О́рдэн Жале́знага ры́цара (у старым правапісе Зяле́знага Ры́цара) — вышэйшая вайсковая ўзнагарода Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і адна з узнагарод Нацыянальнай сістэмы ўзнагарод Беларусі (дэмакратычных сіл). Прызначана для адзначэння вайскоўцаў за выбітныя ваенныя і баявыя заслугі. Заснавана 1 верасня 1949 года дэкрэтам Старшыні Рады БНР Міколы Абрамчыка. Адноўлена з зацвярджэннем новай рэдакцыі статута ў 2023 годзе.

Ордэн з'яўляецца пераемнікам гістарычнага вайсковага ордэна Virtuti Militari, які быў заснаваны ў Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай у 1792 годзе.

Статут і парадак узнагароджання Ордэн мае дзве ступені: Камандорскі крыж (вышэйшая ступень) — уручаецца галоўнакамандуючаму за пераможную вайну або за выдатную арганізацыю арміі, а таксама вышэйшым афіцэрам за паспяховае кіраўніцтва вайсковымі аперацыямі, якія паўплывалі на вынік вайны. У выключных выпадках можа быць нададзены афіцэру штаба за выдатнае супрацоўніцтва. Кавалерскі крыж (ніжэйшая ступень) — уручаецца афіцэрам або жаўнерам за ўмелае камандаванне дывізіяй і ніжэйшымі аддзеламі, за праяву асабістай выдатнай баявой адвагі і ініцыятывы, якія забяспечылі ваенную ўдачу. Пры гэтым надавацца можа і асобам, якія ўжо маюць медаль «За баявыя заслугі».

Узнагарода можа быць прысуджана пасмяротна (але не пазней як праз пяць гадоў пасля смерці). Узнагароджаныя ўтвараюць Капітулу Ордэна, старшынёй якой з'яўляецца галоўнакамандуючы беларускім войскам. Рашэнне аб наданні тытула кавалера прымае галоўнакамандуючы (ці Старшыня Рады БНР, калі пасада галоўнакамандуючага вакантная) па прапанове Капітулы або камандзіраў арміі.

Кавалеры Ордэна маюць права першынства на аддачу воінскага гонару з боку вайскоўцаў роўнага рангу, якія не маюць ордэна. Падафіцэры і жаўнеры, адзначаныя Ордэнам, маюць права на датэрміновае павышэнне ў званні (да афіцэра і сяржанта адпаведна). Кавалер можа быць пазбаўлены ордэна за неганаровыя ўчынкі.

Знакі Ордэна носяцца без дэманстрацыі іншых узнагарод (за выключэннем вышэйшых нацыянальных ордэнаў) на фраках, мундзірах або нацыянальных касцюмах. На паўсядзённай вопратцы прадугледжана нашэнне банта або ордэнскай планкі памерамі 28×12 мм. У агульнай іерархіі нацыянальных узнагарод Беларусі Ордэн Жалезнага рыцара ідзе пасля Ордэна Пагоні і перад вайсковымі баявымі крыжамі.

Апісанне і семантыка Кавалерскі крыж Уяўляе сабой чатырохканцовы срэбны крыж. У цэнтры крыжа знаходзіцца круглы медальён з лічбай «1949» (годам заснавання ордэна), па-за якім размешчаны дзве скрыжаваныя срэбныя шаблі. На прамянях крыжа выбіты літары «Б.Н.Р.». Адваротны бок крыжа паўтарае ліцавы, але без літар і шабляў, з парадкавым нумарам унізе.

Кавалерскі крыж мацуецца да калодкі, якая абцягнута стужкай чырвонага і бурага колераў (у форме трохвугольніка), на якой таксама змешчаны дзве скрыжаваныя срэбныя шаблі. Носіцца на левым баку грудзей.

Камандорскі крыж Мае такую ж чатырохканцовую форму, але з'яўляецца залатым і пакрыты эмаллю. У цэнтры замест лічбы «1949» змешчаны гістарычны герб «Пагоня», а дзве скрыжаваныя шаблі выкананы з золата. На адваротным баку (як і на кавалерскім) знаходзіцца толькі лічба «1949» і парадкавы нумар.

Камандорскі крыж з'яўляецца шыйнай узнагародай. Стужка для яго (чырвона-бурая) мае па цэнтры вузкую залатую (жоўтую) паласу. Крыж мацуецца да стужкі праз пераходнае звяно ў форме шчытка з гербам «Пагоня».

Гісторыя Ордэн быў зацверджаны 1 верасня 1949 года дэкрэтам Старшыні Рады БНР Міколы Абрамчыка. Афіцыйна статут пачаў дзейнічаць з 5 жніўня 1951 года. Першапачаткова ордэн меў больш складаную іерархію, у якую (паводле гістарычных дакументаў) уваходзілі пяць класаў і дадатковыя ступені (Вялікі Крыж, Камандорскі, Кавалерыйскі, Залаты і Срэбны).

Паводле публікацый у эмігранцкай газеце «Бацькаўшчына» (выдавалася ў Мюнхене) за 1952 год, ордэнам былі завочна адзначаны шэраг камандзіраў антысавецкага і партызанскага руху ў Беларусі: Маёр Міхал Вітушка (Ордэн Зялезнага Рыцара 3-га класа). Усевалад Родзька (Ордэн Зялезнага Рыцара 3-га класа). Маёр «Саха» (Ордэн Зялезнага Рыцара 4-га класа). 3 камандзіры асобных аддзелаў і адзін афіцэр сувязі (Ордэн Зялезнага Рыцара 4-га класа).

Ці існаваў ордэн у метале ў той час, дакладна невядома. У прэсе былі прадстаўлены толькі яго малюнкі і апісанне статута.

У 2022—2025 гадах Геральдычная рада «Пагоня» распрацавала сучасную Нацыянальную сістэму ўзнагарод. У межах гэтай працы Рада БНР прывяла статут ордэна ў адпаведнасць з новымі патрабаваннямі, скараціўшы колькасць ступеняў да дзвюх (Камандорскі і Кавалерскі крыжы). Абноўлены статут быў ухвалены 11 чэрвеня 2023 года Старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай.

Літаратура

Крыніцы

Катэгорыя:Узнагароды Беларускай Народнай Рэспублікі Катэгорыя:Ордэны Беларусі Катэгорыя:Узнагароды дэмакратычных сіл Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 1949 годзе