Лукаш Сапега (; ) — заможны шляхціц Кіеўшчыны часоў Рэчы Паспалітай.

Біяграфія З шляхецкага роду Сапег герба «Ліс». Пра пэўнае паходжанне Лукаша некаторы час трывала дыскусія. Некаторыя даследчыкі лічылі яго сынам Фёдара (Фрыдрыха) або Паўла Сапегі і адпаведна ўнука Івана Сямёнавіча Сапегі. Урэшце, глыбейшыя даследаванні паказалі, што Лукаш быў сынам Міхаіла Іванавіча Сапегі і унукам віцебскага ваяводы Івана Багданавіча Сапегі.

Не зрабіў значнай кар’еры, больш увагі надаваў развіццю маёнткаў. Паміж 1594 і 1597 гадамі ажаніўся з Соф’яй, дачкой ужо нябожчыка Філона Кміты. Лукаш Сапега дапамог жонцы падзяліць родавую спадчыну з яе сястрой Багданай, жонкай князя Юрыя Друцкага-Горскага, пасля смерці іх брата Лазара ў 1595 годзе. Жонцы дасталася Чарнабыльская воласць. У 1596 годзе стаў дваранінам гаспадарскім. Пазней Лукаш Сапега ўжываў тытул графа, аднак абставіны яго атрымання не вядомы. З пачатку 1600-х гадоў пісаўся як граф на Чарнобылі. Таксама быў уладальнікам Тоўстага Лесу.

У 1613 годзе жонка Сапегі атрымала спадчыну па сястры, аўдавелай і бяздзетнай — і маёнткі Замыславічы, Ракітна, Антонаў, Макалевічы, Вепрын (Сапега перайменаваў яго ў Лукашаў).

Невядома пры якіх абставінах перайшоў да каталіцтва. Быў заснавальнікам касцёлаў, у тым ліку разам з жонкай заснаваў дамініканскі манастыр у Чарнобылі. У 1623 годзе прадаў Ракітна Гойскім. У 1624 годзе памёрла жонка, а ў 1625 годз — адзіны сын Самойла. Пасля гэтага адпісаў Замыславічы езуітам Вінніцы, а астатнюю маёмасць завяшчаў сваяку Льву Сапегу. Памёр у 1626 годзе.

Крыніцы

Літаратура

Boniecki A. Poczet rodów w Welkiem Księstwie Litewskiem w XV i XVI wieku. — Warszawa, 1883. — S. 132 Літвін Г. З народу руського. Шляхта Київщини, Волині та Брацлавщини (1569—1648) / Пер. з польськ. Лесі Лисенко. -К.: ДУХ І ЛІТЕРА, 2016. — С. 372—373

Спасылкі

Катэгорыя:Сапегі