Хамаілы (арабск. хамаіл — «тое, што носяць пры сабе», «талісман», «амулет») — у беларускіх татар кнігі малога фармату, у якіх сабраны малітвы на арабскай і цюркскай мовах, асобныя суры (айаты) Карана, тлумачэнні рэлігійных абрадаў, а таксама парады па лячэнні хвароб, , календары шчаслівых і нешчаслівых дзён. Звычайна арабскія і цюркскія тэксты суправаджаюцца тлумачэннямі на беларускай або польскай мовах. Узорам для хамаілаў беларускіх татар былі рукапісы, прывезеныя з мусульманскіх краін, напрыклад, Турцыі, хаця назва «хамаілы» у інш. раёнах мусульманскага свету не выкарыстоўвалася для малітоўнікаў.
Вылучаюць хамаілы «молінскія» (прызначаліся для мул — «мол», змяшчалі малітвы і тлумачэнні абрадаў), «фалдзейскія» (служылі варажбітам, знахарам — «фалдзеям», змяшчалі астралагічныя табліцы і магічныя рэцэпты супраць розных хвароб) і універсальныя. Сярод татарскіх кніг хамаілы былі найбольш распаўсюджанымі ў паўсядзённым ужытку рукапісамі. У кожнай мусульманскай сям’і быў адзін ці некалькі хамаілаў.
Практыка іх перапісвання працягвалася даўжэй за інш. кнігі — зарэгістраваны хамаілы 1971 і 1986 гадоў. Старэйшы хамаіл (1-я пал. 17 ст.) знаходзіцца ў бібліятэцы Лейпцыгскага ўніверсітэта («фалдзейскі»). У Беларусі хамаілы захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (7 экз.), Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі (8 экз.), Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі (11 экз.) і ў прыватных калекцыях.
Літаратура
Рукапісныя і друкаваныя кнігі бела-рускіх татараў: Каталог выставы. (Да 600-годдзя татарскага асадніцтва на Беларусі). Мн., 1997; Drozd A., Dziekan М. М., Мajda Т. Piśmiennictwo i muhiry Tatarów polsko-litewskich. Warszawa, 2000; Мишкинeнe Г. Древнейшие рукописи литовских татар: (Графика. Транслитерация. Перевод. Структура и содержание текстов). Вильнюс, 2001; Рукапісы беларускіх татараў канца XVII — пачатку XX стагоддзя з калекцыі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: Каталог / Уклад.: І. А. Ганчарова, А. І. Цітавец, М. У. Тарэлка. Мн., 2003; Мишкинене Г., Намавичюте С., Покровская Е. Каталог арабскоалфавитных рукописей литовских татар. Вильнюс, 2005.
Спасылкі
Катэгорыя:Беларуска-літоўскія татары Катэгорыя:Кнігі Катэгорыя:Іслам Катэгорыя:Іслам у Беларусі