Беларускі народны фронт «Адраджэньне», БНФ — грамадска-палітычны рух за пераўтварэнне грамадства і адраджэнне беларускай нацыі на прынцыпах дэмакратыі і гуманізму, развіццё культуры, за фактычную дзяржаўную незалежнасць Беларусі.
Аргкамітэт Беларускага народнага фронту за перабудову «Адраджэньне» быў створаны 19 кастрычніка 1988 года па прапанове З. Пазняка. Устаноўчы з’езд адбыўся ў Вільні 24-25 чэрвеня 1989 года. БНФ актыўна ўдзельнічаў у выбарах народных дэпутатаў БССР (сакавік-красавік 1990). У Вярхоўным Савеце БССР была сфарміравана фракцыя БНФ. У 1993 годзе створана партыя БНФ. Грамадскае аб’яднанне «Беларускі Народны Фронт „Адраджэньне“» пры тым юрыдычна працягвала існаваць, было ліквідавана 10 лістапада 2021 года Вярхоўным судом БеларусіРадыё Свабода ў час пагрому грамадскіх арганізацый.
Статут, мэты і задачы Паводле Статута, БНФ аб’ядноўваў людзей незалежна ад іх сацыяльнага становішча, прафесійнай, нацыянальнай, партыйнай, рэлігійнай прыналежнасці. Метады палітычнай дзейнасці БНФ — удзел у выбарах, масавыя палітычныя акцыі, вывучэнне і аналіз становішча ў розных сферах жыцця Беларусі, распрацоўка праграм, канцэпцый, законапраектаў, культурна-асветная дзейнасць.
БНФ бачыў прычыну эканамічнага, палітычнага, культурнага, экалагічнага крызісаў у адсутнасці рэальнай дзяржаўнай незалежнасці Беларусі і ў шматгадовым панаванні ў рэспубліцы камуністычнай улады. БНФ лічыў, што адраджэнне дэмакратычнага грамадства, стварэнне здаровай эканомікі, вяртанне да нацыянальна-культурных і маральных каштоўнасцяў магчыма толькі пры ліквідацыі таталітарнай сістэмы, пры нацыянальнай кансалідацыі. Паводле Праграмнай заявы БНФ (1991), толькі ў незалежнай Беларусі магчыма існаванне грамадства, заснаванага на свабодзе асобы і агульначалавечых каштоўнасцях.
Раўнацэннымі і ўзаемазвязанымі задачамі БНФ былі — аднаўленне грамадзянскай супольнасці і нацыянальна-культурнае адраджэнне. Галоўная мэта БНФ — свабодны чалавек у адроджанай незалежнай Беларусі.
Утварэнне БНФ
Арганізацыйны камітэт БНФ за перабудову «Адраджэньне» ўтвораны 19 кастрычніка 1988 г. па прапанове Зянона Пазьняка на ўстаноўчым сходзе Беларускага гісторыка-асветнага таварыства памяці ахвяр сталінізму «Мартыралог Беларусі», заснавальнікамі якога выступілі Саюз пісьменнікаў Беларусі, Саюз кінематаграфістаў Беларусі, Саюз мастакоў Беларусі і рэдакцыя газеты «Літаратура і мастацтва». На сходзе ў мінскім Доме кіно (цяпер Касцёл Святога Сымона і Святой Алены) прысутнічала каля 400 чал.— творчая, навуковыя і тэхнічная інтэлігенцыя, рабочыя, моладзь з аб’яднанняў «Талака» і «Тутэйшыя». У Аргкамітэт увайшлі Рыгор Барадулін, Алег Белавусаў, Васіль Быкаў, Алесь Бяляцкі, Анатоль Варава, Вінцук Вячорка, Ніл Гілевіч, Анатоль Грыцкевіч, П. Дзмітрук, Юрый Дракахруст, Міхаіл Дубянецкі, Алесь Емяльянаў, Вячаслаў Жыбуль, Уладзімір Конан, Яўген Кулік, Мікола Купава, Адам Мальдзіс, Аляксей Марачкін, Валерый Маслюк, Зянон Пазьняк, Пімен Панчанка, Пятро Садоўскі, Алесь Суша, Сымон Свістуновіч, Кастусь Тарасаў, Міхась Ткачоў, Алег Трусаў, Генадзь Тумаш, Ігар Чарняўскі, Міхась Чарняўскі, Яўген Шунейка, Васіль Якавенка, пазней па рэкамендацыі апошняга кааптаваны А. Жураўлёў.
Аргкамітэт з’яўляўся калегіяльным органам. 11.11.1988 Аргкамітэт прыняў адозву «Да грамадзян Беларусі», у якой акрэсліў палітычную пазіцыю руху і заявіў, што БНФ «падтрымлівае распачатую лепшымі сіламі КПСС перабудову грамадства на прынцыпах дэмакратыі і гуманізму», «выступае за дэмакратыю… супраць манаполіі ўлады бюракратычных сіл», «за рэальны суверэнітэт Беларусі, абвешчаны Канстытуцыямі БССР і СССР», «за падпарадкаванне эканомікі інтарэсам чалавека, за сацыяльную справядлівасць, за непарушнасць правоў чалавека, за прававую дзяржаву, за экалагічна чыстую Беларусь, за адраджэнне і дзяржаўнасць беларускай мовы». Аргкамітэт заклікаў ствараць групы падтрымкі БНФ і выдаў рэкамендацыі па іх стварэнні. Вызваленыя партыйныя, камсамольскія і прафсаюзныя кіраўнікі маглі быць толькі радавымі членамі груп падтрымкі.
Першым друкаваным выданнем Фронту стала распаўсюджанае самвыдавецкім чынам «Інфармацыйнае паведамленне» з гэтымі дакументамі. У снежні 1988 выйшаў № 1 "Навін Беларускага Народнага Фронту за перабудову «Адраджэньне». 3 № 2 «Навіны БНФ» публікавалі "Матэрыялы да праекту Праграмы БНФ «Адраджэньне».
3 кастрычніка 1988 пачалі стварацца групы падтрымкі БНФ «Адраджэньне» на прадпрыемствах, ва ўстановах, па месцы жыхарства. Ядро БНФ склалі дзеячы нацыянальнай інтэлігенцыі, людзі нацыянальна-адраджэнскай і незалежніцкай арыентацыі, актывісты агульнадэмакратычнага, праваабарончага кірункуВ. Вячорка (1993). Важнай часткай Фронту стаў рух малазёжных нацыянальна-культурных і дэмакратычных арганізацый, які з 1987 ладзіў свае Вальныя Соймы і ў студзені 1989 аформіўся ў Канфедэрацыю беларускіх маладзёжных суполак (66 арганізацый). Канфедэрацыя ўвайшла ў БНФ як аддзел.
Фронт, як шырокі рух, у зваротах Аргкамітэта выступіў за кансалідацыю грамадства, за дыялог з уладамі, з ідэалагічнымі апанентамі. Аднак камуністычнае кіраўніцтва рэспублікі сустрэла ўзнікненне руху варожа і распачало барацьбу з ім. 30.10.1988 адбыўся гвалтоўны, з выкарыстаннем газаў, разгон арганізаванага Канфедэрацыяй беларускіх суполак мітынгу-рэквіему «Дзяды» ў Мінску, пасля чаго Аргкамітэт БНФ выступіў з заявай аб недаверы кіраўніцтву рэспублікі. У афіцыйных сродках масавай інфармацыі была разгорнута кампанія паклёпу на БНФ і яго дзеячаў, распачаліся ганенні на лідараў актывістаў БНФ. Аргкамітэт БНФ пакінулі некаторыя яго ўдзельнікі — члены КПСС.
19.2.1989 на стадыёне «Дынама» ў Мінску адбыўся першы ў БССР дазволены ўладамі апазіцыйны палітычны мітынг, арганізаваны БНФ. На мітынгу выступалі лідары Фронту, а таксама кандыдаты ў народныя дэпутаты СССР, якіх падтрымліваў БНФ. Перадвыбарчым лозунгам Фронту быў заклік «Заводы — рабочым, зямля — сялянам, улада — народу». Шэраг кандыдатаў, каго БНФ прапагандаваў і падтрымліваў на выбарах, сталі народнымі дэпутатамі СССР (А. Адамовіч і В. Быкаў — па спісах творчых саюзаў, С. Габрусеў, А. Дабравольскі, А. Жураўлёў, М. Ігнатовіч, С. Шушкевіч — ад выбарчых акруг).
Устаноўчы з’езд БНФ адбыўся 24—25.6.1989 у Вільні. На правядзенне яго ў Мінску Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР не даў згоды. У працы з’езда бралі ўдзел 399 дэлегатаў. З’езд прыняў Статут і Праграму руху.
Праграма складалася з раздзелаў: «Суверэнітэт», «Дэмакратыя. Правы чалавека», «Эканоміка», «Сацыяльная справядлівасць», «Ахова здароўя», «Экалогія», «Нацыянальнае пытанне», «Мова», «Культура», «Адукацыя і навука», «Рэлігія і грамадства», «Этыка і маральнасць». У раздзеле «Суверэнітэт» выкладзена патрабаванне дакладных юрыдычных гарантый права выхаду рэспублікі са складу СССР, вяршэнства законаў БССР на яе тэрыторыі, рэальнага суверэнітэту рэспублікі як найважнейшай умовы выйсця з эканамічнага, экалагічнага, культурнага крызісу. Праграма выступала за адмену канстытуцыйнага замацавання кіраўнічай ролі КПСС, за шматпартыйнасць і юрыдычныя гарантыі для правоў і свабод асобы. Асноўнымі праграмнымі палажэннямі па эканоміцы былі: эканамічная самастойнасць рэспублікі, разнастайнасць і роўнасць форм уласнасці, інтэграцыя эканомікі Беларусі ў еўрапейскую эканамічную структуру. Праграма патрабавала надаць беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай мовы рэспублікі і выступала супраць агульнанароднага нацыянальна-рускага двухмоўя.
БНФ выступіў з прапановамі стварыць Таварыства беларускай мовы, міжнароднае беларускае таварыства. Былі прыняты ўхвалы: «Аб пераадоленні вынікаў Чарнобыльскай катастрофы» (у т.л. зварот да народаў СССР і краін-членаў ААН у сувязі з вынікамі Чарнобыля для Беларусі), «Аб палітычным плюралізме», «Аб праекце Канстытуцыі БССР», «Аб міжнацыянальных адносінах на Беларусі», «Аб свабодзе сумлення і беларускай мове ў рэлігійным жыцці на Беларусі», «Аб беларускай нацыянальнай сімволіцы», «Пра дзяржаўнасць беларускай мовы», «Аб беларуска-літоўскіх дачыненнях».
З’езд выбраў Сойм БНФ. Старшынёй Сойму БНФ выбраны З. Пазьняк, яго намеснікамі Ю. Хадыка і М. Ткачоў. Дакументы на рэгістрацыю БНФ пададзены 12.7.1989, Статут БНФ зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі БССР 19.6.1991.
Дзейнасць БНФ БНФ удзельнічаў у выбарах народных дэпутатаў БССР і дэпутатаў мясцовых Саветаў (сакавік—красавік 1990). У красавіку 1989 камісія падрыхтоўкі праграмных дакументаў БНФ распрацавала праекты законаў аб выбарах у Вярхоўны і мясцовы Саветы БССР. 13.7.1989 Сойм Фронту ўхваліў зварот да дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР з патрабаваннямі: прыняць дэмакратычныя выбарчыя законы; надаць публічнасць чарнобыльскаму пытанню, спыніць вытворчасць харчовай прадукцыі на заражаных тэрыторыях, абвясціць Беларусь бяз’ядзернай зонай; асудзіць сталінізм як антычалавечую з’яву і рэабілітаваць бязвінна пацярпелых ад таталітарнага рэжыму. БНФ узначальваў масавыя пратэсты і мітынгі супраць антыдэмакратычных праектаў законаў аб выбарах народных дэпутатаў БССР і мясцовых Саветаў, якія Вярхоўны Савет БССР разглядаў і прымаў у кастрычніку 1989. У выніку грамадскіх акцый некаторыя палажэнні законапраектаў (выбары ад грамадскіх арганізацый, акрамя аб’яднанняў інвалідаў і ветэранаў, правядзенне акруговых выбарчых сходаў для адбору кандыдатаў) не былі прынятыя. Фронт арганізоўваў вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР праз сходы па месцы жыхарства, сходы працоўных калектываў, пры дапамозе грамадскіх арганізацый, падтрымліваў дэмакратычна настроеных кандыдатаў. Выбарчая кампанія БНФ ішла пад лозунгамі «Галасую за Беларусь», «Беларусь, вяртайся ў Еўропу». У выбарчай платформе БНФ «Галасую за Беларусь!», прынятай 9.12.1989, упершыню сфармулявана патрабаванне поўнай незалежнасці Беларусі, заяўлялася, што БНФ «ідзе да выбараў з ідэямі палітычнага і эканамічнага плюралізму, культурнага адраджэння, з ідэямі дэмакратыі, свабоды і суверэнітэту Беларусі… БНФ адстойвае ідэі незалежнасці, рэальнага суверэнітэту Беларусі, бачыць у гэтым найважнейшую палітычную мэту, што стаіць перад грамадствам».
10 лютага 1990 года на Усебеларускім дэмакратычным форуме, скліканым у Мінску па ініцыятыве БНФ, быў утвораны перадвыбарчы Беларускі дэмакратычны блок (БДБ), у які, апрача БНФ, што не быў зарэгістраваны і таму не меў права вылучаць кандыдатаў, увайшлі афіцыйна зарэгістраваныя Таварыства беларускай мовы, Беларускі экалагічны саюз, творчыя саюзы, Саюз кааператараў Беларусі, Рабочы саюз Беларусі, Беларускі сялянскі саюз.
25 лютага 1990 на плошчы Леніна ў Мінску адбыўся шматтысячны выбарчы мітынг БНФ, які закончыўся паходам да будынка рэспубліканскага тэлебачання, кіраўніцтва якога па патрабаванні мітынгоўцаў прадаставіла прамы эфір лідарам Фронту. Аднак апарат КПБ кантраляваў выбарчыя камісіі і афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі. Камуністычная партыя, адміністрацыйныя структуры вялі кампанію, скіраваную супраць кандыдатаў, якіх падтрымліваў БНФ. Кандыдаты БДБ вылучаліся ў 150 акругах з 310, з іх сталі дэпутатамі 60 чал.