Браслаўска-Дзісенскае паўстанне — антыкамуністычнае паўстанне, якое выбухнула ў Браслаўскім і Дзісненскім паветах, з-за злоўжыванняў тутэйшых бальшавіцкіх уладаў.
Прычыны У Дзісненскім павеце, як і Браслаўскім вялікае свавольніцтва меў мясцовы Вайсковы аддзел. Фактычна Вайсковыя аддзелы панавалі над астатнімі і прымушалі выконваць захады дзеля задавальнення сваіх мэтаў не зважаючы на настроі і патрэбы мясцовага насельніцтва. Напачатку чэрвеня бальшавікі абвесьцілі мабілізацыю усіх мужчын ва ўзросьце ад 16 да 43 год. А яшчэ ў траўні бальшавікі забілі праваслаўнага святара Канстанціна Жданава з Шаркоўшчыны, які карыстаўся аўтарытэтам сярод мясцовых жыхароў.
У выніку стаўленне насельніцтва змянялася хутка і негатыўна для савецкай улады. Сваім галоўным ворагам сялянства пачало лічыць камуністаў. Але ў той жа час сялянства выказвалася пра тое, што бальшавікі гэта ахоўнікі сялянства, якія нічога благога для сялянства не робяць. Асаблівую незадаволенасць сялянства двух паветаў выказвала наконт палітыкі ваеннага камунізму і харчразвёрсткі. Таксама адзначаліся моцныя антысеміцкія настроі і агітацыйная праца з насельніцтвам з боку прадстаўнікоў партыі левых сацыялістаў-рэвалюцыянераў.
Асноўнымі прычынамі, як сведчаць дакументы Савета Абароны Літвы і Беларусі, была незадаволенасць сялянствам тымі захадамі, якія прымала савецкая ўлада адносна сялянства, асаблівую незадаволенасць сыходзіла ад харчразвёсткі. Таксама сялянства масава не мела даверу да камуністаў, але цалкам давярала бальшавікам.
Хада паўстання Паўстанне распачалося 14 чэрвеня 1919 года ў вёсцы Германовічах Дзісненскага павета. У той жа дзень у мястэчку Іказні быў парафіяльны фэст Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. На ім ксёндз Міхал Буклярэвіч звярнуўся да тысячаў людзей, што прыйшлі на фэст, заклікаў іх браць зброю. Мясцовыя маладзёны адразу раззброілі прысутных там бальшавіцкіх вайскоўцаў.
Вялікі ўплыў сярод паўстанцаў мелі беларускія эсэры. Паўстанцы спрабавалі прарвацца да Польшчы ды пашырыць паўстанцкі рух на Беларусі. Самі гэтыя мэта, далі падставу савецкім органам называць кіраўніцтва паўстання польскімі легіянерамі-белагвардзейцамі, а сялян, якія іх падтрымалі, – зялёнымі, таму ў савецкія дакументы дадзенае паўстанне ўвайшло як Бела-зялёнае. Менавіта такая тэрміналогія як польскія легіянеры тлумачыцца прагненнем паўстаўшых да пераходу на польскі бок.
Паўстанцы ўзялі пад кантроль Іказнь, Слабодку, Мілашова, Мёры, Чэрасы, Ёды, Шаркоўшчыну, Германавічы. Былі арыштаваныя бальшавіцкія дзеячы ў Мёрах, бальшавіцкі камісар быў расстраляны.
Першымі на сустрач руху паўстанцаў у накірунку Глыбокага былі кінутыя Дзвінская, Браслаўская роты і Глыбоцкая конная рота. Дзвінская і Глыбоцкая роты цалкам са зброяй перайшлі на бок паўстанцаў. Першы сур’ёзны бой, які адбыўся 20 чэрвеня не даў якога-небудзь дакладнага выніку. Браслаўская рота, якая ўступіла ў бой 21 чэрвеня супраць атрадаў паўстанцаў была на палову разбітая, а рэшткі Браслаўскай роты перайшлі на бок паўстанцаў.
Дадзеныя падзеі вымусілі бальшавіцкія ўлады сканцэнтраваць супраць паўстаўнцаў значныя сілы. Былі сцягнутыя вайсковыя аддзелы РСЧА з Віцебска, ад аперацыі супраць паўстаўнцаў былі адхіленыя аддзелы РСЧА, якія былі сфармаваныя з мясцовых жыхароў. Аперацыя супраць паўстанцаў распачалася на прыканцы 20-х чэрвеня 1919 г. Паўстанцы былі адкінутыя ад Глыбокага і рассеяныя.
26 чэрвеня бальшавікі ўзялі Іказнь. Ксяндза Міхала Буклярэвіча разам з ягонай сястрой Аліцыяй расстралялі каля Бігосава.
З 27 па 30 чэрвеня адбываліся стыхійныя баі паміж паўстаўнцаў і РСЧА. Пасля гэтых баёў разрозненныя аддзелы паўстанцаў былі цалкам разбітыя. Паводле рапартаў чырвоных камандоўцаў ужо з 1 ліпеня 1919 г. паўстанцкай актыўнасці ні ў Дзісненскім, ні ў Браслаўскім паветах ужо не было.
Суполка паўстанцаў налічвала 3000 асоб за ўвесь час паўстання. Немагчыма дакладна назваць іхнюю колькасць на розных этапах, бо на бок паўстання пераходзілі цэлыя роты чырвонаармейцаў. Першыя сутыкненні паміж паўстанцаў і аддзелаў Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі прынеслі перамогі і папаўненні.
Паўстанне адбывалася пад споклічамі «За саветы без камуністаў», «Смерць камуністам», «Далоў Савет». Пры гэтым паўстанцы ніяк не выказваліся супраць бальшавікоў.
Вынікі Пасля сканчэння актыўных ваенных дзеянняў, на тэрыторыі паветаў агітацыйная дзейнасць з боку беларускіх эсэраў была спыненая. У цэнтры паўстання вёсцы Германовічах былі расквартэраваныя аддзелы РСЧА, якія нягледзячы на здушэнне паўстання, рухалася да лініі савецка-польскага фронту. Былі знятыя з пасад кіраўнікі савецкіх органаў на месцах у Дзісненскім і Браслаўскім паветах. Адзінай станоўчай зменай з паўстаннем была змена кіроўных асоб у паветах, але палітыка ваеннага камунізму і харчразвёрстак не спынілася.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Паўстанні ў Беларусі Катэгорыя:Гісторыя Браслава Катэгорыя:Гісторыя Дзісны Катэгорыя:Канфлікты 1919 года Катэгорыя:Беларускі антысавецкі супраціў Катэгорыя:1919 год у Беларусі Катэгорыя:Чэрвень 1919 года