Юлія Вітальеўна Слуцкая (нар. ) — беларуская журналістка і медыяменеджэрка, стваральніца «Press Club Belarus» і Інфармацыйнага бюро салідарнасці з Беларуссю, палітычная зняволеная.

Біяграфія Скончыла філасофскі факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, сацыёлаг паводле адукацыі. Некалькі гадоў працавала ў лабараторыі сацыялогіі БДУ і ў адным з навукова-даследчых інстытутаў.

У журналістыцы з 1994 года, калі прыйшла працаваць у «БелКП-Прэс» на пасаду сацыёлага. У 1997 годзе стала галоўным рэдактарам «Камсамольскай праўды ў Беларусі», дзе працавала да 2006 года. За гэты час з нуля была распрацавана канцэпцыя беларускага выдання, створана каманда, а наклады цягам дванаццаці гадоў выраслі болей чым у дзесяць разоў: з 30 тысяч да амаль 330 тысяч асобнікаў. Беларускае змесціва стала займаць амаль палову кожнага нумару газеты.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года Слуцкая пайшла з пасады галоўнага рэдактара «Камсамольскай праўды ў Беларусі». Па адной з версій, гэта было звязана з тым, што выбары асвятляліся выданнем вельмі актыўна і падрабязна.

Напачатку 2007 года Слуцкай паступіла прапанова стаць галоўным рэдактарам Еўрапейскага радыё для Беларусі. Па яе словах, каманда была вельмі недасведчаная, няўмелая, і амаль усе тэксты даводзілася перапрацоўваць, а журналістаў трэба было вучыць. З іншага боку, Слуцкай трэба было вучыцца і самой, бо радыё мела сваю спецыфіку. З пасады галоўнага рэдактара «Еўрарадыё» Слуцкая пайшла ў лютым 2011 года па ўласным жаданні.

25 лютага 2010 года была створана грамадзянская кампанія «Гавары праўду», якая вылучыла Уладзіміра Някляева кандыдатам на прэзідэнцкія выбары 2010 года. Слуцкая прыдумляла, планавала і ажыццяўляла працу кампаніі са СМІ, таксама займалася медыйным кансультаваннем каманды Някляева. Пасля падзей 19 снежня 2010 года, калі кіраўніцтва «Гавары праўду» апынулася ў СІЗА КДБ, а ў рэдакцыі «Еўрарадыё» адбыўся ператрус і была канфіскавана ўся тэхніка, Слуцкая была вымушана з’ехаць у Варшаву.

У студзені 2011 года ў Варшаве Слуцкая стварыла Інфармацыйнае бюро салідарнасці з Беларуссю. Мэтаю бюро стала стварэнне інфармацыі, аналітыкі і PR для дапамогі беларускай супольнасці ў прасоўванні сваіх думак і рашэнняў да Захаду. Была арганізавана каманда палітыкаў, якія прадстаўлялі штабы розных кандыдатаў у прэзідэнты, але засталіся на волі. Яны ўдзельнічалі ў паездках па еўрапейскіх сталіцах напярэдадні пасяджэння Еўрапарламенту па беларускім пытанні 12 студзеня і пасяджэння Еўрапейскага савета 31 студзеня 2011 года. Палітыкі і грамадскія дзеячы наведалі Польшчу, Літву, Чэхію, Германію, Данію, Нідэрланды і Швецыю. Адбыліся сустрэчы на высокім узроўні, былі праведзены прэс-канферэнцыі, паказаны фільм пра Плошчу 2010 і арганізавана фотавыстава.

Падчас працы кіраўніцай Інфармацыйнага бюро салідарнасці Слуцкая пазнаёмілася з досведам прэс-клубаў — пляцовак, якія аб’ядноўваюць журналістаў, даюць для іх магчымасці адукацыі і нэтворкінг. З гэтай ідэяй яна вярнулася ў Мінск. У канцы 2015 года запрацаваў «Press Club Belarus». У ім з лекцыямі і трэнінгамі выступілі вядомыя журналісты, аналітыкі, даследчыкі медыя. «Press Club Belarus» запусціў праекты MediaIQ дзеля фіксавання выканання беларускімі СМІ журналісцкіх стандартаў, і LaunchME як акселератар для тэхналагічных стартапаў у медыяіндустрыі. У 2020 годзе пачала працаваць акадэмія прэс-клуба — нефармальная адукацыйная пляцоўка, дзе журналісты і медыяменеджэры маглі атрымаць новыя веды і кампетэнцыі.

Палітычны пераслед 22 снежня 2020 года Слуцкая вярталася ў Беларусь з-за мяжы разам з дачкой і ўнукамі. У Нацыянальным аэрапорце Мінск яе затрымалі і адвезлі на допыт у Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК. Пасля допыту Слуцкая была змешчана ў СІЗА № 1 Мінску.

31 снежня ёй было выстаўлена абвінавачванне ў нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу). Разам з ёй былі затрыманы і супрацоўнікі «Press Club Belarus» Пётр Слуцкі, Ала Шарко і Сяргей Альшэўскі, а таксама Ксенія Луцкіна — экс-журналістка Белтелерадыёкампаніі. Іх абвінавацілі ў саўдзеле ў злачынстве. Па словах следчага, справа аб нясплаце падаткаў датычылася праекта грамадскага тэлебачання, якое быццам бы хацелі стварыць былыя журналісты дзяржаўных медыя. Слуцкая была ўпэўнена, што прычынай арышту і крымінальнай справы стала яе прафесійная дзейнасць. Яна не прызнавала віну, а, па стане на 22 студзеня 2021 года, следчыя дзеянні праводзіліся толькі адзін раз. Таксама не былі прадстаўлены дакументы, згодна з якімі Слуцкая павінна была сплаціць падаткі.

6 студзеня 2021 года сваякі арыштаваных супрацоўнікаў «Press Club Belarus» перавялі на рахунак Следчага камітэта 109769 BYN. Па версіі следства, менавіта столькі падаткаў «Прэс-клуб» не сплаціў у дзяржаўны бюджэт.

13 студзеня 2021 года сумеснай заявай адзінаццаці арганізацый (Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, Прававая ініцыятыва ды інш.) Слуцкая разам з іншымі арыштаванымі па справе прэс-клуба была прызнана палітычнай зняволенай. 4 лютага 2021 года шэфства над Слуцкай узяла Марціна Мунц, дэпутатка Нацыянальнага Савета Федэральнага Сходу Швейцарыі.

19 жніўня 2021 года Слуцкая і супрацоўнікі «Прэс-клубу» выйшлі на волю да суду паводле памілаванняfacebook.com/pressclubbelarus. Для гэтага ім давялося прызнаць віну, сплаціць 200000 BYN і падпісаць прашэнне на імя Аляксандра Лукашэнкі. Палову сумы сплацілі яе родныя, прадаўшы нерухомасць, другая часта была сплачаная з рахунку «Press Club Belarus».

Ацэнкі Журналіст і медыяменеджэр Зміцер Малішэўскі:Мы не перараблялі расійскую «Камсамолку» пад сябе. У маскоўскім офісе заўсёды лічылі, што беларуская каманда — адна з самых крутых, якая, па-першае, прыносіла прыбытак, па-другое, рабіла вельмі якасны прадукт. У Маскве здзіўляліся, чаму беларуская каманда не пераязджае ў Маскву ці Піцер. Але ў нас была свая палітыка… Мы заўсёды стаялі на беларускім баку. Не проста не дазвалялі дыктаваць сабе прарасійскую пазіцыю — Юлія рабіла так, каб гэтых размоваў нават не было. У гэтым сэнсе мы былі максімальна незалежнымі. Журналістка Надзея Белахвосцік:Рэпутацыя Юліі ў журналісцкай супольнасці бездакорная. І яна неверагодная ў камунікацыі. Шмат у чым поспех яе праектаў абумоўлены яе харызмай і чароўнасцю. Я ніколі не бачыла, каб яна крычала. Заўсёды бываюць складаныя моманты, але Юлія не вырашае іх з дапамогай злосці альбо агрэсіі. Мы знаёмыя больш за 20 гадоў. І ўсе гэтыя гады я бачу, што гэта чалавек, які можа адраджацца і пачынаць усё з нуля… У ёй проста неверагодная колькасць энергіі.

Узнагароды 7 верасня 2021 года стала лаўрэаткай прэміі «».

Крыніцы

Спасылкі Старонка Юліі Слуцкай на сайце Праваабарончага цэнтра «Вясна»

Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Асобы, прызнаныя палітычнымі зняволенымі праваабарончым цэнтрам «Вясна»