«Акрэ́сціна» () — комплекс месцаў зняволення ў Мінску, размешчаны па 1-м завулку Акрэсціна (адсюль назва), на рагу вуліцы Кулібіна і завулка Талаша. Комплекс складаецца з прыёмніка-размеркавальніка для непаўналетніх (дом № 38), ізалятара часовага ўтрымання (№ 36А) і цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў (№ 36) ГУУС Мінгарвыканкама. Часта выкарыстоўваецца рэжымам Аляксандра Лукашэнкі для катаванняў праціўнікаў рэжыму.

«Акрэсціна» стала хадзячай назвай, «патрапіць на Акрэсціна» азначае быць затрыманым, або проста патрапіць у турму. З 2020 года стала сімвалам катаванняў мірных грамадзян, нязгодных з фальсіфікацыямі на выбарахАрцыбіскуп Кандрусевіч памаліўся ля ізалятараў на Акрэсціна.

Масавыя катаванні 9–14 жніўня 2020 года

У дзень выбараў 9 жніўня 2020 года, адразу пасля галасавання, па ўсёй тэрыторыі Беларусі пачаліся масавыя пратэсты. Комплекс на Акрэсціна стаў адным з галоўных месцаў, куды масава звозілі затрыманых у Мінску пратэстоўцаў. За пяць дзён (з 9 па 14 жніўня) праз Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП), разлічаны на ўтрыманне ўсяго 110 чалавек, сілавікі прапусцілі больш за тры тысячы затрыманых грамадзян.

Пры выгрузцы з аўтазакаў супрацоўнікі АМАПа і ЦІП утваралі так званыя «калідоры смерці» — два шэрагі сілавікоў, праз якія затрыманыя павінны былі прабягаць пад бесперапыннымі ўдарамі гумовых дубінак, ног і шчытоў. Пасля гэтага людзей ставілі на калені ўздоўж бетонных платоў ва ўнутраным дворыку ізалятара, прымушаючы ўпірацца галавой у зямлю, а рукі жорстка фіксавалі за спінай будаўнічымі сцяжкамі. У такіх ненатуральных позах, якія выклікалі парушэнне кровазвароту і адміранне канечнасцяў, людзі знаходзіліся на вуліцы ад некалькіх гадзін да цэлых сутак. Любая спроба змяніць позу ці папрасіць вады каралася жорсткім збіццём.

Затрыманых не кармілі па некалькі сутак, акрамя выдачы некалькіх боханаў хлеба на дзясяткі чалавек. Ваду давалі ў мінімальных колькасцях: адна-дзве пластыкавыя бутэлькі на 50—100 чалавек, з якіх людзі пілі па чарзе, што стварала дадатковую пагрозу распаўсюджвання COVID-19. Многім адмаўлялі ў наведванні прыбіральні, з-за чаго яны былі вымушаныя спраўляць патрэбу пад сябе прама ў двары або ў перапоўненых камерах. Медыцынская дапамога практычна не надавалася нават пры наяўнасці чэрапна-мазгавых траўмаў, адкрытых пераломаў і прыступаў эпілепсіі. Дзяжурныя лекары Акрэсціна часта самі абражалі затрыманых і адмаўляліся выклікаць хуткую дапамогу, заяўляючы, што «да вяселля зажыве».

У ноч з 13 на 14 жніўня 2020 года сваякі людзей, якіх утрымлівалі на Акрэсціна, зафіксавалі гукі няспыннага збіцця, якія добра было чуваць на вуліцы. На запісах таксама можна было пачуць галасы людзей, якія крычаць ад болю і просяць літасці. 14 жніўня многіх людзей выпусцілі, дзясяткі чалавек паказвалі раны і траўмы ад збіцця«Положили мне в штаны гранату»: что делают с задержанными в Беларуси // . 14 августа 2020..

Сістэматычнае пагаршэнне ўмоў утрымання

Пачынаючы з восені 2020 года кіраўніцтва МУС пачало мэтанакіравана і сістэматычна пагаршаць умовы ўтрымання ў комплексе на Акрэсціна для асоб, арыштаваных па палітычных матывах, ствараючы так званыя «спецыяльныя ўмовы», якія праваабаронцы прыраўноўваюць да катаванняў.

Камеры падтрымліваліся ў стане хранічнай перанаселенасці ў 5—10 разоў: у чатырохмясцовыя камеры змяшчалі да 40—50 чалавек, у двухмясцовыя — да 24. З-за недахопу кіслароду сцены былі мокрымі ад кандэнсату, людзі задыхаліся. Сон быў магчымы толькі стоячы або па чарзе на бетоннай падлозе або пад ложкамі. У арыштаваных цалкам адабралі матрацы, падушкі і пасцельную бялізну. У якасці метаду катаванняў і псіхалагічнага ціску ў перапоўненыя камеры на падлогу рэгулярна вылівалі вёдры вады з высокай канцэнтрацыяй хлоркі (хлорнай вады). Ядавітыя выпарэнні выклікалі апёкі дыхальных шляхоў і вачэй, людзі пачыналі задыхацца і кашляць. Наглядчыкі пры гэтым катэгарычна адмаўляліся адчыняць вокны для ветрання. Вядомы выпадак, калі кіраўнік АГП Мікалай Казлоў быў дастаўлены ў бальніцу менавіта праз атручванне хлорам на Акрэсціна.

Адміністрацыя ізалятараў практыкавала катаванне дэпрывацыяй сну. Ноччу ў камерах пастаянна гарэла яркае святло, якое не дазваляла заснуць. Акрамя таго, наглядчыкі будзілі арыштаваных па некалькі разоў за ноч, прымушаючы іх ускокваць, падыходзіць да «кармушкі» (акенца ў дзвярах), называць сваё прозвішча і артыкул. Забаранялася сядзець і ляжаць на ложках з 6:00 да 22:00.

Былі цалкам забароненыя перадачы ад сваякоў: людзі не маглі атрымаць зменную бялізну, сродкі гігіены (у тым ліку зубныя шчоткі, мыла і туалетную паперу), цёплыя рэчы. У зімовы перыяд у камерах часта наўмысна адключалі ацяпленне, прымушаючы людзей мерзнуць на ледзяной падлозе. У выніку антысанітарыі ў камерах з'явіліся вошы і блашчыцы. Хворых з высокай тэмпературай не ізалявалі ад здаровых, што прыводзіла да масавага заражэння COVID-19. У чэрвені 2021 года атрымаў агалоску выпадак, калі жанчыне, якая адбывала арышт на Акрэсціна, выдалілі яечнік з-за пераахалоджвання на ледзяной падлозе ізалятара.

Сексуалізаваны гвалт, гамафобія і стаўленне да жанчын

Сексуалізаваны гвалт і пагрозы яго прымянення сталі адным з інструментаў псіхалагічнага і фізічнага катавання на Акрэсціна. Затрыманым мужчынам супрацоўнікі АМАПа і ЦІП неаднаразова пагражалі згвалтаваннем міліцэйскай дубінкай, часта суправаджаючы гэта рассяканнем штаноў і бялізны нагамі або нажамі. Зафіксаваныя выпадкі рэальнага згвалтавання мужчын шляхам пранікнення дубінкай у анальную адтуліну.

У дачыненні да жанчын сілавікі таксама пастаянна выкарыстоўвалі пагрозы групавога згвалтавання, абразы з сексуальным падтэкстам («прастытуткі», «шлюхі») і прымусовае распрананне. Дзяўчат прымушалі распранацца дагала і прысядаць, прычым часта такія дагляды праводзіліся ў прысутнасці супрацоўнікаў-мужчын або нават здымаліся імі на відэакамеру. Жанчын пазбаўлялі сродкаў гігіены падчас менструацыі, прапаноўваючы «выцірацца майкамі» або выкарыстоўваць адзін кавалак ваты на ўсю камеру.

Гамафобія і трансфобія на дзяржаўным узроўні сталі дадатковым трыгерам для найбольш жорсткіх катаванняў. Любое адхіленне ад стэрэатыпнага ўяўлення сілавікоў пра «нарматыўную» знешнасць (кароткія валасы і пірсінг у жанчын, доўгія ці афарбаваныя валасы, макіяж або татуіроўкі ў мужчын) прыводзіла да абвінавачванняў у прыналежнасці да ЛГБТ-супольнасці і ўзмоцненага гвалту. Супрацоўнікі мэтанакіравана зневажалі такіх затрыманых словамі нянавісці («підары», «петухі»), гвалтоўна абстрыгалі валасы. Трансгендарных асоб змяшчалі ў камеры ў адпаведнасці з біялагічным полам і падвяргалі асобным здзекам, прымушаючы распранацца перад іншымі для дэманстрацыі геніталій.

Пераслед антываенных пратэстоўцаў (2022)

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 года і прадастаўлення Беларуссю сваёй тэрыторыі для расійскіх войскаў, у краіне адбыліся антываенныя пратэсты. 27 і 28 лютага былі затрыманыя каля 1100 чалавек, многіх з якіх даставілі на Акрэсціна. Стаўленне да затрыманых антываенных актывістаў было такім жа жорсткім, як і ў жніўні 2020 года. Іх утрымлівалі ў перапоўненых карцэрах без ежы, вады і сродкаў гігіены, збівалі і аблівалі хлоркай, дэманструючы, што практыка катаванняў на Акрэсціна набыла пастаянны, руцінны характар.

Асобы, адказныя за катаванні на Акрэсціна

Паводле сведчанняў соцень пацярпелых, ідэнтыфікаваны шэраг службовых асоб, якія непасрэдна кіравалі катаваннямі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў або асабіста бралі ў іх удзел: Яўген Андрэевіч Шапецька — начальнік ЦІП. Паводле сведчанняў, ён асабіста кіраваў працэсам масавага збіцця і ўтрымання людзей у бесчалавечных умовах. У адказ на скаргі затрыманых на адсутнасць вады, ежы і матрацаў ён заяўляў: «Гэта ўсё робіцца для таго, каб вам не хацелася сюды вярнуцца», тым самым пацвярджаючы наўмысны характар стварэння катавальных умоў. Яўген Аляксеевіч Урублеўскі — супрацоўнік ЦІП (старшы сяржант міліцыі). Апазнаны шматлікімі пацярпелымі як адзін з самых жорсткіх садыстаў, які мэтанакіравана збіваў людзей дубінкамі і нагамі ў прагулачных дворыках і калідорах, асабіста выліваў хлорку ў камеры, абражаў і пагражаў сексуальным гвалтам жанчынам. Ігар Уладзіслававіч Цішачкін — супрацоўнік ЦІП, які прымаў актыўны ўдзел у збіццях і знішчэнні асабістых рэчаў затрыманых. Ігар Рыгор'евіч Кенюх — начальнік ІЧУ на Акрэсціна, адказны за стварэнне бесчалавечных умоў і ігнараванне скаргаў затрыманых на адсутнасць медыцынскай дапамогі.

Санкцыі ЕС, ЗША, іншых краін Кіраўнікі і супрацоўнікі комплексу месца зняволенняў станавіліся суб’ектам забароны на паездкі і замарожвання актываў Еўрапейскім Саюзам як частка Чорнага спісу Еўрасаюза. Згодна з рашэннем Савета Еўрапейскага саюза ад 2 кастрычніка 2020 года Іван Сакалоўскі, дырэктар цэнтра ізаляцыі Акрэсціна, быў уключаны ў спіс за «бесчалавечнае і прыніжаючае годнасць абыходжанне, у тым ліку з прымяненнем катаванняў, у дачыненні да грамадзян, затрыманых у ізалятары». Яго ж уключылі ў свае санкцыйныя спісы Вялікабрытанія, Канада, Швейцарыя. 20 лістапада да кастрычніцкага пакета санкцый ЕС далучыліся Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя і Украіна.

Згодна з рашэннем Савета Еўрапейскага саюза ад 21 чэрвеня 2021 года ў ліст былі дададзены чарговыя службовыя асобы: Яўген Урублеўскі, старшы сяржант міліцыі, які паводле сведкаў і паведамленняў СМІ асабіста прымаў удзел у жорсткіх пабоях затрыманых мірных жыхароў, за «бесчалавечнае і прыніжаючае годнасць абыходжанне, уключаючы катаванні, у дачыненні да грамадзян, якія ўтрымліваюцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў», Яўген Шапецька, дырэктар цэнтра ізаляцыі, за «жудасныя ўмовы ў цэнтры ізаляцыі і бесчалавечнае і прыніжаючае годнасць абыходжанне з грамадзянамі, якія ўдзельнічалі ў мірных акцыях пратэсту і былі затрыманыя», Ігар Кенюх, кіраўнік Ізалятара часовага ўтрымання, за «жудасныя ўмовы і за бесчалавечнае і зневажальнае годнасць абыходжанне, уключаючы збіццё і катаванні» і «ціск на медыцынскі персанал з мэтай выдалення лекараў», Глеб Дрыль і Уладзімір Лапыр, намеснікі кіраўніка Ізалятара часовага ўтрымання, за «жудасныя ўмовы і бесчалавечнае і зневажальнае годнасць абыходжанне, уключаючы збіццё і катаванні» ў дачыненні да затрыманых грамадзянCOUNCIL IMPLEMENTING REGULATION (EU) 2021/997 — EUR-Lex, 21.06.2021. 6 ліпеня да чэрвеньскага пакета санкцый ЕС далучыліся Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя. 9 жніўня гэтыя ж службовыя асобы патрапілі пад санкцыі ЗША.

21 чэрвеня 2021 года цэнтры ўтрымання на Акрэсціна былі дададзены да спісу спецыяльна прызначаных грамадзян і заблакіраваных асоб ЗША, за, паводле відавочцаў, фізічны гвалт, у тым ліку катаванні і бесчалавечныя ўмовы падчас затрымання, — парушэнні правоў чалавека, звязаныя з палітычнымі рэпрэсіяміOFAC Sanctions List Search, Міністэрства фінансаў ЗША.

Крыніцы

Спасылкі Справаздача Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі

Катэгорыя:Турмы Беларусі Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Мінска Катэгорыя:Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі Катэгорыя:Беларускія юрыдычныя асобы ў спісе спецыяльна прызначаных грамадзян і заблакіраваных асоб ЗША