Культура Чаві́н () — старажытная археалагічная культура на захадзе Паўднёвай Амерыкі, што існавала ў 1200 г. да н. э. — 250 г. да н. э. Яе цэнтрам з'яўляўся паўночна-цэнтральны рэгіён Перуанскіх Андаў.

Прадстаўнікі культуры Чавін займаліся жывёлагадоўляй, земляробствам, мелі ірыгацыйныя збудаванні, выраблялі кераміку і былі знаёмы з першаснай металургіяй (здабывалі і апрацоўвалі золата).

Помнік культуры Чавін-дэ-Уантар быў у 1985 г. унесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Гісторыя Чавін-дэ-Уантар, галоўны цэнтр культуры Чавін, ад якога яна атрымала сваю назву, быў вядомы еўрапейцам з XVI ст. У канцы XIX ст. яго даследавалі італьянскія і нямецкія вучоныя. Аднак найбольш важнымі сталі раскопкі, арганізаваныя перуанскім антраполагам Хуліа Сесарам Тэльё ў 1919 г. Менавіта дзякуючы яму ўзнікла вызначэнне культуры Чавін. Х. С. Тэльё лічыў, што яна была пачаткам андскіх культур. Знаходкі ў Чавін-дэ-Уантар дазволілі яму выступіць супраць папулярнай у той час гіпотэзы пра тое, што заснавальнікамі цывілізацыі ў Андах былі выхадцы з Месаамерыкі. Х. С. Тэльё сцвярджаў, што культура Чавін была створана тубыльцамі, якія перасяліліся ў Анды з Амазоніі.

У другой палове XX ст. вывучэннем культуры Чавін займаліся іншыя археолагі, у тым ліку міжнародныя групы. У канцы XX ст. стала вядома культура Нортэ-Чыка, больш старажытная, чым Чавін. Раскопкі Уака-Прыета паказалі, што сельская гаспадарка ўзнікла на ціхаакіянскім узбярэжжы значна раней, чым у горнай вобласці, дзе знаходзіцца Чавін-дэ-Уантар. Гіпотэза Х. С. Тэльё аб перасяленні з Амазоніі састарэла. Тым не меней, вывучэнне культуры Чавін застаецца важным як для перуанскай, так і міжнароднай археалогіі.

Развіццё культуры Як паказалі археалагічныя даследаванні помніка Чавін-дэ-Уантар, які з'яўляўся сакральным цэнтрам культуры, будаўніцтва манументальнага храмавага комплесу адбывалася ў ім паміж 1200 г. да н. э. і 750 г. да н. э. Яно патрабавала значных рэсурсаў, якія з'явіліся дзякуючы дасягненням у развіцці гаспадаркі носьбітаў культуры. Горная даліна Чавін, што ўтварылася на месцы зліцця двух рэк, апынулася ідэальным месцам для развіцця ірыгацыйнага земляробства. Яе насельнікі вырошчвалі кукурузу, фасолю, арахіс, бавоўнік і клубневыя культуры.

Лішкі расліннага харчу абменьвалі на малюскаў і рыбу з ціхаакіянскага ўзбярэжжа. Паляванне ў Андах забяспечвала іх мясам аленяў. Бліжэй да сярэдзіны 1 тысячагоддзя да н. э. чавінцы асвоілі адгонную жывёлагадоўлю, пачалі трымаць лам. У гэты перыяд насельніцтва даліны хутка ўзрастала, а створаныя ў Чавін-дэ-Уантар артэфакты распаўсюджваліся на значных тэрыторыях на ўсход ад галоўнага Андскага хрыбта.

Сярод значных дасягненняў чавінцаў стала здабыча і апрацоўка золата. Яно выкарыстоўвалася пераважна для ўпрыгожванняў. Чавінскія ювеліры рабілі гравіроўку і пайку метала. Для развіцця керамікі ў раннюю эпоху былі характэрны шарападобныя абрысы з пляскатым нізам, у перыяд росквіту з'явіліся тонкія гарлавіны. Чавінцы займаліся ткацтвам, выраблялі афарбаваныя тканіны з намаляваным на іх арнаментам або рэлігійнымі сюжэтамі.

Вызначальным элементам манументальнай архітэктуры з'яўляецца U-падобная форма будынкаў. Захаваліся пераважна каменныя пабудовы ў выглядзе ўсечанай піраміды, колападобных валоў з прытопленымі фундаментамі. Таксама былі знойдзены падземныя сакральныя пабудовы ў выглядзе лабірынта. Вывучэнне будынкаў Чавін-дэ-Уантар выявіла, што іх узвядзенне патрабавала дасканалага праектавання, ведаў матэматыкі і акустыкі. Знутры храмы ўпрыгожваліся скульптурнымі кампазіцыямі, барэльефамі і стэламі.

Даследчыкі лічаць, што грамадства культуры Чавін было сацыяльна распластаваным. Вылучаўся пласт жрацоў, якія трымалі ў сваіх руках уладу. Манументальныя пабудовы Чавін-дэ-Уантар павінны былі аказваць вялікае ўражанне на простых абшчыннікаў, ахвяраваць шматлікім багам жывёлу, працаваць на храмы і такім чынам падтрымліваць высокі сацыяльны статус жрацоў. Простыя абшчыннікі займалі ўсход даліны, у той час як тыя, хто абслугоўваў жрацоў, будавалі хаціны непадалёк ад храмаў.

Росквіт Чавін-дэ-Уантар адбыўся паміж 500 г. да н. э. і 400 г. да н. э. У гэты перыяд, які археолагі часам клічуць «перыядам дароў», насельніцтва значна павялічылася, быў пабудаваны новы храм. Ён з'яўляўся працягам комплекса старога храма і вылучаўся дзякуючы галерэе са 100 каменных галоў, што выступалі з вонкавых сцен. Формы галоў паступова трансфармаваліся ад чалавечых да галоў ягуара. Археолагі мяркуюць, што галерэя адлюстроўвала ўяўленні пад уздзеяннем галюцынагенаў. Аднак у далейшым пачаўся заняпад, што можа быць растлумачаны з'яўленнем канкурэнтных сакральных цэнтраў і распаўсюджваннем прыкмет іншых культур.

Літаратура Chavín: Art, Architecture, and Culture / Ed. by Conklin, William J.Quilter, Jeffrey. - UCLA Cotsen Institute of Archaeology Press, 2008 ISBN 978-1-931745-46-8

Спасылкі

Chavin Civilization Cultura Chavín — Historia Peruana Chavín — Museo Chileno de Arte Precolombino Andes Centrales Julio C. Tello: «Sin más norma que la verdad» Andean and Chavín civilizations

Катэгорыя:Андскія культуры Катэгорыя:Медны век Катэгорыя:Археалогія ў Перу