Гена́дзь Васі́левіч Наві́цкі (, ) — беларускі дзяржаўны дзеяч, прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь (2001—2003), старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2003—2008).

Біяграфія Нарадзіўся 2 студзеня 1949 года ў Магілёве.

У 1971 годзе скончыў Беларускі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці «Інжынер-будаўнік». Пасля сканчэння БПІ працаваў майстрам, начальнікам участка будаўнічага ўпраўлення 56-га будаўнічага трэсту Магілёва. З 1974 па 1977 — галоўны інжынер будаўнічага ўпраўлення 92-га будаўнічага трэсту Магілёва.

З 1977 па 1981 год — інструктар аддзела будаўніцтва Магілёўскага абкама КПБ. З 1981 па 1985 год — галоўны інжынер Магілёўскага Аблміжкалгасбуда. З 1985 па 1988 год — загадчык аддзела будаўніцтва Магілёўскага абкама КПБ. У 1988 годзе скончыў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС. З 1988 па 1994 год — старшыня праўлення Магілёўскага аблсельбуда. Падчас выбарчай кампаніі 1994 года збіраў подпісы за Аляксандра Лукашэнку.

З 1994 па 1997 год — Міністр архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. З 1997 па 2001 год — Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. 6 кастрычніка 2000 года прызначаны прадстаўніком дзяржавы ў ААТ «Беларускі банк развіцця». 1 кастрычніка 2001 года прызначаны выконваючым абавязкі Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь (на месца Уладзіміра Ярмошына).

10 кастрычніка 2001 года прызначаны Прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусь, 10 ліпеня 2003 года вызвалены з пасады.

28 ліпеня 2003 года аднагалосна абраны старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь другога склікання.

15 лістапада 2004 года пераабраны старшынёй Савета Рэспублікі. 27 верасня 2008 года сышоў у адстаўку з паста старшыні Савета Рэспублікі.

Сям’я Жанаты. Мае двух сыноў.

Узнагароды Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (1998), падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ордэн «Садружнасць» (МПА СНД), юбілейны медаль «90 год Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь», юбілейны медаль «65 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», юбілейны медаль «65 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», памятны медаль «За супрацоўніцтва» (Саюзная дзяржава), залаты медаль «МПА СНД. 20 гадоў», ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, ганаровая грамата Міжпарламенцкай Асамблеі Еўразійскай эканамічнай супольнасці, ганаровая грамата Савета Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Спасылкі Біяграфія на сайце Савета Рэспублікі Біяграфія на cайце Агенцтва Федэральных даследаванняў Профіль на праекце «Хто ёсць хто ў РБ»

Катэгорыя:Міністры архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Намеснікі прэм’ер-міністраў Беларусі Катэгорыя:Прэм’ер-міністры Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 4-га склікання Катэгорыя:Члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 3-га склікання Катэгорыя:Члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 2-га склікання Катэгорыя:Члены КПСС