Зоя Аляксандраўна Коўш, у шлюбе Кратовіч () — беларуская грамадская дзяячка, юрыстка.
Біяграфія
Нарадзілася ў сям’і праваслаўнага святара і грамадска-палітычнага і царкоўнага дзеяча Аляксандра Каўша і Елізаветы Суравец, гарадзенскай мяшчанкі. Бацька пасля сканчэння бухгалтарскіх курсаў працаваў у Люблінскім аддзеле Расійскага дзяржаўнага банка. Разам з сям’ёй на пачатку Першай сусветнай вайны эвакуяваны ў Разань, а потым — у Майкоп. У 1921 годзе сям’я вярнулася ў Заходнюю Беларусь. У 1921 годзе Аляксандр Коўш у Гродне стаў святаром, а ў 1925 годзе сям’я пераехала ў Вільню. Брат Зоі Святаслаў пазней таксама стаў святаром, а эміграваўшы, стаў вядомым царкоўна-праваслаўным дзеячам110 гадоў з дня нараджэння Зоі Коўш — БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.
У 1929 годзе скончыла Віленскую беларускую гімназію, потым — юрыдычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Уваходзіла ў Беларускі студэнцкі саюз.
У час нямецкай акупацыі працавала юрысконсультам Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. Летам 1944 года выехала ў Германію, дзе жыла ў Берліне.
У 1951 годзе Янка Чарапук у сваім ліце да Станіслава Грынкевіча наступным чынам апісваў дзейнасць Зоі Коўш у час нямецкай акупацыі і яе пасляваенны побыт:
Улетку 1944 года была сакратаркай Радаслава Астроўскага ў Берліне. Пры набліжэнні савецкіх войск да Берліна Беларуская цэнтральная рада са ўсімі сваімі аддзеламі эвакуявалася на захад Германіі. Паводле Чарапука, Коўш у ліку супрацоўнікаў таксама паехала туды, але неўзабаве вярнулася ў Берлін, дзе і засталася да прыходу Савецкай Арміі. Да канца 1946 года жыла ў савецкай зоне акупацыі. Яе брат Святаслаў Коўш быў камендантам беларускага лагера для перамешчаных асоб у Ватэнштаце ў брытанскай зоне акупацыі. Зоя наведвала брата ў лагеры і распавядала жудасныя рэчы пра бальшавікоў. Вярнулася ў Берлін, каб прадаць свае рэчы. Паводле слоў Чарапука, Зою арыштавалі на чорным рынку на Александэрплац. Чарапук пісаў, што яе брат «цяпер пачаў рэклямаваць мучальніцкую сьмерць сястры за Бацькаўшчыну». У 1947 годзе арыштавана савецкімі органамі контрразведкі і вывезена ў БССР. У лагеры для перамешчаных асоб было шмат савецкіх агентаў, а таму па вяртанні Зоі Коўш у Берлін яе ўжо чакалі спецслужбісты.
Знаходзілася пад следствам у Мінску. Асуджана на 10 гадоў зняволення ў ППК. У сваіх мемуарных нататках Зоя Коўш апісвала выпрабаванні і жахі этапнай перасылкі. Яна заўважала, што ўдзячна лёсу за тое, што яе этапавалі ўзімку і яна мела на сабе цёплыя боты, таму не адмарозіла ногі. На перасылку яе прывезлі ва Ухцінскі лагер (Комі АССР). На перасылку прыязджалі кіраўнікі лагерных пунктаў і выбіралі сабе зняволеных. Коўш станам здароўя трапіла ў трэцюю катэгорыю для лягчэйшай працы. Абяцаная лягчэйшая праца ў саўгасе насамрэч аказалася для яе і іншых жанчын брыгады лесапавалам. На знясільвальную працу даводзілася дабірацца пяць кіламетраў пешшу па замерзлай рэчцы. Зоя Коўш апісвала жахлівыя лагерныя ўмовы працы і побыту, пры тым добрым словам згадвала лекара Сямёна Крыстальнага, які сам быў раней палітвязнем, і дапамог ёй выжыць. Ён, колькі мог, трымаў яе ў шпіталі. Потым Зоя Коўш трапіла ў меншы лагер пры цагельні, там была праца ў кар’еры. Далей было этапаванне ў Варкуту, дзе быў больш строгі рэжым зняволення. Давялося працаваць на пракладцы чыгуначных шпал і рэек праз тундру.
З савецкіх лагераў вярнулася ў другой палове 1950-х гадоў пасля амністыі для палітвязняў, абвешчанай 17 верасня 1955 года. У Вільню яна вярнулася праз паўгода пасля смерці маці. Сваякоў ужо нікога не было. Вярнула матчын дом на вуліцы Летняй, 7, у якім жылі самасёлы. З лагераў прыехала са сваім будучым мужам Аляксандрам Кратовічам, які працаваў канторскім службоўцам. У Вільню вярталіся многія іншыя беларусы-вязні ГУЛАГа, якія спрабавалі сацыялізавацца ў новых, ужо літоўскіх умовах, трымацца адзін аднаго. У пачатку 1960-х гадоў выйшла замуж за Кратовіча.
Аляксандр Кратовіч даносіў у лагеры на іншых вязняў-беларусаў, а яго шлюб з Зояй Коўш некаторыя крыніцы называюць часткай спецзадання па пранікненні ў беларускае кола. Вядома, што ягоным агентурным псеўданімам быў «Шквал» і ён даносіў савецкім спецслужбам на беларускіх дзеячаў у пасляваенны час, у тым ліку на Ларысу Геніюш.
Пад канец жыцця муж быў паселены ў пакойчык для прыслугі. Па ўспамінах Сяргея Шупы, «чатыры дробныя звяглівыя дварнякі, якія спалі на канапах і замянілі пані Зоі сям’ю і сяброў». Сяргей Шупа са сваёй сям’ёй пасяліўся ў доме Зоі Каўшанкі ў 1991 годзе, ужо пасля смерці мужа. Зоя ўжо на той час цяжка хварэла на рак.
Памерла 17 кастрычніка 1994 года ў Вільні. Пахавана ў Вільні на Ліпаўскіх (Спаса-Ефрасінеўскіх) могілках. У кастрычніку 1995 года адбылося адкрыццё помніка з паніхідай. Хата на Летняй вуліцы пасля яе смерці адышла да літоўскай дзяржавы, але Сяргею Шупу ўдалося выкупіць будынак. У 2008 годзе былы прыватны дом Зоі Коўш быў зруйнаваны.
Публікацыі «Fräulein… ад беларускага камітэту» // Наша Ніва. 1991. № 4. Стр. 2, 14-15. (Успаміны часаў нямецкай акупацыі Вільні) Дзесяць месяцаў у адзіночнай камэры Менскай турмы // Наша Ніва. 1993. № 10. С. 6-7. Успамін вучаніцы // Беларус Віленшчыны № 13 (дадатак да Эхо Литвы № 19, 28 студзеня 1994. — С. 4. Пра Антона Луцкевіча.) Роздумы з юбілею гімназіі // Беларус Віленшчыны № 34 (дадатак да Эхо Литвы № 123, 24 чэрвеня 1994. — С. 4.) Успаміны // Спадчына № 6-1995. С. 223—267.
Спасылкі Так мне напісана ў Страшнай кнізе // Наша Ніва. 1994. № 10. С. 6-7. № 12. С. 6-7. Зоя Кратовіч-Каўшанка // Беларус Віленшчыны № 50 (дадатак да Эхо Литвы № 207, 21 кастрычніка 1994. — С. 4.)
Крыніцы
Літаратура Луцкевіч Л. Развітанне з сяброўкай // Беларус Віленшчыны № 51 (дадатак да Эхо Литвы № 213, 28 кастрычніка 1994. — С.4) Войцік, Галіна. Дзяўчынка ў сіняй сукенцы: да 5-годзьдзя з дня сьмерці Зоі Каўшанкі. Рунь. 9 лістапада 1999. № 27. С.2. . . У Вільні знеслі дом Зоі Каўшанкі //Наша Ніва 18 лістапада 2008
Спасылкі
Вопіс архіва Зоі Коўш у Віленскім Беларускім Музеі імя Івана Луцкевіча Адлічбаваныя матэліялы архіва Зоі Коўш у Віленскім Беларускім Музеі імя Івана Луцкевіча
Катэгорыя:Грамадскія дзеячы Беларусі Катэгорыя:Юрысты Беларусі Катэгорыя:Юрысты паводле алфавіта Катэгорыя:Члены Беларускага студэнцкага саюза