Ро́берт Фа́лкан Скот (; , Плімут — , ) — капітан каралеўскага флоту Вялікабрытаніі, палярны даследчык, адзін з першаадкрывальнікаў Паўднёвага полюса, які ўзначаліў дзве экспедыцыі ў Антарктыку: «Дыскаверы» (1901—1904) і «Тэра Нова» (1912—1913). Падчас другой экспедыцыі Скот разам з яшчэ чатырма ўдзельнікамі паходу дасягнуў Паўднёвага полюса 17 студзеня 1912 года, але выявіў, што іх на некалькі тыдняў апярэдзіла нарвежская экспедыцыя Руаля Амундсена. Роберт Скот і яго таварышы загінулі на зваротным шляху ад холаду, голаду і фізічнай знямогі.

Да свайго прызначэння кіраўніком «Дыскаверы» Скот рабіў звычайную кар’еру марскога афіцэра мірнага часу віктарыянскай Англіі, калі магчымасці прасоўвання па службе былі вельмі абмежаванымі, але ўвесь час адчуваўся недахоп амбіцыйных афіцэраў. Стаўшы на чале экспедыцыі, Скот атрымаў шанец пабудаваць выбітную кар’еру, хоць да палярных даследаванняў запалу не меў. Здзейсніўшы гэты крок, ён непарыўна звязаў сваё імя з Антарктыкай, якой нязменна заставаўся адданым на працягу дванаццаці апошніх гадоў свайго жыцця.

Пасля смерці Скот стаў нацыянальным героем Брытаніі. Гэты статус захоўваўся за ім на працягу больш 50-ці гадоў і быў засведчаны ў мностве мемарыялаў па ўсёй краіне. У апошнія дзесяцігоддзі XX стагоддзя гісторыя экспедыцыі «Тэра Нова» падверглася некатораму пераацэньванню, увага даследчыкаў засяродзілася на прычынах катастрафічнага фіналу, які абарваў жыццё Скота і яго таварышаў. У вачах грамадскасці з непахіснага героя ён ператварыўся ў аб’ект шматлікіх спрэчак, падчас якіх былі падняты вострыя пытанні пра яго асабістыя якасці і кампетэнцыі. У той жа час, сучасныя даследчыкі ацэньваюць фігуру Скота ў цэлым пазітыўна, падкрэсліваючы яго асабістую мужнасць і стаіцызм, прызнаючы пралікі, але прыпісваючы фінал экспедыцыі толькі нешчасліваму збегу акалічнасцей.

Раннія гады

Дзяцінства

Роберт Фалкан Скот нарадзіўся 6 чэрвеня 1868 года. Ён быў трэцім з шасцярых дзяцей у сям’і і з’яўляўся старэйшым сынам Джона Эдварда () і Ханны (; Кумінг, ) Скот з Сток-Дэмерэла, прадмесця Дэванпорт, Плімут, графства Дэван.

У сям’і былі багатыя ваенныя і марскія традыцыі. Дзед Роберта быў карабельным казначэем, які выйшаў у адстаўку ў 1826 годзе. Ён набыў маёнтак Аўтлендс і невялікі плімуцкі піваварны завод. Трое яго сыноў служылі ў брытанскай Індыйскай арміі, чацвёрты стаў карабельным доктарам у ваенна-марскім флоце. І толькі Джон, пяты сын, з-за слабога здароўя не пачаў кар’еру ваеннага і застаўся дапамагаць бацьку. Калі Джону споўнілася 37 гадоў, у яго нарадзілася трэцае дзіця — Роберт Фалкан Скот. Праз два гады з’явіўся яшчэ адзін хлопчык — Арчыбальд, а за ім і дзве дзяўчынкі.

Джон Скот у той час атрымліваў даходы ад плімуцкага піваварнага завода, які ён атрымаў у спадчыну ад бацькі. Гады праз, калі Роберт пачаў рабіць сваю кар’еру марскога афіцэра, сям’я пацярпела сур’ёзную фінансавую няўдачу, і Джон быў вымушаны прадаць завод. Аднак раннія гады Роберт правёў у поўным дастатку.

Як адзначаюць некаторыя даследчыкі, «Скот не адрозніваўся моцным здароўем, быў гультаяваты і неакуратны, у гульнях з прыяцелямі не адмаўляўся зладзіць вясёлае хітраванне», аднак быў «ветлівым і меў лёгкі характар». У адпаведнасці з традыцыяй сям’і, Роберту і яго малодшаму брату Арчыбальду была наканаваная кар’ера ва ўзброеных сілах. Роберт да дзевяці гадоў навучаўся дома, пасля чаго быў пасланы ў школу для хлопчыкаў Хэмпшыра «Stubbington House School». Праз некаторы час яго перавялі ў падрыхтоўчую навучальную ўстанову імя Форстэра, каб юны Кан змог падрыхтавацца да здачы ўступных экзаменаў у ваенна-марское вучылішча. Яно размяшчалася на борце старога паруснага карабля «HMS Britannia», які прышвартаваўся ў Дартмуце. У 1881 годзе, здаўшы гэтыя экзамены ў 13 гадоў і стаўшы кадэтам, Скот пачаў сваю ваенна-марскую кар’еру.

Пачатак ваенна-марской кар’еры У ліпені 1883 года Скот пакінуў навучальны карабель «Britannia» ў званні мічмана, сёмым з 26 вучняў у агульным заліку. У кастрычніку ён быў ужо на шляху ў Паўднёвую Афрыку, каб працягнуць службу на флагмане Эскадры Мыса «HMS Boadicea», першым з некалькіх караблёў, на якіх Скот служыў у званні мічмана. Падчас службы на «HMS Rover», быўшы дыслакаваным на астравах Сент-Кітс Вест-Індыі, Скот ўпершыню сустрэўся з Клементам Маркэмам, тады сакратаром Каралеўскага геаграфічнага таварыства, які займаўся ў той час пошукам патэнцыяльна таленавітых маладых афіцэраў з мэтай правядзення імі ў будучыні навукова- даследчых палярных работ. Скот быў запрошаны ў якасці госця здзейсніць плаванне на флагманскім караблі вучэбнай эскадры, і раніцай 1 сакавіка 1887 года, назіраючы за шлюпачнай гонкай, Маркэм звярнуў увагу на юнага 18-гадовага мічмана, які выйграў гонку. Роберт Скот з гэтай нагоды быў запрошаны на абед да камандзіра эскадры. Пазней Маркэм успамінаў, што быў уражаны кемлівасцю, энтузіязмам і абаяннем маладога чалавека.

У сакавіку 1888 года ў Каралеўскім ваенна-марскім каледжы ў горадзе Грынвіч Скот здаў экзамены на малодшага лейтэнанта, з чатырма сертыфікатамі першага класа з пяці. Яго кар’ера рухалася плаўна, і, пасля службы яшчэ на некалькіх судах, ў 1889 годзе Скот атрымаў званне лейтэнанта. У 1891 годзе пасля працяглага плавання ў замежных водах Скот прайшоў двухгадовы мінна-тарпедны навучальны курс на судне «HMS Vernon», што стала важным крокам у яго кар’еры. Ён атрымаў сертыфікаты першага класа як па тэорыі, так і па практыцы. Аднак неўзабаве на рэпутацыі Роберта з’явілася невялікая цёмная пляма: улетку 1893 года, кіруючы тарпедным катэрам, Скот пасадзіў яго на мель, за што атрымаў серыю мяккіх папрокаў ад камандавання.

Падчас вывучэння і параўнання біяграфій Скота і Руаля Амундсена палярны гісторык і журналіст Роланд Хантфард даследаваў магчымы скандал у ранняй ваенна-марской кар’еры Скота, звязаны з перыядам 1889—1890 гадоў, калі той быў лейтэнантам на «HMS Amphion». Згодна з Хантфардам, Скот знікае з ваенна-марскіх справаздач на восем месяцаў, з сярэдзіны жніўня 1889 года да 26 сакавіка 1890 года. Хантфард намякае на сувязь Скота з замужняй дачкой амерыканскага амбасадара і наступнае прыкрыццё гэтага факту высокапастаўленымі афіцэрскімі чынамі, каб захаваць гонар Каралеўскага флоту. Біёграф Дэвід Крэйн памяншае перыяд адсутнасці да адзінаццаці тыдняў, але таксама нічога больш растлумачыць не здольны. Ён абвяргае дапушчэнне аб прыкрыцці Скота вышэйшым афіцэрскім складам на той падставе, што Скот не меў тады дастатковага аўтарытэту і сувязей, каб гэта магло адбыцца. Дакументы, якія маглі б даць тлумачэнні, у справаздачах адсутнічаюць.

У 1894 годзе, падчас службы ў якасці тарпеднага афіцэра на караблі «HMS Vulcan», Скот пазнаў аб фінансавым краху, ад якога пацярпела яго сям’я. Джон Скот, прадаўшы піваварны завод, неразумна ўклаў атрыманыя грошы і такім чынам страціў увесь свой капітал, стаўшы фактычна банкрутам. Ва ўзросце 63 гадоў, са слабым здароўем, ён быў вымушаны ўладкавацца на працу ў якасці кіраўніка бровары і пераехаць з сям’ёй у Шэптан Малет, Сомерсет. Тры гады праз, калі Роберт служыў на флагмане Эскадры Ла-Манша «HMS Majestic», Джон Скот памёр ад сардэчнага захворвання, увёўшы ў новы фінансавы крызіс сваю сям’ю. Ханна Скот і дзве яе незамужнія дачкі цяпер пакладаліся цалкам на службовае дараванне Скота і зарплату яго малодшага брата Арчы, які пакінуў войска дзеля больш высокааплатнай пасады ў каланіяльнай службе. Аднак увосень 1898 года ад брушнога тыфа сканаў і сам Арчыбальд, а гэта азначала, што ўся фінансавая адказнасць клалася на плечы маладога афіцэра Роберта Скота.

Прасоўванне па службе і дадатковы даход, які гэта прынесла б, зараз сталі для Роберта пытаннямі першараднай важнасці. Яшчэ ў 1896 годзе, у час заходу ў іспанскую бухту Віга караблёў Эскадры Ла-Манша, Скот сустрэўся з Клементам Маркхэмам у другі раз і даведаўся пра тое, што ён выношвае планы брытанскай антарктычнай экспедыцыі. У пачатку чэрвеня 1899 года, адпраўляючыся дадому ў адпачынак, Роберт выпадкова сутыкнуўся на лонданскай вуліцы з Маркхэмам у трэці раз (цяпер прысвечаным ў рыцары і прэзідэнтам Каралеўскага геаграфічнага таварыства) і даведаўся, што той ужо шукае кіраўніка для сваёй экспедыцыі, якая будзе праходзіць пад заступніцтвам Каралеўскага геаграфічнага таварыства. Намецілася магчымасць вызначыцца на службе і зарабіць грошы, у якіх Роберт так меў патрэбу. Размова, якая адбылася ў той дзень паміж імі, застаецца незразумелай, але праз некалькі дзён, 11 чэрвеня, Скот з’явіўся ў рэзідэнцыі Маркхэма і падахвоціўся ўзначаліць антарктычную экспедыцыю.

Экспедыцыя «Дыскаверы»

Брытанская нацыянальная антарктычная экспедыцыя, якая пазней стала вядомая пад назвай «Дыскаверы», была сумесным прадпрыемствам Каралеўскага геаграфічнага таварыства і Лонданскага каралеўскага таварыства. Каб ажыццявіць сваю запаветную мару, Маркхэму спатрэбіліся ўсе яго навыкі і хітрасць, што ў выніку прынесла свой плён: экспедыцыя праходзіла пад камандаваннем Каралеўскага ваенна-марскога флоту і ў значнай частцы была ўкамплектавана ваенна-марскім персаналам. Магчыма, што Скот не з’яўляўся першым кандыдатам на ролю кіраўніка экспедыцыі, але пасля яго абрання падтрымка Маркхэма заставалася нязменнай. Унутры арганізацыйнага камітэта разыграліся жорсткія баталіі з нагоды вобласці кампетэнцыі Скота. Каралеўскае таварыства настойвала, каб у якасці кіраўніка экспедыцыі быў абраны навуковец, у той час як Скот, паводле іх задумы, павінен быў толькі камандаваць суднам. Аднак цвёрдая пазіцыя Маркхэма ў выніку ўзяла верх; Скота павысілі да звання і надзялілі ўсёй паўнатой улады кіраўніка экспедыцыі. У жніўні 1900 года, атрымаўшы вызваленне ад выканання абавязкаў старшага памочніка капітана судна «HMS Majestic», ён прыступіў да працы на новай пасадзе.

Як кіраўніку палярнай экспедыцыі Скоту давялося пачынаць на пустым месцы, прычым сам ён нічога не ведаў аб палярных умовах. На той момант у яго распараджэнні быў толькі досвед маладога нарвежскага натураліста Карстэна Борхгрэвінка, які ў 1899—1900 гадах правёў зімоўку ў Антарктыдзе, і экспедыцыі , якая была таксама вымушаная перазімаваць у Антарктыдзе, калі яе карабель апынуўся заціснуты льдамі. Скот і Маркхэм звярнуліся па параду да найбольш аўтарытэтнага ў тыя гады палярнага даследніка — нарвежца Фрыцьёфа Нансена, які неўзабаве даў англічанам шмат слушных парадаў па камплектаванню экспедыцыі адзеннем і прадуктамі харчавання. Аднак Нансен не меў ніякіх звестак пра асаблівасці антарктычных умоў. Пазней Фрыцьёф у сваіх успамінах апісваў Скота наступным чынам:

Ён стаіць перада мной, моцны і мускулісты. Я бачу яго разумны, прыгожы твар, гэты сур’ёзны, пільны погляд, гэтыя шчыльна сціснутыя вусны, якія надавалі яму рашучы выраз, што не перашкаджала Скоту часта ўсміхацца. У выгляду яго адбіваўся мяккі і высакародны характар і ў той жа час сур’ёзнасць і схільнасць да гумару…

Экспедыцыйнае судна атрымала назву «Дыскаверы» («Адкрыццё») у гонар карабля Джэймса Кука. Гэта быў апошні ў гісторыі брытанскага суднабудавання драўляны трохмачтавы барк і першае англійскае судна, спецыяльна прызначанае для навуковых даследаванняў. Спуск на ваду прайшоў 21 сакавіка 1901 года, цырымонію асвячэння правяла лэдзі Маркхэм. Корпус быў драўляным, здольным вытрымліваць напор ільдоў, таўшчыня борта дасягала 66 сантыметраў, таўшчыня тараннага фарштэўня — некалькі футаў, ён быў акаваны сталёвымі лістамі. Шруба і руль маглі падымацца з вады ў выпадку траплення ў лёд.

На борт судна былі ўзятыя сабакі і лыжы, аднак наўрад ці хто-небудзь ведаў, як з імі абыходзіцца. Маркхэм меркаваў, што досвед і прафесіяналізм менш важныя ў справе марской разведкі, чым «прыроджаныя здольнасці», і, магчыма, перакананасць Маркхэма аказала ўплыў на Скота. За першы год з двух, праведзеных у Антарктыцы, такая бесклапотнасць была падвергнута суроваму выпрабаванню, паколькі экспедыцыя з усіх сіл спрабавала справіцца з праблемамі незнаёмага ландшафту. Гэта каштавала жыцця Джорджу Вінсу, які паслізнуўся і ўпаў у прорву 4 лютага 1902 года. Пазней Скот будзе ўспамінаць: