Уладзімір Іванавіч Вярнадскі (;  — , ) — расійскі, украінскі і савецкі геахімік, заснавальнік біягеахіміі, адзін са стваральнікаў сучаснай канцэпцыі біясферы.

Біяграфія Нарадзіўся ў дваранскай сям’і, бацька — Іван Васілевіч (1821—1884), прафесар палітычнай эканоміі і статыстыкі, маці — Ганна Пятроўна Канстанцінавіч (1837—1898).

Вучыўся ў класічных гімназіях Харкава і Пецярбурга (1873—1881), на прыродазнаўчым аддзяленні фізіка-матэматычнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта (1881—1885). Настаўнікамі У. Вярнадскага былі буйныя рускія навукоўцы Д. Мендзялееў, В. Дакучаеў, А. Бекетаў, І. Сечанаў і інш. Ва ўніверсітэце У. Вярнадскі пачаў працаваць у галіне прыродазнаўчых навук, праблем філасофіі і навуковага светапогляду. У 1885—1888 гадах У. Вярнадскі працаваў захавальнікам Мінералагічнага кабінета Пецярбургскага ўніверсітэта. У 1886 годзе У. Вярнадскі ажаніўся. У 1888—1890 гадах у навуковай камандзіроўцы ў Італіі, Германіі і Францыі для падрыхтоўкі да прафесарскага звання. У 1890—1911 гадах У. Вярнадскі як прыват-дацэнта, а затым прафесар, выкладаў мінералогію і крышталяграфію ў Маскоўскім універсітэце, абараніў у Пецярбургскім універсітэце магістарскую (1891) і доктарскую (1897) дысертацыі. У 1906 годзе абраны правадзейным членам-ад’юнктам па мінералогіі Пецярбургскай Акадэміі навук і прызначаны загадчыкам мінералагічным аддзяленнем Геалагічнага музея Акадэміі. У 1911 годзе У. Вярнадскі вярнуўся ў Пецярбург, працаваў у Акадэміі навук і ў 1912 г. быў абраны ў ёй ардынарным акадэмікам па мінералогіі. У канцы XIX — пачатку XX ст. у Маскве і Пецярбургу склалася навуковая школа У. Вярнадскага ў галіне геалогіі і мінералогіі.

З 1916 г. у навуковай творчасці У. Вярнадскага пачаўся прынцыпова новы якасны этап, які цягнуўся да канца жыцця, — Вярнадскі ўзяўся за сістэматычныя даследаванні жывой прыроды ў атамным і планетарна-касмічным аспектах, а адначасова і за прыродазнаўча-гістарычнае вывучэнне чалавека і чалавецтва, іх сучаснасці і будучага. З канца 1917 года У. Вярнадскі жыў і працаваў ва Украіне і на поўдні Расіі. Адзін з заснавальнікаў і першы прэзідэнт (27.10.1918) Украінскай Акадэміі навук, у 1920—1921 — рэктар Таўрычаскага ўніверсітэта ў Сімферопалі. У 1921 годзе вяртаецца ў Петраград, але ўжо ў 1922 годзе выязджае ва Францыю, а затым у Чэхаславакію, дзе працягвае навуковую і педагагічную дзейнасць. У 1926 годзе вяртаецца ў Ленінград, а ў 1935 годзе пераязджае ў Маскву. З 1941 года быў у эвакуацыі ў Баравым Казахскай ССР, вярнуўся ў Маскву ў 1943 годзе. Апошнія гады У. Вярнадскі працаваў над выніковай кнігай — «навуковым тастаментам нашчадкам», як называў яе сам, «кнігай жыцця» — «Химическое строение биосферы Земли и ее окружения», падбіраў матэрыял да кнігі ўспамінаў «Пережитое и передуманное».

Памёр у Маскве, пахаваны на Навадзявочых могілках.

Сям’я У 1886 годзе У. Вярнадскі ажаніўся з Наталляй Ягораўнай Старыцкай (1862—1943), разам яны пражылі болей 56 гадоў, як казаў сам Вярнадскі — «душа ў душу, думка ў думку». У сям’і было двое дзяцей — сын Георгій (1887—1973), прафесар рускай гісторыі, дачка Ніна Вярнадская-Толь (1898—1985), урач-псіхіятр. Дзеці засталіся ў эміграцыі ў ЗША.

Дзейнасць

Грамадская дзейнасць Член Дзяржаўнага савета (1906, 1907—1911, 1915—1917).

Навуковая дзейнасць Дзейнасць Вярнадскага аказала велізарны ўплыў на развіццё навук аб Зямлі, на станаўленне і рост АН СССР, на светапогляд многіх людзей. Ён распрацаваў фундаментальныя праблемы сучаснага прыродазнаўства, аказаў вялікі ўплыў на фармаванне экалагічнай свядомасці. У сваіх поглядах на прыроду ішоў ад адзінства Космасу, які эвалюцыянуе ў кірунку да жыцця і павелічэння сілы розуму ў Сусвеце. Вылучаў тры навуковыя карціны свету: абстрактна-механічную (электроны, атамы, фізічныя законы), прыродна-гістарычную, або біясферную (прырода, аплодненая жыццём), і гуманітарную (чалавек разумны і грамадства). «Гэтыя розныя па форме, незалежныя, але якія пранізваюць адна адну карціны свету суіснуюць у навуковай думцы побач, ніколі не могуць быць аб’яднаны ў адно цэлае, у адзін абстрактны свет фізікі або механікі». Падкрэсліваючы значэнне біясфернага светапогляду, Вярнадскі яшчэ ў 1915 папярэджваў пра небяспеку самазнішчэння, пагражаючую чалавецтву ў сусветнай тэрмаядзернай вайне. Аднак на развіццё цывілізацыі вучоны глядзеў з аптымізмам, лічыў, што «ў геалагічнай гісторыі біясферы перад чалавекам адчыняецца велізарная будучыня, калі ён зразумее гэта і не будзе выкарыстоўваць сваю працу і свой розум на самазнішчэнне». Ён марыў, каб навуковая думка аб’яднанага чалавецтва ператварылася ў «геалагічную сілу», якая зменіць прыроду і з дапамогай якой біясфера пяройдзе ў новы стан — наасферу (сферу розуму) і паступова пашырыцца на ўвесь Космас. Больш поўна ідэі Вярнадскага раскрыліся, калі чалавецтва, пачаўшы падпарадкоўваць касмічную прастору, стала ўсведамляць залежнасць свайго зямнога дому ад розуму.

У 1915—1930 гадах старшыня Камісіі па вывучэнні прыродазнаўчых вытворчых сіл Расіі, быў адным са стваральнікаў плана ГОЭЛРО. Камісія ўнесла вялікі ўклад у геалагічнае вывучэнне Савецкага Саюза і стварэнне яго незалежнай мінеральна-сыравіннай базы.

Гл. таксама Касмізм Наасфера Дзяржаўны геалагічны музей імя У. І. Вярнадскага Нацыянальная бібліятэка Украіны імя У. І. Вярнадскага Таўрычны нацыянальны ўніверсітэт імя У. І. Вярнадскага

Літаратура Аксенов Г. Вернадский. — М., 2001 Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 4. — Мн., 1997. Гумилевский Л. Вернадский . — М.: Молодая гвардия, 1988. ISBN 5-235-00225-3

Спасылкі Электронны Архіў В. І. Вярнадскага (найбольш поўны збор кніг і артыкулаў)

Катэгорыя:Выпускнікі Першай Санкт-Пецярбургскай гімназіі Катэгорыя:Выпускнікі фізіка-матэматычнага факультэта Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта Катэгорыя:Постаці ўкраінскай мінералогіі Катэгорыя:Постаці савецкай мінералогіі Катэгорыя:Мінералогі Расіі Катэгорыя:Філосафы Расіі Катэгорыя:Філосафы Украіны Катэгорыя:Філосафы СССР Катэгорыя:Філосафы XX стагоддзя Катэгорыя:Рускі касмізм Катэгорыя:Кадэты Катэгорыя:Лаўрэаты Сталінскай прэміі Катэгорыя:Постаці савецкай геахіміі Катэгорыя:Постаці расійскай геахіміі Катэгорыя:Постаці ўкраінскай геахіміі Катэгорыя:Хімікі Расіі Катэгорыя:Хімікі СССР Катэгорыя:Постаці ўкраінскай хіміі Катэгорыя:Правадзейныя члены Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук Катэгорыя:Правадзейныя члены РАН (1917—1925) Катэгорыя:Правадзейныя члены АН СССР Катэгорыя:Постаці радыебіялогіі Катэгорыя:Члены Дзяржаўнага савета Расійскай імперыі Катэгорыя:Аўтары Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона Катэгорыя:Пахаваныя на Новадзявочых могілках