Горваты (, ) — каталіцкі маянтковы шляхецкі, дваранскі род герба «Побуг» у Вялікім Княстве Літоўскім, Расійскай імперыі і міжваеннай Польшчы (1921—1939). Сваё паходжанне вялі ад вайскоўца Яна Нікшыча (упам. з сяр. XVII ст.), выходніка з Венгерскага каралеўства — а дакладней, з зямель, верагодна, сучаснай Харватыі (у складзе Венгерскага каралеўства Габсбургскай манархіі), які натуралізаваўся ў Вялікім Княстве Літоўскім, набыўшы маёнтак Залессе ў Менскім ваяводстве. У часы Вялікага Княства Літоўскага адносіліся да сярэднезаможнай маянтковай шляхты. З 1820-х гг. па 1917 г. адносіліся да латыфундыстаў Расійскай імперыі: валодалі буйнымі маёнткамі ў Рэчыцкім, Мазырскім, Мінскім паветах Мінскай губерні, а таксама маёнткамі Прыборск і Хабна Радамысльскага павета Кіеўскай губерні. Горваты займалі пасады суддзяў, прадвадзіцеляў дваранства (маршалкаў), членаў камітэтаў, дэпутатаў і да т.п., будавалі прыватныя рэзідэнцыі, засноўвалі прадпрыемствы, калекцыянавалі прадметы мастацтва.

Паходжанне і натуралізацыя Сваё паходжанне Горваты вялі ад вайскоўца-афіцэра Яна Нікшыча (упам. з сяр. XVII ст.), выходніка з Венгерскага каралеўства — а дакладней, з зямель, верагодна, сучаснай Харватыі (у складзе Венгерскага каралеўства Габсбургскай манархіі), які прыбыў у Вялікае Княства Літоўскае па запрашэнні князя Багуслава Радзівіла (1620—1669) для навучэння свайго прыдворнага магнацкага войска еўрапейскай тактыцыWilczyński, J.K. Herbarz starodawnej szlachty podług heraldyków Polskich z dopełnieniem do czasów obecnych. — Paryż, 1861.. Адзначыўся ў паспалітым рушэнні, за што 27 ліпеня 1651 г. ад князя Багуслава Радзівіла атрымаў вызваленне ад гарадскіх падаткаўГербоўнік беларускай шляхты. — Т. 4. — Мінск, 2016. — С. 480.. Пасля смерці пратэктара афіцэр Ян Нікшыч пакінуў прыдворную вайсковую службу ў князёў Радзівілаў і натуралізаваўся ў Вялікім Княстве Літоўскім, набыўшы маёнтак Залессе ў Менскім ваяводстве, дзе асеў і пачаў карыстацца шляхецкім гербам «Побуг». Дакументы з тых часоў захоўваліся ў сямейным архіве Горватаў XIX ст.

Паводле свайго тэстамента ад 27 студзеня 1680 г., Ян Нікшыч свайму сыну (Гілярыю-Ваўрынцу Нікшычу-Горвату) запавятаў свой маёнтак Залессе ў Менскім ваяводстве з усімі прыналежнасцямі: палі, лясы, азёры і г.д. (Беларускі гісторык Яўген Глінскі лічыць звесткі аб набыцці маёнтка Залессе і дароўным запісе ад 1680 г. сумнеўныміГербоўнік беларускай шляхты. — Т. 4. — Мінск, 2016. — С. 483.). Сам Гілярый (упам. 1704) атрымаў у заставу ад князёў Радзівілаў маёнтак Смолкава (Смольгава) у Менскім ваяводстве. Сын Гілярыя ўжо пісаўся ў дакументах у 1736 г. як Сільвестр Горват (Sylwester Horwatt). Так, тапонім «харват» (horwatt) стаў прозвішчам ва ўнука Яна Нікшыча. З таго часу яго нашчадкі пісаліся толькі як «Горваты».

Сільвестр Горват (упам. у 1709—1736 гг.), чарнігаўскі падстолі, атрымаў у заставу ад князёў Радзівілаў вёску Юшкевічы (10 сялян) у Слуцкай ардынацыі — за ваенныя паслугі Горватаў князям Радзівілам, што зафіксавана ў распараджальным дакуменце князя Карла III Філіпа Пфальцкага (спадчынніка князя Багуслава Радзівіла) да адміністратара Слуцкай ардынацыі пана Незабітоўскага. (Беларускі гісторык Яўген Глінскі лічыць звесткі аб продажы Сільверстам маёнтка Залессе ў 1736 г. сумнеўнымі). Сільвестр Горват набыў маёнтак Карані (Каранёўка) ў Мазырскім павеце, ажаніўся з Рэгінай Дзертка, пакінуў двух сыноў (Шымана і Базыля), ад якіх пайшлі дзве галіны роду Горватаў, з якіх моцна разбагацелі і ўзвысіліся нашчадкі Базыля Горвата. Сын Базыля мазырскі ротмістр Тадэвуш Горват (хрышчаны ў 1737 г. у мазырскім касцёлеГербоўнік беларускай шляхты. — Т. 4. — Мінск, 2016. — С. 481.) набыў у Мазырскім павеце Вялікага Княства Літоўскага маёнтак Ліпаў, які на дзесяцігоддзі стаў галоўнай сядзібай яго нашчадкаў.

Узвышэнне роду Адзін сын Тадэвуша Базылевіча Горвата Вінцэнт Тадэвушавіч Горват вучыўся ў Варшаве ў Рыцарскай школе (варшаўскім кадэцкім корпусе), пайшоў на вайсковую службу Рэчы Паспалітай, прыняў удзел у паўстанні 1794 года і загінуў у бітве пад Мацяёвіцамі ў 1794 годзе. Узвышэнне роду звязана з дзейнасцю другога сына мазырскага ротмістра Тадэвуша Базылевіча Горвата — Ігната Тадэвушавіча Горвата (1764 — каля 1823)Раюк, А. Р. Нараўлянскі маёнтак дваран Горватаў: ад латыфундыі да фабрычнага цэнтру … С. 115., які змог дабіцца значных кар’ерных поспехаў у Мазырскім павеце Вялікага Княства Літоўскага — служыў на высокіх земскіх пасадах мазырскага гродскага суддзі (1782—1795) і паралельна мазырскага цывільна-вайсковага камісара (1790—1793), а пазней (пасля падзелаў Рэчы Паспалітай) у Рэчыцкім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі — служыў па выбару дваран на пасадзе вывадовага дэпутата (дэпутата дваранства) ад Рэчыцкага павета ў мінскім дваранскім дэпутацкім сходзе (1795—1801) і старшыні рэчыцкага павятовага гранічнага (межавага) суда (1814—1817). Ён не ўдзельнічаў у бураломных падзеях беларускай гісторыі канца XVIII — пачатку XIX ст., звязаных з паўстаннем 1794 года і падзеламі Рэчы Паспалітай, і яго маёнткі не былі секвестраваны расійскімі ўладамі.

1 мая 1826 г. Вільгеміна фон Гольст (удава Андрэя фон Гольста) і яе дзеці (Якуб, Карл і Роберт фон Гольсты — і іх замужняя сястра Вільгеміна Андрэеўна Бруцер (Brutier)) прадалі за суму 242 тыс. 650 рублёў срэбрам свой вялікі маёнтак Барбароў (у тым ліку, Нароўлю) — «спадчыннікам Ігната Горвата», г.зн. родным братам Аляксандру, Станіславу, Атону і Даніэлю Ігнатавічам Горватам, а таксама іх сёстрам — замужнім Францішцы, Марыяне і Кацярыне і незамужняй ФіліпінеРаюк, А. Р. Нараўлянскі маёнтак дваран Горватаў: ад латыфундыі да фабрычнага цэнтру … С. 116.. Гэтым Горваты вывелі свой род са стану сярэднезаможнай шляхты ў багацеяў. Сыны Ігната Горвата не толькі не выпусцілі багацце з рук, а значна яго павялічылі і ўвайшлі ў склад эліты як Мінскай губерні, так і ўсяго беларуска-літоўскага края ў XIX ст.. У 1829 г. яны падзялілі бацькаву спадчыну і валодалі паасобку значнымі маёнткамі ў Мазырскім, Рэчыцкім і Радамысльскім паветах, але мелі прыязныя сямейныя адносіны і ў гаспадарчых справах заўсёды дзейнічалі згодна. Аляксандр Ігнатавіч Горват (к.1800—1888) пры падзеле фамільнай спадчыны атрымаў маёнтак Барбароў (з навакольнымі вёскамі), Станіслаў Ігнатавіч Горват (1804—1884) — маёнтак Галоўчыцы (з навакольнымі вёскамі), Атон Ігнатавіч Горват (1809—1894) — маёнткі Ліпаў, Карані і Яўтушкавічы (з навакольнымі вёскамі), Даніэль Ігнатавіч Горват (1810—1868) — маёнтак Нароўля (з навакольнымі вёскамі), а іх сёстры (Марыя, Францішка, Філіпіна і Кацярына) атрымалі грашовыя фундушы.

Рэчыцкі павет знаходзіўся вельмі далёка ад галоўных цэнтраў Лістападаўскага паўстання (1830—1831) і там яно разгарнулася слаба. Дачка Ігната Горвата Кацярына была замужам за маянткоўцам Геранімам Антонавічам Кеневічам (1796—1884), брат якога Фелікс Антонавіч Кеневіч (1802—1863) стаў кіраўніком паўстання ў Мазырскім павеце і са сваім паўстанцкім атрадам прыйшоў у Рэчыцкі павет, дзе рэкрутаваў прыгонных сялян у атрад у маёнтках Нароўля і Барбароў, якія належалі адпаведна Даніэлю і Аляксандру Ігнатавічам Горватам. Пасля падаўлення паўстання браты Аляксандр, Даніэль і Станіслаў Горваты зрабілі добраахвотную яўку да расійскіх улад з павіннай і каяннем, таму ім удалося пазбегнуць пакарання і захаваць маёнткі.

Жонка Аляксандра Скірмунта (1799—1870) Канстанцыя (1808—1845), з роду Сулістроўскіх, у 1841 г. прадала свой спадчынны ад бацькі маёнтак Каралін (Ельск) з прыналежнымі вёскамі (цалкам 21 977 дзесяцін) у Мазырскім павеце Даніэлю Ігнатавічу Горвату (1810—1868). Даніэль Горват таксама купіў маёнтак Прыборск (Прыборск, Сукачы, Русакі, Даманаўка) у Радамысльскім павеце Кіеўскай губерні і маёнтак Арцюхі ў Мінскім павеце. Аляксандр Ігнатавіч Горват (к.1800—1888) купіў у нашчадкаў рускага графа Рыгора Рыгоравіча Арлова (1734—1783) маёнтак Белая Сарока (Рэчыцкі павет), у 1834 г. купіў маёнтак Жары (Верхнія Жары і Ніжнія Жары ў Рэчыцкім павеце), а ў 1850 г. купіў у князя Вільгельма ІІ Трайдэна Радзівіла маёнтак Хабна ў Кіеўскай губерні, які належаў Горватам да 1917 г. Станіслаў Ігнатавіч Горват (1804—1884) купіў маёнткі Дудзічы і Гарбавічы. У 1841 г. за чатырма сынамі Ігната Тадэвушавіча Горвата (Аляксандрам, Станіславам, Атонам і Даніэлем) сукупна ўжо налічвалася 4 632 рэвізскія душы ў Рэчыцкім павеце, у 1851 г. — 4 513 рэвізскіх душ, а ў 1862 г. — 4 031 рэвізская душа былых прыгонных сялян і 170 172 дзесяціны зямлі (заселенай і незаселенай). Маёнткі братоў Горватаў размяшчаліся кампактна і па-суседстве ўздоўж ніжняга цячэння Прыпяці (Нароўля, Барбароў, Ельск (Каралін), Галоўчыцы, Цешкаў, Ламачы, Жары, Хабна, Ліпаў, Дудзічы і інш. — з цэлай процьмай прыналежных вёсак), па якой Горваты адпраўлялі сваю прадукцыю (гарэлка, лес, смала, дзёгаць, паташ, скуры, жыта, сала і інш.) на Украіну (да Крамянчуга і Адэсы), а таксама гналі дарогамі сваю жывёлу на поўнач у Санкт-Пецярбург на продаж.

Напрыклад, у нараўлянскім маёнтку ў першай палове XIX ст. меліся дробныя прадпрыемствы і добра развіваліся рамёствы: у вёсцы Нараўлянская Гута працаваў завод па вырабе шкла, у вёсцы Завайць меўся значны завод па вырабу паташу, у вёсках Смалегаўская Рудня і Мальцы выраблялася жалеза для мясцовых патрэб, а ў вёсцы Дзямідаў — значная рудаплавільная мануфактура, вядомая па ўсім Палессі. У маёнтку Барбароў існавала значная смалакурная вытворчасць, вінакурны завод, фабрыка па вырабу ваўняных тканін, аранжарэя. У фальварку даўно меліся кузня, млын, крупарушка, жывёльны двор. Грузы сплаўлялі па Прыпяці на Украіну з прыватнай барбароўскай прыстані.

У 1850 г. у Нароўлі Даніэль Ігнатавіч Горват (1810—1868) пабудаваў сабе новы мураваны і велічны палац у стылі позняга класіцызму, які стаў самай шыкоўнай і вялікай па памерам рэзідэнцыяй Горватаў, на атыку галоўнага фасада якой ляпнінай быў зроблены заўважны надпіс «DIH», а на франтоне «R. 1850» (абазначалі дату пабудовы 1850 г. і імёны ўладальнікаў Даніэля (D) і Іфігеніі (I) Горватаў (H)), чым па сутнасці прадэманстраваў і падрэсліў сваё багацце і значнасць. У палацы меліся каштоўная мэбля, багатая бібліятэка і еўрапейскага значэння прадметы мастацтва. Перад палацам быў створаны фантан, што было рэдкасцю ў беларускіх дваранскіх сядзібах, а сам палац абкружаны прыгожым паркам. Рэзідэнцыя стала адной з самых шыкоўных і значных ва ўсёй Мінскай губерні.

У ходзе сялянскай рэформы (1861) у Расійскай імперыі Горваты павінны былі выдзяліць частку сваёй зямлі вызваленым ад прыгоннай залежнасці сялянам. Таму ў 1876 г. за Горватамі разам у Мінскай губерні мелася 107 249 дзесяцін зямлі. Гэта ўсё роўна выводзіла іх у шэраг першаразрадных латыфундыстаў і было падставай таго, што ў другой палове XIX ст. Горваты ўжо знаходзіліся ў сваяцтве з такімі ўплывовымі дваранскімі родамі Мінскай губерні і беларуска-літоўскага края як Валадковічы, Ваньковічы, Оштарпы, Гечэвічы, Хамінскія, графы Красіцкія і графы Тышкевічы.

23 верасня 1847 г. у Мінску Атон Ігнатавіч Горват (1809—1894) быў выбраны дваранамі Мазырскага павета на пасаду мазырскага павятовага маршалка на 3 гады і зацвержданы на гэтай пасадзе мінскім губернатарам. Атон Горват нават паспеў падпісацца ў дакументах як «мазырскі павятовы маршалак», аднак на тых жа выбарах 27 верасня ён быў выбраны на пасаду мінскага губернскага маршалка, у 1850 г. пераабраны дваранамі яшчэ на 3 гады, займаўшы тую пасаду да 1853 г. Вялікую ролю ў выбранні Атона Горвата на пасаду мінскага губернскага маршалка мелі яго сваяцкія сувязі — у першую чаргу яго шлюб з Людвікай, дачкой папярэдняга ўплывовага мінскага губернскага маршалка (1823—1847) Льва Оштарпа (1786—1851). Губернскія маршалкі беларуска-літоўскіх губерняў у канцы XVIII — першай палове ХІХ ст. знаходзіліся ў блізкім сваяцтве паміж сабой і з многімі павятовымі маршалкамі губерні, былі згуртавальнымі асобамі губернскага дваранства, мелі аўтарытэт і з’яўляліся нефармальнай рэгіянальнай элітай, якая складалася звычайна з 7-8 самых уплывовых дваранскіх сямей губерні. Калі Леў Оштарп кіраваў губернскім дваранствам, Атон Горват заўсёды трымаўся побач са сваім цесцем.