Дубічэй (), традыцыйная беларуская назва Дубічы — вёска ў Варэнскім раёне Літвы, за 6 км на паўночны ўсход ад Ракая, за 24 км на паўднёвы ўсход ад Варэны, за некалькі кіламетраў ад дзяржаўнай мяжы з Беларуссю. Цэнтр сянюніі. Дубічэй знаходзіцца ў самых вярхоўях Улы, якая тут завецца Пелясай і цячэ да Крокшліса. Праз вёску праходзіць дарога Відэняй — Дубічэй — Ракай.
Гісторыя На паўднёвым ускрайку вёскі знаходзіцца гарадзішча (заселенае з каменнага веку), якое згадваецца ордэнскімі Die Littauischen Wegeberichte (2-я палова XIV ст.) у 84-м і 85-м маршрутах як горад і замак Dubitz або DobiczczeНасевіч В. Літва ў XIV стагоддзі // Беларуская даўніна. Гістарычны альманах / Пад агульнай рэд. Ю. М. Мікульскага. — Вып. 3. — Мінск: Выд. А. М. Вараксін, 2016. — С. 5-45.. Да канца XIV — пачатку XV ст. напэўна ўваходзіла ў склад Скалвенскага староства з цэнтрам ў Скалеве, а потым у Радуні. У канцы XIV — пачатку XV ст. напэўна фундацыяй вялікага князя Вітаўта ў Дубічах пабудаваны першы касцёл, цэнтр парафіі. Вялікі князь Вітаўт абраў Дубіцкі замак сваёй паляўнічай рэзідэнцыяй і часта бываў тут, вядома некалькі яго лістоў адрасаваных з Дубічаў, ад 28.3.1397, 29.3.1413, 6.3.1415, 26.2.1426, 17.3.1427, 15.3.1430 годаПаводле Codex epistolaris Vitoldi. — Krakow, 1882.. У Дубічы, хворай вітаўтавай жонцы вялікай княгіні Юліяніі, дасылаў лекі і цукар вялікі магістр Тэўтонскага ордэнаШымялевіч, 2019, с. 73..
У 1487—1489 гады ў Кнізе данін вялікага князя Казіміра згадваецца ўжо Дубіцкае староства («Дубичское волости», «у Дубичох»). Пазней цэнтр староства з Дубічаў перанесены ў Каняву, бо ў попісах войска XVI ст. каняўскія баяры запісваліся ў асобны рэестр (харугву), а дубіцкага рэестра не было. Пры гэтым Дубічы і Канява даваліся ў кіраванне адной асобе, так цівуном дубіцкім і каняўскім у 1495 і 1511 гадах быў Мікалай Юндзілавіч, ён жа за 6000 коп грошаў стаў дзяржаўцам дубіцкім і каняўскім.
У 1504 годзе ўладанні ў Дубіцкай воласці набыў князь Васіль Глінскі. У 1512 годзе ў Дубічах згадваецца гаспадарскі «двор» — цэнтр Дубіцкай воласці. У 1529 годзе цэнтр парафіі з Дубічаў перанесены ў Начу, дубіцкі касцёл стаў філіяльным, у 1540 годзе каралева Бона перанесла цэнтр парафіі ў Радунь. Паводле ўхвалы сойма 1529 года Дубічы разам з Канявай мусілі плаціць 5 коп грошай серабшчыны. Дубіцкаму касцёлу належала вёска Манталы з падданымі. У XVI ст. ў Дубічах згадваецца дзве карчмы.
Да 1520 года дзяржаўцам дубіцкім і каняўскім быў брат Мікалая Юндзілавіча — Ян. У 1520 годзе дзяржаву ў Яна Юндзілавіча выкупіў Андрэй Якубавіч Давойнавіч, адначасова дзяржаўца эйшышцкі. На пачатку 1530-х гадоў дзяржаўцам дубіцкім і каняўскім быў Анікей Гарнастай, у 1546—1549 — Станіслаў Кезгайла, у 1551 — Шымка Мацкавіч, у 1565 — Рыгор ВаловічBoniecki A. Poczet rodów w Wielkim Księstwie Litewskim w XV i XVI wieku. — Warszawa, 1887. — S. 87, 112, 347, 383. Dodatek, s. XXVIII, XXX..
Падчас вайны 1654—1667 гадоў, у 1655—1661 гадах Дубічы акупаваны маскоўскімі войскамі і зруйнаваны. З касцельнага інвентара 1700 года вядома старая драўляная цудадзейная скульптура Ісуса Назарэцкага. У 1765 годзе мястэчка Дубічы з воласцю належала кашталяну мсціслаўскаму Юзафу Скуміну Тышкевічу і яго жонцы Ганне з Пацеяў, тады ў мястэчку было 12 двароў і карчма ў арэндзеІнвентар Дубіцкага староства // Лідчына ў люстратарскім інвентары 1765 г. (паводле Lustracja starostw, dzierzaw i innych Królewszczyzn w powiecie Lidzkim sytuowanych w r. 1764. AGAD Ф. 11. Спр. 30) / Укл. Л. Лаўрэш. — Эл. рэсурс pawet.net — Дата доступу 17.6.2021.
У 1842 годзе расійскія ўлады секулярызавалі касцельны маёнтак Манталы. Падчас паўстання 1863—1864 гадоў каля Дубічаў 4 мая 1863 года адбыўся бой паміж паўстанцаў на чале з Людвікам Нарбутам (сынам гісторыка Тэадора Нарбута) і атрадам імператарскай арміі, у баі загінуў камандзір і 12 паўстанцаў. Пасля паўстання царскія ўлады закрылі і знеслі касцёл, начынне з яго, у тым ліку скульптуру Ісуса, перанеслі ў Начу.
У 1908 годзе ў Дубічах пабудаваны новы касцёл, тады паміж дубіцкімі і нацкімі парафіянамі пачалася спрэчка за скульптуру Ісуса са старога касцёла, спрэчка трывала некалькі гадоў і скончылася вырабам копіі і выцягваннем жэрабя, цяпер не вядома якая парафія выцягнула арыгінал.
У 1920 годзе тэрыторыя занята Польшчай. Паводле польскага перапісу 1921 года, у Дубічах жыло 330 чалавек, з якіх 296 запісаліся літоўцамі, 31 палякамі і 3 яўрэямі. У 1920—1930 гадах у Каняўскім павеце, у 1930—1939 гадах у Варэнскім павеце. З 15.1.1940 да 3.8.1940 года ў Радунскім раёне БССР. З 17.2.1941 года ў Руднянскім павеце Літвы.
Падчас 2-й сусветнай вайны ў 1943 годзе немцы спалілі частку вёскі. У савецкі час цэнтр калгаса.
Базавая школа, бібліятэка, пошта (LT-65015).
Указам Прэзідэнта ад 16.7.2015 года № 1К-397 зацверджаны герб Дубічэй. 9.12.2005 года зарэгістравана грамада Дубічэйскага края.
Адміністрацыйнае падпарадкаванне 2-я палова XIV ст. — Дубіцкая воласць, Скалвенскае староства, ВКЛ з пачатку XVI ст. — Каняўска-Дубіцкая воласць, Скалвенскае староства, ВКЛ 1566—1793 — Каняўская-Дубіцкая воласць, Лідскага павета, ВКЛ 1793—1917 — Каняўская воласць, Лідскі павет, Расійская імперыя 1920—1926 — Каняўская воласць, Навагрудскае ваяводства, Польшча 1926—1930 — Каняўская воласць, Віленскае ваяводства, Польшча 1930—1940 — Варэнская воласць, Віленскае ваяводства, Польшча 1940 — Радунскі раён, Баранавіцкая вобласць, БССР 1940—1941 — Алітускі раён, Літва 1941—1950 — Рудняскі раён, ЛітССР 1950—1977 — Дубічэйская акруга, Варэнскі раён, ЛітССР 1977—1995 — Каняўская акруга, Варэнскі раён, ЛітССР-Літва з 1995 — Каняўская сянюнія, Варэнскі раён, Літва
Насельніцтва
Выдатныя мясціны
Магіла паўстанцаў 1863—1864 гадоў і Людвіка Нарбута, помнік пастаўлены ў 1933 годзе, у 1988 годзе створаны парк драўляных скульптур. Касцёл Сэрца Ісуса (1908)
Галерэя
Літаратура
Dubičiai // Mūsų Lietuva, T. 1. — Bostonas: Lietuvių enciklopedijos leidykla, 1964. — 300 psl. Інвентар Дубіцкага староства // Лідчына ў люстратарскім інвентары 1765 г. (паводле Lustracja starostw, dzierzaw i innych Królewszczyzn w powiecie Lidzkim sytuowanych w r. 1764. AGAD Ф. 11. Спр. 30) / Укл. Л. Лаўрэш. — Эл. рэсурс pawet.net — Дата доступу 17.6.2021 Лаўрэш Л. Гісторыя з пахаваннем паўстанцаў аддзела Людвіка Нарбута // Наша слова № 22 (1433), 29.5.2019. Шымялевіч М. Збор твораў / Укл. Л. Лаўрэш. — Гродна: ТАА «ЮрСаПрынт», 2019. — 326 с. — ISBN 978-985-7134-68-7
Катэгорыя:Населеныя пункты Варэнскага раёна