Апа́нас Рыго́равіч Чарня́к (; , вёска Пакоснае, Расійская імперыя — , Камарчага, СССР) — савецкі вайсковец, сяржант гвардыі, баец гарматнага разліку 220-га гвардзейскага знішчальна-супрацьтанкавага артылерыйскага палка 48-й арміі 1-га Беларускага фронту. Герой Савецкага Саюза (1944). Удзельнік Грамадзянскай вайны ў Расіі і Вялікай Айчыннай вайны.Беларуская энцыклапедыя. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — Мінск: БелЭн, 2003. — С. 242.
Біяграфія Нарадзіўся ў сялянскай сям'і ў вёсцы Пакоснае. Атрымаў пачатковую адукацыю. У час Грамадзянскай вайны быў байцом партызанскага атрада Краўчанкі і Шчацінкіна, удзельнічаў у баях супраць войскаў Аляксандра Калчака і атрада Івана Салаўёва. Пазней служыў кулямётчыкам у Чырвонай арміі. Пасля дэмабілізацыі ў 1923 годзе працаваў у сельскай гаспадарцы, з 1930 года — у лясной прамысловасці. Жыў у пасёлку Камарчага Манскага раёна.
У студзені 1942 года прызваны ў Чырвоную армію, на фронце з ліпеня таго ж года. Ваяваў пад Масквой і Вязьмай, на Смаленшчыне і Бранскім фронце, удзельнічаў у баях пад Арлом і ў Курскай бітве.
Бой каля Узлян Асабліва вызначыўся падчас ліквідацыі акружанай на ўсход ад Мінска групоўкі нямецкіх войскаў, вядомай як Мінскі «кацёл». У раёне вёскі Узляны батарэя, якая дзейнічала ў тыле праціўніка, была атакаваная нямецкім пяхотным палком пры падтрымцы артылерыі і мінамётаў.
Чарняк заняў пазіцыю з кулямётам на левым флангу батарэі. На працягу амаль трох гадзін артылерысты адбілі шэсць контратак. Калі нямецкія салдаты паспрабавалі абысці батарэю і акружыць яе, Чарняк працягваў бой адзін. Яго дзеянні прадухілілі прарыў праціўніка да артылерыйскіх пазіцый. Паводле ўзнагароднага ліста, ён знішчыў да 150 нямецкіх салдат і афіцэраў, у тым ліку вёў бой супраць групы прыкладна з 80 чалавек.
Пасля таго як кулямёт быў пашкоджаны, а сам Чарняк кантужаны і засыпаны зямлёй, ён далучыўся да ацалелага артылерыста і працягваў весці агонь з гарматы да падыходу савецкага падмацавання.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 жніўня 1944 года за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях, Апанасу Чарняку прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка».
Свой баявы шлях завяршыў ва Усходняй Прусіі каля Кёнігсберга. Пасля вайны вярнуўся ў Камарчагу, дзе жыў і працаваў да смерці 25 кастрычніка 1972 года.
Памяць
На месцы бою каля Узлян устаноўлены мемарыял, сцяна з барэльефамі пяці Герояў Савецкага Саюза: камандзіра батарэі Антона Леанцюка і артылерыстаў Апанаса Чарняка, Дзмітрыя Чапусава, Яфрэма Курачкіна і Васіля Токарава. Апошні, малодшы сяржант Токараў, атрымаў сваё званне пасмяротна — ён загінуў у гэтым жа баі. Усе 49 вайскоўцаў батарэі былі ўзнагароджаны ордэнамі, пяцёра з іх атрымалі званне Героя Савецкага Саюза.
Імем Апанаса Чарняка названа вуліца ў пасёлку Камарчага.
Зноскі
Літаратура
Герои Советского Союза: Краткий биографический словарь: в 2 т. / пред. редкол. И. Н. Шкадов. — М.: Воениздат, 1988. — Т. 2: Любов — Ящук. — С. 701. — ISBN 5-203-00536-2.
Спасылкі
Катэгорыя:Героі Савецкага Саюза Катэгорыя:Кавалеры ордэна Леніна Катэгорыя:Удзельнікі Курскай бітвы Катэгорыя:Артылерысты Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Удзельнікі Грамадзянскай вайны ў Расіі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Краснаярскім краі