Яххатэп, або Аххатэп ( — «Ях задаволены») — старажытнаегіпецкая царыца канца XVII дынастыі (1590—1530 да н.э.), жонка фараона Таа II Секененра. Адыграла важную кансалідуючую ролю пры нашэсці гіксосаў і працяглы час шанавалася народам.

Біяграфія Пытанне ідэнтыфікацыі царыц з імем Яххатэп гэтага перыяду застаецца дыскусійным.

Дачка царыцы Тэцішэры і фараона Сенахценра, жонка і, напэўна, сястра Секененра Таа II. Пасля гібелі мужа ў бітве з гіксосамі, сталец успадкаваў яго сын (пэўна невядома ці быў ён і сынам Яххатэп) Камос. Праз тры гады ён таксама загінуў у баі, і сталец успадкаваў непаўналетні Яхмас, пры ім яго маці Яххатэп заставалася рэгентам да 16-годдзя. Упершыню ў Новым царстве жанчына прыняла на сябе царскі тытул «Уладарка Двух зямель», які пазней насіла яе дачка Яхмас-Нефертары. Мяркуецца, што Яххатэп наймала грэчаскіх ваяроў.

Памерла ў першыя гады самастойнага валадарства сына. Пахавана са зброяй (тры кінжалы, 13 сякер з імёнамі Яххатэп і Камоса) і трыма ўзнагародамі «Залатыя мухі». Такое шанаванне і ўзнагароды пацвярджаюць значны ўклад царыцы ў абарону Егіпта.

У яе гонар Яхмас паставіў стэлу ў Карнаку з надпісам:

Яна клапацілася ваярамі Егіпта і засцерагала іх. Яна вытурыла здраднікаў з краіны і згуртавала няпэўных. Яна замірыла Верхні Егіпет і выгнала мяцежнікаў.

Нароўні з сынам шанавалася ў часы XVIII дынастыі за актыўныя дзеянні па вызваленні Егіпта ад захопнікаў. Усхваляйце ўладарку нашай зямлі, уладачыцу берагоў Хаўінебу (вострава ў Эгейскім моры). Яе імя асвячае іншаземныя краіны, яна загадвае народамі. Жонка цара, сястра ўладара дае жыццё, дабрабыт і здароўе! Царыца, маці цара, ведае ўсё і рупіцца Егіптам.

Тытулы

Вялікая жонка фараона Дачка фараона Сястра фараона Маці фараона (mwt niswt) Уладарка Двух земляў

Пахаванне

Ёсць два пахаванні Яххатэп, адно з іх магло належаць царыцы, другое — іншай егіпецкай арыстакратцы з тым жа імем (магчыма, жонцы Камоса).

Дра Абу эль-Нага Некранутая магіла ў Дра Абу эль-Нага знойдзена Агюстам Марыетам ў 1859 годзе. Мумія ляжала ў пазалочаным саркафагу з прывазнога кедра (№ CG 28501, Каірскі музей) паблізу саркафага Камоса. Галава ў хвалістым парыку багіні Хатхор ўпрыгожана кобрай. Безнадзорную грабніцу неўзабаве спустошылі і золата трапіла да мясцовага начальніка, які на судне хацеў вывезці ўпрыгожанні з Егіпта, чаму перашкодзіў дырэктар Службы старажытнасцяў Агюст Марыет. Сярод рэчаў з грабніцы ёсць вялікі залаты посах, наручны бранзалет лучніка, наканечнік дзіды, трынаццаць баявых сякер з бронзы, золата і серабра. Лязо адной сякеры ўпрыгожвалі эгейскія матывы: грыф і сфінкс, які трымае галаву ворага. Эгейскія матывы былі і на кінжале: дзве бычыныя галавы і паляванне на льва. Самай вялікай знаходкай была узнагарода Залатыя мухі, гэтымі падвескамі ў выглядзе трох насякомых ўзнагароджвалі за вызначныя заслугі на полі бою.

Адсутнасць надпісаў «Маці фараона» і імя Секененра дало падставу лічыць гэтую грабніцу належалай  — жонцы Камоса. Знойдзеныя ваенныя рэгаліі могуць быць толькі ўспадкаванымі ад Камоса ўзнагародамі.

Дэйр эль-Бахры Іншы саркафаг (№CG 61006 у Каірскім музеі) з імем Яххатэп і тытулам «Вялікая маці фараона» знойдзены некалькімі гадамі пазней у тайніку DB-320. У саркафагу ляжала мумія Пінеджэма I. Лічыцца, менавіта ў гэтым саркафагу першапачаткова знаходзілася мумія Яххатэп — жонкі Секененра Таа II і маці Яхмаса.

Культурны ўплыў Яххатэп — адна з галоўных дзеючых асоб рамана Нагіба Махфуза «Вайна ў Фівах» і галоўная гераіня трылогіі Крысціяна Жака «Гнеў Багоў». Абодва творы аспавядаюць пра вызваленне Егіпта з-пад улады гіксосаў.

Гл. таксама

Літаратура Джоан Флетчер. В поисках Нефертити. — М.: АСТ: АСТ МОСКВА: ХРАНИТЕЛЬ, 2008. — 413 с. — 2500 экз. — ISBN 978-5-9762-5421-3.

Катэгорыя:Жанчыны ў войнах Катэгорыя:Царыцы Старажытнага Егіпта