Мсціслаўскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Магілёўскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр — горад Мсціслаў.
Геаграфія Плошча 1300 км². Мсціслаўскі раён размешчаны ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Тэрыторыя раёна размешчана ў межах Горацка-Мсціслаўскай узвышанай раўніны. Паверхня плоскахвалістая, 79 % яе на вышыні 180—200 м. Найвышэйшы пункт — 239 м. Агульны нахіл з поўначы на поўдзень. Пашыраны яры і суфазійныя западзіны.
Карысныя выкапні: торф, гліны і суглінкі, пясчана-друзавы матэрыял, будаўнічыя пяскі, цэментавыя суглінкі; сустракаюцца радовішчы сапрапелю, фасфарытаў, мелу.
Клімат Мсціслаўшчыны ўмерана-кантынентальны, вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня — −8,1 градусаў, ліпеня — +18 градусаў. Ападкаў — 602 мм за год. Вегетацыйны перыяд — 185 дзён.
Асноўныя рэкі — Сож з прытокамі, Віхра, Чорная Натапа, Малатоўка, Волчас, Кашанка (прыток Проні), Рамясцвянка (прыток Быстрай). Іншыя рэкі: Дамалка.
Лясістасць складае 17 %. Большасць лясоў знаходзіцца ў заходняй і паўднёвай частках раёна. Плошча балот — 70 км².
Гісторыя Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Калінінскай акругі БССР. 20 жніўня 1924 года падзелены на 12 сельсаветаў: Дудчыцкі, Клінскі, Курманаўскі, Лапацінскі, Мсціслаўскі, Пацолтаўскі, Рылаўшчынскі, Старасельскі, Татаршчынскі, Хлышчоўскі, Шамаўскі, Янаўскі. 21 жніўня 1925 года Клінскі сельсавет перайменаваны ў Мазалаўскі. 24 верасня 1926 года Мсціслаўскі сельсавет скасаваны, Лапацінскі сельсавет перайменаваны ў Ходасаўскі. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Аршанскай акругі. З 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 25 ліпеня 1931 года да раёна далучаны 8 сельсаветаў скасаванага Расненскага раёна: Баброўскі, Доўгавіцкі, Забалацкі, Малькаўскі, Пячкавіцкі (Пячкаўскі), Пячонкаўскі, Расненскі (Раснянскі), Шыркаўскі. 5 снежня 1931 года Баброўскі сельсавет перайменаваны ў Заходскі. У 1931 годзе Малькаўскі сельсавет рэарганізаваны ў нацыянальны латышскі сельсавет. 12 лютага 1935 года Заходскі і Расненскі (Раснянскі) сельсаветы перададзены Дрыбінскаму раёну. У 1937 годзе Малькаўскі нацыянальны латышскі сельсавет рэарганізаваны ў нацыянальны літоўскі сельсавет. З 20 лютага 1938 года раён у складзе Магілёўскай вобласці. 20 красавіка 1939 года скасаваны Малькаўскі нацыянальны літоўскі сельсавет, Рылаўшчынскі сельсавет перайменаваны ў Краснагорскі. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Пячкавіцкі, Татаршчынскі, Хлышчоўскі і Шыркаўскі сельсаветы, утвораны Касмініцкі сельсавет, Янаўскі сельсавет перайменаваны ў Пячкоўскі. 29 жніўня 1959 года скасаваны Курманаўскі і Шамаўскі сельсаветы, утвораны Раздзельскі сельсавет. 16 верасня 1959 года да раёна далучаны Пакуцценскі і Расненскі сельсаветы скасаванага Дрыбінскага раёна, якія 14 кастрычніка 1959 года перададзены ў склад Горацкага раёна. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны горад Крычаў, Бацвінаўскі, Касцюшкавіцкі, Лабковіцкі і Маляціцкі сельсаветы скасаванага Крычаўскага раёна. 7 сакавіка 1963 года Крычаў атрымаў статус горада абласнога падпарадкавання. 27 верасня 1963 года Дудчыцкі сельсавет перайменаваны ў Сялецкі, Касмініцкі сельсавет — у Капачоўскі. 18 лістапада 1964 года ў склад раёна з Манастыршчынскага раёна Смаленскай вобласці РСФСР перададзены 7 населеных пунктаў. 6 студзеня 1965 года горад Крычаў, Бацвінаўскі, Лабковіцкі і Маляціцкі сельсаветы перададзены ў склад адноўленага Крычаўскага раёна. 18 лістапада 1966 года ўтвораны Мушынскі сельсавет. 6 красавіка 1973 года Пячонкаўскі сельсавет перайменаваны ў Ракшынскі, 12 мая 1978 года Старасельскі сельсавет — у Лютненскі. 25 мая 1988 года Пячкоўскі сельсавет перайменаваны ў Сапрынавіцкі. 22 лютага 2012 года скасаваны Забалацкі сельсаветРешение Могилевского областного Совета депутатов от 22 февраля 2012 г. № 14-10 Об изменении административно-территориального устройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области, 20 лістапада 2013 года — Лютненскі і Раздзельскі сельсаветыРешение Могилевского областного совета депутатов № 23-1 от 20 ноября 2013 г. Об изменении административно-территориального устройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области, 28 лістапада 2017 года — Доўгавіцкі і Сялецкі сельсаветыРешение Могилевского областного Совета депутатов от 28 ноября 2017 г. № 31-4 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Могилевской области.
Вядомыя землякі і жыхары Іван Кірылавіч Вальваценка — Герой Савецкага Саюза. Максім Гарэцкі (1893, в. Малая Багацькаўка — 1938) — пісьменнік, дзеяч беларускага адраджэння. Лявон Вітан-Дубейкаўскі (1869—1940) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, паэт, інжынер-будаўнік, архітэктар. Васіль Мікалаевіч Еўцыхевіч (1911—1980) — вучоны-географ і педагог. Нарадзіўся ў вёсцы Свяцілаўка — С. 269.. Васіль Пракопавіч Жураўлёў — беларускі крытык і літаратуразнавец. Павел Антонавіч Левановіч — беларускі празаік, публіцыст. Аляксандр Іосіфавіч Падлужны — беларускі мовазнавец, Акадэмік НАНБ. Ганна Іосіфаваўна Сапрыка — беларуская пісьменніца, перакладчык. Вольга Пракопаўна Уласенка — Герой Сацыялістычнай Працы. Міхаіл Аляксандравіч Уласенка (1937, в. Юшкавічы) — беларускі пісьменнік. Георгій Фёдаравіч Юрчанка — беларускі паэт-сатырык.
Дэмаграфія Насельніцтва раёна складае 28,5 тыс. чалавек, у тым ліку ў гарадскіх умовах пражываюць каля 12 тыс. Усяго акрамя Мсціслава налічваецца 168 населеных пунктаў. У 1995 годзе насельніцтва раёна складала 33,2 тыс. чалавек. На 1 студзеня 2025 года паводле Белстата насельніцтва раёна складала 17 910 чалавек.
Транспарт Праз раён праходзяць: чыгунка лініі Орша — Крычаў, аўтадарогі на Магілёў, Крычаў, Горкі, Смаленск.
Старшыні Мсціслаўскага райвыканкама студзень 2017 — 15 кастрычніка 2019 — Аляксандр Іванавіч Пракопаў з 15 кастрычніка 2019 — Дзмітрый Леанідавіч Пімашэнка
Крыніцы
Літаратура Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987. Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012.
Спасылкі Мсціслаўскі раённы выканаўчы камітэт Мсціслаўскі раён на сайце Магілёўскага аблвыканкаму Рэгіянальны інфармацыйны партал horki.info Карты і агульныя звесткі на emaps-online Славутыя мясціны на партале globustut.by
Катэгорыя:Раёны, утвораныя ў 1924 годзе