Вялікі грычун ці шэры саракуш (Lanius excubitor) — птушка з атраду вераб'інападобных (Passeriformes), сямейства саракушавых (Laniidae).
Апісанне Даўжыня цела 23-26 см, размах крылаў 30-36 см. Параўнальна вялікіх памераў, бела-чорна-папялісты. Над чорнай паласой, якая праходзіць праз вока — белае брыво. На крыле, у залежнасці ад падвіду, два альбо адно люстэрка. У самкі на грудзях карычневы налёт, а чорны колер з карычневым адценнем. Маладыя могуць быць падобныя да самца альбо самкі. Спеў з хрыплых крыкаў.
Пашырэнне Арэал: Заходняя, Цэнтральная і Усходняя Еўропа (акрамя поўдня), Азія (акрамя крайняй поўначы, ад Каспійскага мора на паўночны ўсход праз Казахстан, Цянь-Шань, паўночную Манголію да Сахаліна і Анадырскага зал.) і паўночная частка Паўночнай Амерыкі.
Гняздуецца ў групах высокіх дрэў сярод палёў, насяляе ускрайкі сухіх бароў паблізу пагоркаў і палёў, часам тарфянікі з рэдкімі дрэвамі, паркі, сады, можа сяліцца паблізу чалавечага жылля. Выкарыстоўвае слупы і лініі электраперадач як прысады для падпільноўвання ахвяр, асабліва каля дрэў і кустоў. У гарах не перавышае звычайна 1000 м, на Алтаі даходзіць да 2500 м.
Папуляцыі з поўначы арэала пералётныя. Месцы зімовак у Еўропе і Азіі ў межах гнездавога арэала і на поўдзень ад яго, у цэнтральнай і паўднёвай частках Паўночнай Амерыкі.
Асаблівасці біялогіі Гняздо «ўціснутае» у развілцы тоўстых, бакавых галін, звычайна на вышыні 5-8 м (выпадкова больш нізка — напр., на карлікавых соснах). Знешні слой са шчыльна сплеценых тоўстых каранёў з прымессю расліннага пуху (якога няма ў іншых грычуноў), унутраны — з сухіх сцёблаў травяністых раслін, а таксама карэньчыкаў і завялых раслінных валокнаў. Высцілка толькі на дне латка — шчыльны і тоўсты слой воўны і расліннага пуху (часам з прымессю карэньчыкаў, кветак, кавалкаў кары і пёраў).
Яйкі (5-7, часам 3-9) пераважна крыху падоўжаныя з вострым вузейшым канцом. Колер зменлівы ў адной і той жа кладцы, звычайна светла-зялёныя з рознымі адценнямі (светла-зялёныя, жаўтавата- або шэра-зеленаватыя аж да блакітнаватых). Рэдкія плямы па ўсёй паверхні: глыбокія — светла-шэрыя, паверхневыя — шэра-аліўкавыя, аліўкавыя, пурпурова-шэрыя, жоўта-пясчаныя, іржава-карычневыя.
Падвіды
Lanius excubitor excubitor Lanius excubitor homeyeri Lanius excubitor leucopterus Lanius excubitor sibiricus Lanius excubitor mollis Lanius excubitor funereus Lanius excubitor bianchii Lanius excubitor borealis Lanius excubitor invictus
Літаратура Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с.: іл. ISBN 83-01-13187-X
Катэгорыя:Саракушавыя