«Белару́сь» ( — «Беларусь. Абшар, жыхары, гісторыя, народная гаспадарка, культура, паэзія з 93 ілюстрацыямі і картай») — першая нямецкамоўная кніга, цалкам прысвечаная Беларусі.
Перадумовы Прагрэсіўны нямецкі журналіст Вальтэр Егер у час Першай сусветнай вайны знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі (падчас службы ў Вільні ў шэрагах 10-й арміі), дзе зацікавіўся жыццём і культурай беларускага народа. Гэтая цікавасць знайшла выяўленне ў шматлікіх матэрыялах — артыкулах, карэспандэнцыях, нарысах, якія друкаваліся на старонках нямецкага перыядычнага друку. В. Егер ведаў, што ў Германіі існуюць далёкія ад рэальнасці, скажоныя ўяўленні пра беларусаў як пра цёмны, адсталы і пакорлівы народ, у якога вышэйшае праяўленне культуры — толькі вусная народная творчасць. Каб развеяць гэтыя беспадстаўныя ўяўленні, Егер вырашыў пазнаёміць сваіх суайчыннікаў з Беларуссю, яе сціплым і працавітым народам, які меў даўнюю і багатую гісторыю, шматвяковую культуру, але неспрыяльнымі гістарычнымі ўмовамі доўга быў адціснуты ад паступальнага развіцця, прыйшоў у заняпад і толькі ў апошні час у выніку вялікіх гістарычных зрухаў абудзіўся да актыўнага палітычнага і культурнага жыцця.
Да ідэі стварэння асобнай кнігі спрычынілася таксама і Дыпламатычная місія БНР у Берліне, якая вясной 1919 года інтэнсіўна шукала шляхі для правядзення інфармацыйнай кампаніі напярэдадні Парыжскай мірнай канферэнцыі. Беларускія дыпламаты на чале з Лявонам Зайцам звярнуліся да В. Егера як да чалавека, знаёмага з беларускімі рэаліямі, з прапановай стаць укладальнікам і рэдактарам інфармацыйнага выдання.
Напісанне і змест У напісанні кнігі сустрэліся шматлікія цяжкасці як навуковага, так і практычнага характару. Вось што з гэтай нагоды пісаў сам Егер у прадмове да кнігі: «Пісьмовыя крыніцы пра Беларусь у Германіі вельмі бедныя. Абагульняючых прац пра гэты край і яго культуру на нямецкай мове наогул не існуе. 3 вялікай цяжкасцю давялося збіраць матэрыялы са шматтомных прац па Расіі, з часопісаў і газет. І ўсё ж ураджай атрымаўся небагаты».
Паколькі выдатныя беларускія спецыялісты былі адрэзаныя ад Берліна, Егеру прыйшлося рабіць кампіляцыю. 3 дапамогай прафесара Р. Абіхта, дактароў А. Іпеля і В. фон Дзітмана яму ўдалося скласці і выдаць задуманую кнігу, якая доўгі час была адным з найбольш поўных нямецкіх выданняў пра Беларусь. Матэрыяламі для яе паслужылі, галоўным чынам, працы рускіх і польскіх вучоных, прычым Егер асабіста кампіляваў раздзелы пра тэрыторыю і насельніцтва паводле прац нямецкага географа Фрыца Куршмана і старых расійскіх энцыклапедый.
Храналагічна кніга ахоплівае гістарычнае развіццё Беларусі ад часоў Старажытнай Русі да 1918 года. Складаецца яна з васьмі раздзелаў — «Край», «Насельніцтва», «Гісторыя», «Народная гаспадарка», «Духоўная культура», «Аб беларускім мастацтве», «3 беларускай літаратуры», «3 беларускай вуснай народнай творчасці», якія, на думку аўтара, павінныя былі ахапіць найбольш характэрныя сферы мінулага і сучаснага жыцця беларусаў. Кніга ілюстраваная 93 малюнкамі, да яе прыкладзеная карта БНР.
Часткі пра гісторыю Беларусі былі напісаныя саветнікам дыпламатычнай місіі БНР у Берліне, былым гродзенскім адвакатам Валянцінам фон Дзітманам. Як паказвае тэксталагічны аналіз, ён абапіраўся на брашуру Мітрафана Доўнар-Запольскага і «Кароткую гісторыю Беларусі» Вацлава Ластоўскага. Раздзел па эканоміцы («Народная гаспадарка») напісаў сакратар Рады БНР Пётра Крачэўскі, які зрабіў асноўны ўпор на аграрны сектар і падкрэсліў тое, што калектыўная абшчына не прыжылася ў беларусаў, набліжаючы іх да заходнееўрапейскай культуры.
Раздзелы «Духоўная культура», «З беларускай літаратуры» і «З беларускай вуснай народнай творчасці» падабраў і пераклаў прафесар Рудольф Абіхт. Беларуская літаратура ахарактарызавана тут агульна. Першыя звесткі пра яе звязваюцца з імем беларускага асветніка і першадрукара Ф. Скарыны. Затым гаворка ідзе пра Рэфармацыю, разглядаецца паэма «Тарас на Парнасе». Называюцца прозвішчы прадстаўнікоў новай беларускай літаратуры Я. Баршчэўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, Я. Купалы і Я. Коласа. Апошнія два прадстаўленыя як найбольш значныя носьбіты духоўнай культуры сваёй нацыі. Нямецкі вучоны імкнуўся паказаць мастацкую творчасць беларускага народа ў лепшых яе празаічных і вершаваных праявах: у раздзел уключаны апавяданні, легенда, вершы (у тым ліку Я. Купалы), народныя казкі і песні (нават з нотамі, перакладзенымі на нямецкую мову).
Раздзел «Аб беларускім мастацтве» напісаны мастацтвазнаўцам Альбертам Іпелем, які яшчэ ў 1918 годзе выдаў кнігу пра мастацтва Вільні і Мінска. Здымкі сярэдневяковага жывапісу і разьбы па дрэву добра дапаўнялі яго працу.
У кнізе таксама змешчаная каляровая карта БНР, якая была аддрукавана асобна ў літаграфіі Вільгельма Гартмана. Гэтая карта з'яўлялася важным палітычным дакументам, што дэманстраваў тэрытарыяльныя прэтэнзіі маладой рэспублікі.
Выданне і тэхнічныя хібы Кніга друкавалася ў Берліне ў славянскай друкарні Юзафа Галеўскага на сродкі, атрыманыя беларусамі з крэдыту ўкраінскай Дырэкторыі. Каб забяспечыць выданню камерцыйны поспех і рэспектабельнасць, місія дамовілася з акадэмічным выдавецтвам Карла Курцыуса (Karl Curtius), якое пагадзілася паставіць свой грыф на кнізе ў абмен на рэалізацыю 200 з 1000 надрукаваных асобнікаў. Пярэдняя старонка вокладкі імітавала бел-чырвона-белы сцяг, а на адвароце быў змешчаны дзяржаўны герб «Пагоня». Кніга пабачыла свет восенню (імаверна, у кастрычніку) 1919 года.
З-за моцнай спешкі і таго, што В. Егер не меў досведу ў выданні падобных манаграфій, кніга выйшла з вялікай колькасцю тэхнічных памылак. Фотаздымкі часцяком не адпавядалі подпісам (напрыклад, фотаздымак старавераў з Дзвінска быў падпісаны як «сялянская сям'я са Смаленска»). Віньеткі, запазычаныя з «Палеаграфіі» Я. Карскага, у некаторых месцах былі ўстаўлены дагары нагамі, прычым не ўсе з іх мелі дачыненне да Беларусі. Акрамя таго, у некаторых збракаваных асобніках не хапала цэлых друкаваных блокаў старонак.
Рэакцыя Выдадзеная ў час бурных рэвалюцыйных падзей у Германіі кніга В. Егера «Беларусь» не была заўважаная нямецкай грамадскасцю, занятай вырашэннем вострых унутраных праблем. У Беларусі ж на гэта выданне з’явілася некалькі водгукаў. Першым з іх было паведамленне беларускага мовазнаўцы і літаратуразнаўцы М. Байкова, надрукаванае ў 1921 годзе ў часопісе «Школа и культура Советской Белоруссии» (№ 1—2) пад назвай «Кніга аб Беларусі на нямецкай мове». Асаблівая ўвага ў паведамленні звярталася на артыкул А. Іпеля «Аб беларускім мастацтве», а таксама на матэрыялы прафесара Абіхта.
Другім водгукам была вялікая рэцэнзія М. Байкова, апублікаваная ў 1921 годзе ў часопісе «Вольны сцяг» пад той жа назвай. Кніга В. Егера разглядалася тут больш шырока і падрабязна: вялася гаворка пра гісторыю яе ўзнікнення, пра змест і структуру. Усяму выданню давалася такая ацэнка: «Чаго-небудзь новага дзеля беларускага чытача, асабліва таго, каму вядомы творы прафесара, акадэміка Я. Карскага, Шэйна, Раманава і інш., зборнік не прадстаўляе, аднак трэба аддаць справядлівасць немцам, яны старанна сабралі тое, што з'яўляецца найбольш прыкметным у розных галінах жыцця беларускага народа». Працу станоўча ацаніў і гісторык Уладзімір Пічэта.
Значна пазней, у 1925 годзе, да кнігі В. Егера звярнуўся вядомы беларускі вучоны Я. Карскі. У артыкуле «Беларуская філалогія за апошнія дзесяць гадоў», змешчаным у часопісе «», ён рэзка раскрытыкаваў яе і пісаў: «Гэта кампілятыўная, спехам складзеная пасля 1917 года праца, без каментарыяў. Віньеткі, узятыя з маёй «Палеаграфіі», у некаторых месцах надрукаваны наадварот. Яны ў большасці сваёй не беларускія. Адсутнічае ў гэтай кнізе размежаванне паміж агульнаславянскім, рускім і беларускім».
Нягледзячы на наяўныя хібы, выданне засталося важным гістарычным помнікам намаганняў беларускай дыпламатыі і першай спробай сістэматызавана паказаць Беларусь еўрапейскаму чытачу.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі Weissruthenien: Land, Bowohner, Geschichte, Volkswirtschaft, Kultur, Dichtung - Walter Jäger - Google Books
Катэгорыя:Кнігі, выдадзеныя выдавецтвамі Германскай імперыі Катэгорыя:Беларуска-нямецкія адносіны Катэгорыя:Кнігі 1919 года Катэгорыя:Беларусазнаўства