 4 узоры аптычных і лазарных прыцэлаў, 4 узоры начных прыцэлаў, 5 узораў прыбораў начнога бачання (у тым ліку для верталёта) і 4 узоры цеплавізараў; 4 узоры сістэмы кіравання агнём «Вулкан» для батальёна палявой артылерыі («Вулкан-Б»), мінамётнай батарэі («Вулкан-М»), батальёна РСЗА («Вулкан-Р») і батальёна самаходных гармат («Вулкан-Ц»); 4 узоры бронекамізэлек.
Гісторыя У 1966 годзе ўрад Балгарыі заснаваў прадпрыемства «Кінтэкс» для продажу мясцовага ўзбраення за мяжу. Пераважнымі пакупнікамі сталі абаронныя ведамствы краін Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. 30 сакавіка 1992 года прадпрыемства пераўтварылі ў таварыства з абмежаванай адказнасцю.
Спасылкі
Катэгорыя:Абаронная прамысловасць Катэгорыя:Сафія Катэгорыя:Кампаніі Балгарыі Катэгорыя:З’явіліся ў 1966 годзе Катэгорыя:1966 год у Балгарыі