Лаша́нцы (, ) — вёска ў Крупскім раёне Мінскай вобласці, каля ракі Блудыня . Уваходзіць у склад Ігрушкаўскага сельсавета.

Гісторыя

Вялікае княства Літоўскае Маглі з’явіцца пасля аграрных рэформ 1550-1580-х гадоў. З 1625 года адзначаецца час, калі ўзнікла шмат паселішчаў сучаснага Крупскага раёна. Аднак, падчас вайны 1654—1667 гадоў тэрыторыя сучаснай Усходняй Беларусі была вынішчана, колькасць насельніцтва скарацілася ў больш за 2 разы. Паводле польскага даследчыка Е. Можы, Аршанскі павет страціў 2/3 дымоў, а шчыльнасць насельніцтва ў ім скарацілася з 20,2 да 6,2 чалавек на 1 км². Пасля вайны магнаты пачалі засяляць гэтыя землі сялянамі з заходніх і паўднёвых рэгіёнаў Рэчы Паспалітай.

Новаствораны засценак Лашанцы вядомы з сярэдзіны XVIII ст. у Чарэйскім маёнтку Аршанскага павета Вялікага Княства ЛітоўскагаАляхновіч, А. Гісторыка-краязнаўчы альманах Малое Палесье Друцка-Бярэзінскага краю / А. Аляхновіч. — Крупкі, 2010. — 40 с., ён размяшчаўся каля ракі Блудыня на мяжы фальварка Шчаўры і двара Грушка (маёнтак Гапонавічы) Худаўскай воласці.

Прыкладна гэтым часам шляхціч Ян Крукоўскі-Ждановіч герба «Ждан» прыбывае ў Лашанцы, якія належалі вялікаму канцлеру літоўскаму Сапегу. Ян Крукоўскі-Ждановіч пакінуў у засценку сыноў — Лявона (меў сыноў Рыгора і Яна з сынам Юрыем), Аляксандра (меў сыноў Марціна, Лявона, Тодара, Рыгора і Данііла, у апошняга былі сыны Лявон і Яўцімі), Караля (меў сыноў Самуэля і Васіля) і Андрэя (меў сыноў Аляксандра, з сынамі Янам, Сільвестрам, Аляксандрам, і Яна, з сынамі Адам і Антон). Андрэй стаў прэсвітарам уніяцкай царквы ў ЛашанцахЯцкевіч, З. Малы гербоўнік халопеніцкай шляхты / З. Яцкевіч. — Менск: Беларускі кнігазбор, 1999. — 35 с..

У 2-й палове XVIII ст. тэрыторыя, дзе размяшчаліся Лашанцы, заставалася ў складзе маёнтка Чарэя Аршанскага павета Віцебскага ваяводства, які належаў Аляксандру Сапегу герба «Ліс», але ўжо пэўны час быў закладзены, спачатку пану Бекельману, потым віцебскаму ваяводзе Юзафу Салагубу.

У 1772 годзе ў засценку Лашанцы было 5 двароў, 30 жыхароў мужчынскага полу. У 1778 годзе ўладальнікам Лашанцаў стаў Ануфрый Рашкоўскі. З 1790 года ўжо вёска Лашанцы ў складзе новаўтворанага маёнтка Шчаўры шляхціча Рашкоўскага.

Расійская імперыя Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) вёска ў складзе Магілёўскага намесніцтва Расійскай імперыі. З 12 снежня 1796 года да 27 лютага 1802 года ў складзе Магілёўскага намесніцтва Копыскага павета Беларускай губерні. З 27 лютага 1802 года да 1861 года ў Копыскім павеце Магілёўскай губерні.

У лістападзе 1812 года, падчас руска-французскай вайны і адступлення французаў, Лашанцы і Лужа разрабаваныАнікіевіч, К. Сенненскі павет Магілёўскай губерні / К. Анікіевіч — Магілёўская губерня: Губернская тыпаграфія, 1907. — С. 7, 77.

У XIX ст. маёнткам Шчаўры, у склад якога да 1865 года ўваходзілі Лашанцы і Лужа, валодае маршалак шляхты і аматар беларушчыны Юлій Серафімаў Рашкоўскі герба «Агеньчык». У 1842 годзе беларускі пісьменнік-драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч быў аканомам у маёнтку Шчаўры ў паноў Рашкоўскіх.

З 1861 года вёска Лашанцы, якая адносіліся да царквы і праваслаўнага прыхода Покрыва Прасвятой Багародзіцы ў сяле Шчаўры, была ўжо ў складзе Бобрскай воласці Сенненскага павета Магілёўскай губерні. У 1864—1865 гг. сяляне з мясцовых вёсак Крупшчыны пачалі набываць у Юлія Рашкоўскага землі. Напрыклад, селянін вёскі Гута Халімон (Філімон) Цімохін Галенка разам са сваім сынам Сільвестрам і малодшымі братамі Данілам, Мацвеем, Рыгорам, і іншымі сялянамі як упаўнаважаныя мясцовага сельскага таварыства падпісалі Устаўную грамату пана Рашкоўскага аб набыцці яго зямель у вёсцы Лашанцы. Выкупная пазыка на 49 гадоў складала 5013 рублёў 33 капейкі. Выплочвалі штогод па 6 % ад сумы: 300 рублёў 80 капеек.

У гэты ж перыяд геадэзічнае апісанне Лашанцаў праводзіў прыватны землямер і таксатар Павел Аляксееў Насовіч. Даследаванне ён праводзіў з пэўных адмежаваных ліній. Напраклад, пачатак першай лініі ішоў «от дачи Могилёвской губернии Сенненского уезда сельца Староселье владения Стаховского с поставленного временного межевого знака деревянного столба (на левой стороне живого урочища) в трёх с половиной сажень от речки Блудинка. В левой стороне описываемой межи находится земля фальварка Острово владения помещика Рошковского».

З вынікаў працы Насовіча вядома, што ў Лашанцах была сядзібная зямля з 14 дзесяцінамі і 1200 сажняў, ворыўная — 143 дзесяціны і 1800 сажняў, пад сенакос — 47 дзесяцін і 600 сажняў, дрывянога лесу — 6 дзесяцін. Вынік: зручнай зямлі 211 дзесяцін і 1200 сажняў. За балотам і могілкамі, вуліцай і прасёлкавымі дарогамі — 10 дзесяцін. Вынік: непрыдатнай зямлі 10 дзесяцін. А агулам прыдатных і непрыдатных земляў — 221 дзесяціна і 1200 сажняў. Унутры сялянскага валодання знаходзіцца ўладальніцкая зямля ў пяці ўчастках — 6 дзесяцін і 1200 сажняў. Вынік: усёй зямлі 228 дзесяцін.

Акрамя пана Юлія Рашкоўскага, да гэтага геадэзічнага апісання руку прыклалі ўпаўнаважаныя ад сялян Шчаўроўскай (Бобрскай) воласці: Тэадор Янаў Цюхлоў, Пётр Сямёнаў Дрозд, Лука Яўменаў Прыгажонак, Тэадор Осіпаў Прыгажонак, Адам Конанаў Бундзель, Аўрам Пракопаў (у рэвізіі за 1858 год запісаны за сям’ёй Лапін). З-за неадукаванасці (па іх жа просьбе) подпіс за іх ставіў унтэр-афіцэр Яўхім Бязносаў. Старастам Лашанцаў у той час быў Базыль (Васіль) Цімохін.

У 1897 годзе па выніках першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі ў Лашанцах было 36 двароў, 222 жыхары. У 1909 годзе ўжо 44 двары, 271 жыхар.

Найноўшая гісторыя Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі адміністрацыйна-тэрытарыяльная прыналежнасць Лашанцаў часта мянялася. У студзені 1918 года амаль каля саміх Лашанцаў праходзіла савецка-польская лінія фронту, затым у лютым была нямецкая акупацыя, а з 25 сакавіка 1918 года вёска ўжо на тэрыторыі абвешчанай часткай новай нацыянальнай дзяржавы БНР і да 21 лістапада 1918 года ўсё яшчэ працягвала знаходзіцца пад нямецкай акупацыяй. З 1 студзеня 1919 года Лашанцы ўжо ў складзе новай савецкай дзяржавы ССРБ, а ўжо ў лютым праз сучасны Крупскі раён праходзіла мяжа новай дзяржавы ЛітБел і РСФСР. Лашанцы на два гады апынуліся паміж двума буйнымі рэгіёнамі савецкай дзяржавы і за якім лічыліся пакуль пэўна не вядома. Магчыма, гэтая тэрыторыя Магілёўскай губерні ў гэты час жыла па законах (!) трэцяй дзяржавы ССРБ. Бо былы Сенненскі павет Магілёўскай губерні ў гэты перыяд быў скасаваны: спачатку з 26 красавіка 1919 года яго паўночная частка (Астровенская воласць) далучылася да Віцебскай губерні РСФСР і толькі з 10 красавіка 1921 года паўднёва-заходняя частка (Бобрская воласць, да якой адносіліся Лашанцы са сваім адміністрацыйным цэнтрам у Шчаўрах) далучылася да Барысаўскага павета Мінскай губерні. Трэба дадаць, што на пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі пры ЦВК ССРБ Сенненскі выканкам выступаў супраць пераводу Бобрскай воласці ў іншы павет па прычыне, што «гэтая воласць з’яўляецца самым буйным фабрычна-завадскім цэнтрам Сенненскага павета». Але сябра Масэн пастанавіў, што «пры неабходнасці некаторыя фабрычна-завадскія прадпрыемствы Бобрскай воласці застануцца за Віцебскай губерняй шляхам пераносу іх на іншую тэрыторыю Віцебскай губерні» (НАРБ, Фонд 34, вопіс 1, справа 285).

З 20 жніўня 1924 года вёска Лашанцы ў складзе Малажаберыцкага сельсавета Крупскага раёна Барысаўскай акругі БССР і па Усесаюзным перапісе 1926 года налічвала 62 двары і 324 жыхары. Фактычна ўмоўным новым адміністрацыйным цэнтрам для Лашанцаў стала мястэчка Малыя Жаберычы.

З 18 ліпеня 1927 года Лашанцы ў складзе Аршанскай акругі. Пасля скасавання акруговай сістэмы 26 ліпеня 1930 года ў Крупскім раёне БССР. У 1932 годзе вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас з зусім нетыповай назвай тых часоў «імя Сценькі Разіна», які налічваў 40 гаспадарак. З 20 лютага 1938 года ў складзе Менскай вобласці.

У 1941 годзе 58 двароў, 158 жыхароў. Акупіраваны немцамі Лашанцы былі з 1 ліпеня 1941 года. Ад фашысцкай акупацыі (нямецкі разведатрад 5-й танкавай дывізіі генерала танкавых войск Карла Дэкера знаходзіўся ў Ігрушцы, другі нямецкі гарнізон знаходзіўся ў суседняй вёсцы Старая Пярэсіка) вёскі Лашанцы і Лужа былі вызвалены 28 чэрвеня 1944 года падчас аперацыі «Баграціён» 29-м танкавым корпусам Чырвонай арміі пад камандаваннем генерал-маёра Яўгенія Фаміных (быў у складзе 5-й гвардзейскай танкавай арміі генерал-лейтэнанта Паўла Ротмістрава). 29-ы корпус складаўся з перадавых сілаў: танкавая брыгада, полк самаходнай артылерыі, зянітны артполк, батарэя 122-мм гаўбіц, батарэя ИСУ-152 і сапёрны батальён. Баі праходзілі на полі каля ракі Блудыня. Пасля вызвалення жыхары Лашанцаў забіралі рэчы загінулых немцаў: ад ботаў да гадзінніка на руку.

У вёсцы была свая пачатковая школа пісьменства, якая знаходзілася каля паварота на могілкі. Настаўніцай у ёй была мясцовая жыхарка Таццяна Васільеўна Мікуліч (17.05.1921-01.10.2010).

Чатырохгадовая школа дзейнічала таксама ў суседняй вёсцы Стараселле. У Нацыяльным архіве Рэспублікі Беларусі (Фонд 42, вопіс 2, справа 2606) захавалася справаздача Старасельскай школы за 1924—1925 гг. Так, вядома, што тутэйшая школа была адкрыта яшчэ ў 1903 годзе і праца ў ёй вялася выключна на беларускай мове. Навучаліся ў ёй дзеці з вёсак Стараселле, Лашанцы, Каменка. З Лашанцаў усяго толькі 2 вучні пры тым, што колькасць насельнікаў вёскі складала 348 жыхароў, 54 з якіх падлягалі абслугоўванню ўстановай. Родная мова насельнікаў Лашанцаў пазначана беларуская. Бліжэйшыя школы былі Радзіцкая (2 вярсты), Жаберыцкая (4 вярсты) і Ігрушкаўская (4 вярсты). Школа знаходзілася ў нанятым будынку. Дом драўляны, пакрыты саломай, аднапавярховы. Памер: даўжыня 16 арш., шырыня 8 арш., вышыня 4 арш. Дом наняты на адзін навучальны год, далей навучанне ў ім не можа быць. Настаўнікам з 20 кастрычніка 1924 года быў беспартыйны Цімох Янаў Сіўцоў 1870 г.н. з вёскі Труханаўка Круглянскага раёна Аршанскай акругі. У 1897—1899 гг. праслухаў педагагічныя курсы пры Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі. У 1919 годзе слухаў курсы ў горадзе Сянне. Пазначана таксама, што Сіўцоў працаваў з сялянамі вёсак Лашанцы, Стараселле, Каменка і інш. без перапынку ў свабодны час ад школьных заняткаў. Прадмет заняткаў: родная мова, матэматыка, грамадазнаўства, прыродазнаўства, геаграфія, маляванне, фізічнае выхаванне, палітграмадства, спевы і 8 экскурсій у лес і на мясцовую раку. Вучні платай за навучанне ў 1924/1925 гг. не абкладаліся. Школа грашовых і матэрыяльных сродкаў апошнім часам не атрымлівала.